Re1ikt прысвяціў песню лідару Soundgarden Крысу Корнэлу (відэа)
Беларускі world rock гурт Re1ikt выканаў кампазіцыю памяці культавага амерыканскага спевака Крыса Корнэла, які заўчасна памёр амаль 2 месяцы таму пасля канцэрту Soundgarden у Дэтройце.
Песня “Black Hole Sun” прагучала на выходных падчас выступу Re1ikt на фестывалі “Басовішча” ў Польшчы.
“Смерць Крыса Корнэла была шокам для нас, як і шмат для каго, – мы вельмі чакалі новы альбом гурта, сачылі за навінамі, – распавядае бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. – Рашэнне выканаць песню “Black Hole Sun” узнікла спантанна – так мы аддалі даніну памяці вялікаму музыканту, на творчасці якога раслі. Музыкі жывуць, пакуль людзі слухаюць іх песні, і нам хочацца, каб песні Крыса Корнэла гучалі як мага даўжэй”.
Кампазіцыя “Black Hole Sun” увайшла ў найпапулярнейшы альбом Soundgarden “Superunknown”, які прадаўся накладам большым за 9 мільёнаў асобнікаў. Крыс Корнэл напісаў свой галоўны хіт за 15 хвілін, як ён казаў, не ўкладаючы ў песню асаблівага сэнсу. Між тым, кліп да кампазіцыі, у якім крытыкуецца грамадства спажывання, зрабіўся знакавым, а сам запіс атрымаў прэмію Грэмі.
Пасля распаду Soundgarden Крыс Корнэл пачаў сольную кар’еру, а праз некалькі гадоў з былымі ўдзельнікамі Rage Against The Machine стварыў супергурт Audioslave, які ператварыўся ў адну з найбльш значных альтэрнатыўных камандаў у свеце. У 2010 годзе Soundgarden аднавіўся ў класічным складзе, а пазней выдаў альбом “King Animal”.
“Не сакрэт, што Soundgarden паўплываў на нашу творчасць больш за ўсіх", – падсумоўвае лідар Re1ikt.
Гурт Re1ikt быў заснаваны ў Светлагорску як грандж-калектыў, але з цягам часу змяніў стыль. Зараз у творчасці каманды спалучаюцца элементы арт-рока, прагрэсіва, альтэрнатыўнай і беларускай народнай музыкі. Re1ikt з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод (у тым ліку найлепшы беларускі рок-альбом па версіі Experty.by) у Беларусі i Польшчы, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.
Цяпер музыкі працуюць над шостым студыйным альбомам.
Найлепшыя кампазіцыі з папярэдніх рэлізаў можна будзе пачуць на акустычным канцэрце ў прасторы “Квартирник” (вул. Багдановіча, 7) у Мінску 23 ліпеня.
Паводле прэс-рэлізу