Серыя інтэрв’ю “Культура паляпшае жыццё” на budzma.org з 22 мая

Кампанія «Будзьма беларусамі!», упэўненая у тым, што «Культура паляпшае жыццё», актыўна працягвае разбураць стэрэатып пра культуру як выключна сферу мастацтваў. Найперш гэта мяркуецца рабіць праз вялікую серыю (40!) інтэрв’ю з  выбітнымі беларусамі, кожны з  якіх праз прызму ўласнай дзейнасці  распавядае пра асаблівасці і  праблемы культуры ў сваёй сферы  дзейнасці. Гэтыя адметныя інтэрв’ю будуць з’яўляцца штосераду на сайце budzma.org.



trubaczowa.jpg

Ганна Трубачова

Навошта гэта трэба? Таму што культура — гэта больш, чым захапленне музыкай і кіно. Пад гэтае вызначэнне трапляе ўся чалавечая дзейнасць у самых розных яе праявах. Як нашы ўчынкі і рэакцыі ўплываюць на культуру цэлага грамадства — разважае Ганна Трубачова, журналіст, аўтар праекта:

«Звычайна кажуць пра культуру, маючы на ўвазе хутчэй мастацтва. «Ах, яны такія культурныя людзі: раз на тыдзень абавязкова ходзяць у тэатр!» Ці дастаткова мець мноства кніг на паліцах або карцін на сценах, каб лічыцца культурным? Зразумела — не. І нават самага начытанага чалавека, які не паважае суразмоўцы ці, ужо прабачце, які не змывае за сабой у грамадскай прыбіральні, нельга назваць культурным.

У якім стане сучасная беларуская культура? Як мы паводзім сябе на дарогах, як камунікуем паміж сабой, як святкуем, шануем сталых і выхоўваем дзяцей, як, у рэшце, дамаўляемся пра сэкс? Як мы арганізуем сваё жыццё? Ці ўмеем мы культурна піць і есці, клапаціцца пра сваё здароўе і адстойваць свае правы? Што мы ведаем пра культуру спажывання і атрымання грошай? Чым напоўненыя нашы сэрцы, галовы, душы і... кватэры? Адукацыя, духоўнасць, адносіны, як і побыт, характарызуюць ўзровень культуры чалавека.

Апошнія паўгода я даследавала  гэтую тэму ў спецыяльным журналісцкім праекце кампаніі «Будзьма беларусамі!». Сустрэлася з чатырма дзясяткамі суразмоўцаў, каб абмеркаваць асаблівасці культуры беларусаў. Былі лёгкія і нават пацешныя тэмы. Былі вельмі жорсткія і праблемныя, і ў нейкі момант мне нават пачало здавацца, што некаторыя недапушчальныя, дзікія рэчы, уласцівыя паводзінам беларусаў — гэта нармальна, што гэта і ёсць наша культура, наша дадзенасць, вынік пэўных гістарычных перадумоў і працы нашага менталітэту. Лаянка на вуліцах, збітыя дзеці і жонкі, пенсіянеры, якія аддаюць апошнія грошы забулдыгам-дзецям, «чарніла» ў падваротні пасля працы, безадказныя і безыніцыятыўныя работнікі, падманы ў гандлі, людзі з стомленымі тварамі, крадзеж на кожным кроку, панурасць мінакоў, «чарка ды скварка» ў галовах — я была амаль перакананая, што гэта і ёсць наша культура. Ну, так, вось такая. Маўляў, што ж зробіш, вось у такім грамадстве жывем. Але раптам я зразумела, гэта не культура, гэта бескультур'е! І ад кожнага з нас паасобку залежыць, у якой атмасферы мы жывем усе разам».

Кожную сераду на сайце кампаніі вас чакае інтэрв'ю праекта: жорсткае, бескампраміснае, праблемнае, але вельмі цікавае. Кожны тыдзень — новы суразмоўца, новая тэма, новая прастора для разважанняў пра асаблівасці культуры беларусаў.

фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч