«Восем гісторыяў» Валерыя Кацубы

У Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 11 кастрычніка а 19-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы фатографа Валерыя Кацубы «Восем гісторыяў».

vyst_1.jpg

У мінулым месяцы некалькі прац фотамастака ўжо ўвайшлі ў пастаянную калекцыю адной з найвядомейшых інстытуцый мастацтва – Цэнтр Джоржа Пампіду ў Парыжы, а цяпер абраныя фотасерыі гэтага аўтара можна пабачыць і на яго радзіме.

Валерый Кацуба — фотамастак, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе і Мадрыдзе. Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы пад Мінскам. На сваёй першай выставе на радзіме пакажа найлепшыя працы з васьмі праектаў (2000–2016), якім уласцівая наратыўнасць, і таму іх можна «чытаць» як аповеды ці гісторыі. У выставу ўвойдуць працы, паказаныя раней у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у Рускім музеі Пецярбургу, у Círculo de Bellas Artes у Мадрыдзе і ў Мультымедыйным музеі сучаснага мастацтва ў Маскве.

Мінскі глядач зможа ўбачыць і ацаніць герояў гісторыяў Валерыя Кацубы – лятучых гімнастаў Масквы («Паветраны палёт»), танцораў Марыінскага тэатру, дужаннікаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора («Фізкультура»), студэнтаў ды іхных мадэляў з Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбургу («Праз 100 гадоў») і пабуджаных ранішнім святлом сяброў фотамастака ў Лондане, у Нью-Ёрку, Сант’яга-дэ-Чылі («Ранак») ды, вядома, у Санкт-Пецярбурзе. Пецярбургскія сябры сфатаграфаваныя на загарадных пікніках («Поры года. Мае сябры»). Сярод іх Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Юрый Вінаградаў, Бэла Матвеева, Вольга Табрэлутс, Паліна і Марк дэ Маўні, Яўгеній Сарокін. У выставу ўвойдуць таксама дзве «гісторыі», расказаныя разам з Уладзікам Манро («Усялякая жарсць сляпая і шалёная», «Метамарфозы манарха»), фатаграфіі на матывы народных казак і нешматлікія са знятых у Беларусі («Удалечыні ад дому»).

Адкрыццё выставы адбудзецца 11 кастрычніка ў 19:00. Уваход на адкрыццё выставы вольны.