Рэнесанс, Беларусь і Пауль Хофхаймер

Паўль Хофхаймер (1459–1537) — адзін з самых вядомых у Еўропе XVI стагоддзя арганістаў і кампазітараў. Ён адносіўся да нямецкіх арганістаў-“каларыстаў”, музыкаў, што надавалі гучанню сваіх твораў асаблівую афарбоўку коштам разнастайных арнаментальных пасажаў, запазычаных з традыцый італьянскай музыкі.



1_durer_hofhaimer.jpg

Альбрэхт Дзюрэр. Партрэт Пауля Хофхаймера (пачатак XVI ст.)

Прыгадаць імя Хофхаймера дапамагаюць дзве падставы. На Youtube з’явіўся запіс яго Salve Regina, гімна Багародзіцы, які спалучыў у грыгар’янскай традыцыі харавыя часткі з музыкай: праўда, у дадзеным выпадку, як часцей практыкуецца  сёння , гучыць выкананне арганнай часткі. Запіс зроблены Юрасём Габрусем, на выдатным інструменце царквы Ёргрытэ ў Гётэборгу, адным з рэдкіх захаваных арганаў тыпу паўночнага нямецкага барока (http://www.youtube.com/watch?v=MxbPGhyNkZ4).

Малады музыка ў 2012 г. выканаў бакалаўрыят у гэтым шведскім горадзе, стажыраваўся ў Нямеччыне ў Брэмене і Гамбургу, у т.л. граючы на знакамітым бахаўскім аргане царквы св.Якаба. Але Хофхаймер выканаўцу, як і нас, цікавіць яшчэ эпізодам з яго біяграфіі 1515 г., калі ў Вене Габсбургі і Ягелоны заключалі вялікае палітычнае пагадненне, вырашаючы лёс Еўрапейскай будучыні.

Хофхаймер адзін з найстарадаўніх і цікавых у музычным плане кампазітараў, чые творы выконваюцца да нашага часу. Адлюстроўваючы ўзровень яго славы, выявы майстра захаваліся ў выяўленчым мастацтве — партрэтны твор геніяльнага Альбрэхта Дзюрэра і гравюра, на якой музыка паказаны ў вазку, граючы на невялікім перасоўным аргане-пазітыве, мяхі якога раздзімае асістэнт. Так, як адбывалася ў час урачыстасцяў на вольным паветры.

2_hofhaimer_organ.jpg

Невядомы мастак. Пауль Хофхаймер на вазку з арганам-пазітывам. Гравюра пач. XVI ст.

Народжаны ў паўднёвай Нямеччыне ў Радштаце побач з Зальцбургам, Хофхаймер пачаў сваю кар’еру пры двары герцага Сігізмунда Цірольскага ў Інсбруку ў 1478 г. Ён зрабіў настолькі моцнае ўражанне на гаспадара, што праз 2 гады атрымаў пажыццёвы тытул прыдворнага музыкі. Творчы шлях вёў яго затым на саксонскі двор Фрыдрыха Мудрага, у Пасаў, Аўгсбург, але вяршыняй кар’еры сталася служба арганістам у імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі нямецкага народу Максіміліяна І Габсбурга з 1589 г. Надзвычай запатрабаваны музыка рэгулярна прыязжаў на венскі двор з Аўгсбургу, дзе жыў з 1507 г., а пазней Зальцбургу, у якім да самой смерці заставаўся арганістам катэдры.

Звышадораны імправізатар, Хофхаймер мог, не паўтараючы мелодыю, граць гадзінамі. “Здзіўляе не тое, як акіян збірае воды ўсіх рэкаў, як тое, дзе гэты творца чэрпае разнастайнасць тэмаў сваёй музыкі”, — сказаў пра Хофхаймера адзін з даследчыкаў. Таленавіты як музыка, ён рэалізаваўся і на шляху настаўніцтва: амаль усе выбітныя арганісты нямецкай школы часоў барока шліфавалі сваё майстэрства праз вучняў і наступнікаў вялікага імправізатара.

Захаваўся шэраг ягоных арганных п’ес, але паліфанічныя мелодыі Хофхаймера дзякуючы іх вялікай папулярнасці шырока ўвайшлі ў музычную спадчыну Германіі ў пераўвасабленні да 3-4-галосных нямецкіх песняў або твораў для лютні.

