
Фота Паўла Хадзінскага
Адвэнтам распачынаецца новы Літургічны год — наша традыцыйная пілігрымка па гісторыі збаўлення. Гэты літургічны перыяд запрашае нас засяродзіцца на першым гістарычным прыйсці Езуса ў свет, паразважаць над Яго штодзённым прыйсцем у нашае жыццё праз Божае слова і сакрамэнты, хрысціянскую культуру і справы міласэрнасці, а таксама аб Яго другім прыйсці напрыкацы часоў, каб судзіць жывых і памерлых.
Дух салідарнай малітвы аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у закрытым касцёле святых Сымона і Алены, шырока вядомым як Чырвоны касцёл, таксама павінен спадарожнічаць нам.Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам у Эўхарыстыі, сакрамэнтах і Божым слове, чаго сёння ў Чырвоным касцёле няма. Калі гэтыя сустрэчы адновяцца? Калі ў Эўхарыстыі народзіцца Езус у касцёле, які з’яўлецца сімвалам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі? Калі мы ў ім будзем нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення?

Фота Паўла Хадзінскага
Калі мы хочам учыніць гэты Адвэнт асаблівым часам узмацнення веры, Касцёл заахвочвае нас да разнастайных практык. Давайце ў гэтыя дні ўважліва слухаць голас Бога, чытаючы і разважаючы над Святым Пісаннем. Падчас Адвэнту мы можам прысвяціць больш часу асабістай і супольнай малітве.Хоць перыяд Адвэнту не мае пакаяннага характару, але ў нашым мясцовым Касцёле замацавалася традыцыя браць на сабе ў гэты час пастановы адмаўляцца ад усяго таго, што забірае ў нас сілы і час, адцягваючы ад галоўнага — ад засяроджанасці на Хрысце. Варта зразумець, што наша адвэнтавае чаканне не можа быць пасіўным і характарызавацца абыякавасцю, духоўнай лянотай, згодай на кампраміс са злом. Такое стаўленне сведчыла б пра неразуменне сутнасці Адвэнту.