Перавыдадзім кнігу Міхася Чарняўскага!

З прапановай перавыдання талакой кнігі “Не бойцеся ахвяраў і пакут!”звярнуўся да грамадства Алесь Мазанік — каардынатар грамадскай акцыі па збору сродкаў на другое выданне кнігі Міхася Чарняўскага.   



carniauskamu.jpg

У 154-старонкавае ілюстраванае навукова-папулярнае выданне, каторае выйшла ў 2006 годзе ў віленскім выдавецтве “Наша будучыня” накладам ў 200 паасобнікаў, увайшлі дакументы і матэрыялы пра дзейнасць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падзем’я ў 1948-1950 гадах і яго кіраўніка, нязломнага змагара супраць таталітарызма за  свабоду і незалежнасць Беларусі Расціслава Лапіцкага (01.09.1928-27.10.1950), забітага сталіністамі.

Апошняй воляй Міхася Чарняўскага якраз і было перавыданне зборніку матэрыялаў і дакументаў пра маладзёвы паваенны супраціў. Навукоўца паспеў завяршыць працу над другім выданнем кнігі, але не дачакаўся яго выхаду. І Алесь Мазанік, да якога ў свой час звярнуўся Чарняўскі з просьбай перавыдаць зборнік, зараз лічыць святой справай выкананне апошняй волі свайго выбітнага земляка. Прычым зрабіць гэтую справу, на думку спадара Алеся, трэба грамадой, дабрачынна.

Мазанік прапануе падпісацца на кнігу і ахвяраваць на яе выданне. У вольны продаж кніга хутччэй за ўсё не трапіць, а будзе распаўсюджвацца толькі на вечарыне памяці спадара Міхася, якая адбудзецца 28 лютага а 18.00 на сталічнай сядзібе Партыі БНФ. Увесь прыбытак ад кнігі спадар Алесь мяркуе перадаць сям’і Міхася Чарняўскага. Мазанік заклікае ўсіх неабыякавых беларусаў падтрымаць гэтую акцыю, далучыцца да яе і разам выканаць апошнюю волю спадара Міхася.


Звязацца з Алесям Мазанікам і загадзя замовіць кнігу можна па мабільным тэлефоне +375 29 757 58 67, а таксама праз электронную пошту ales.mazanik@gmail.com і праз скайп ales_mazanik.
 

Марат Гаравы.