4_matejka_1515.jpg

Ян Матэйка (1838–1893). Венскі кангрэс 1515 г.

Між тым, у 1515 г. у Вене вырашаліся лёсы Еўропы. Пасля Аршанскай бітвы 1514 г. і перамогі войск ВКЛ над Масковіяй, імператар Максіміліян І Габсбург сустракаўся з Жыгімонтам Старым Ягайлавічам, каб пераарыентаваць сваю палітыку з саюзу з Масквой і Васілём ІІІ на саюз з Вільняй і Варшавай. Вырашаўся і лёс Прусіі, ад падтрымкі памкненняў да незалежнасці кіраўніка якой Альбрэхта Гагенцолерна ад польска-літоўскіх Ягайлавічаў Максіміліян адмовіўся. І, нарэшце, прысутнасць Уладзіслава ІІ Ягайлавіча, караля Чэхіі і Венгрыі і роднага брата Жыгімонта Старога, прадугледжвала заключэнне стратэгічнай дамовы паміж Ягайлавічамі, уладарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і Габсбургамі, пра ўзаемнае перайманне спадчынных прастолаў у выпадку выгасання дынастый – шляхам міждынастычных шлюбаў.

3_kulmbach_zygmunt_stary.jpg

Ганс Кульмбах. Партрэт Жыгімонта Старога (каля 1511–1518)

Менавіта таму, калі сын Уладзіслава ІІ Людвік ІІ Ягайлавіч (Лайаш ІІ у венгерскай традыцыі), загінуў, не пакінуўшы спадчыннікаў, у крывавай бітве з Асманскім турэцкім войскам пад Мохачам у 1526 г., пазасталая вольнай частка Венгрыі і Чэхія адышлі Габсбургам – аж на 392 гады. Гістарычны момант сустрэчы трох манархаў (а перамовы цягнуліся з 15 па 26 ліпеня 1515 г.) на вольнам паветры адлюстраваў у 19 стагоддзі вялікі жывапісец польскай гісторыі Ян Матэйка. Але засталася і “дыпламатычная” гравюра самога Альбрэхта Дзюрэра 1515 г., дзе паказаны і 3 дарослыя каралі, і юнакі Людовік ІІ з унучкай імператара Максіміліяна Марыяй. Шлюб апошніх у 1522 г., паводле прынятых у Вене рашэнняў, злучыў частку спадчыны Ягайлавічаў з Габсбургамі.

5_durer_vena_1515.jpg

Альбрэхт Дзюрэр. Максімільян І з унучкай Марыяй, Уладзіслаў ІІ з дзецьмі Людвікам і Ганнай, і Жыгімонт Стары. Гравюра 1515 г.

Жыгімонт Стары застаўся ў гісторыі як асоба, не абыякавая да прыгожых мастацтваў, чые мецэнацкія памкненні выявіліся яшчэ перад шлюбам з італьянкай Бонай Сфорцай. Праз чэска-венгерскі двор брата Уладзіслава ІІ да Жыгімонта ў Польшчу і Літву траплялі італьянскія скульптары і архітэктары, у тым ліку дойліды знакамітага Вавельскага палаца. Нельга лічыць выпадковым з’яўленне апякунчых грамат, што выдаў Жыгімонт Францішку Скарыне. Вось і ў стаўленні да музыкі тонкая натура польска-літоўскага валадара пакінула свой след. За складанымі паваротамі дыпламатычных перамоваў Максіміліян І разам з Жыгімонтам выставілі дакумент, у якім адзначылі музыку, чыё майстэрства лашчыла іх слых падчас высокай сустрэчы. Так Пауль Хофхаймер зрабіўся рыцарам, шляхціцам, а таксама “Першым Арганістам Імператара”.

Яшчэ раз прыглядаючыся да гравюры, дзе мы бачым Хофхаймера на вазку з арганам-пазітывам, і слухаючы яго музыку, мы можам перанесціся думкамі і ўяўленнямі да лёсавызначальнай венскай сустрэчы імператараў. У той час, калі воля перадапошняга Ягайлавіча, Жыгімонта Старога, звернутая не толькі да палітыкі, але і да мастацтва, закладала асновы рэнесансавай гуманістычнай культуры ў Польшчы, Беларусі і Літве.