«Скрыжалі» — кніга паэзіі Тамары Аўсяннікавай
У Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет новая кніга — зборнік выбраных вершаў паэткі, філолага, кіраўніцы Магілёўскага гарадскога літаратурнага клуба «Святліца» Тамары Аўсяннікавай.
Спадарыня Тамара — аўтарка трох паэтычных выданняў і аднаго празаічнага. Пад вокладкай яе новай, чацвёртай па ліку, кнігі «Скрыжалі» змясцілася выбранае, аб’яднанае ў трох раздзелах пад назвамі “Родныя вобразы”, “У квецені вясны”, “Зямное кола”.
Тамара Пятроўна вядомая таксама як літаратуразнаўца, педагог, культурны дзеяч: пад яе кіраўніцтвам у Магілёве працуе літаратурны клуб, які гуртуе і падтрымлівае мясцовых маладых творцаў. Але за грамадскімі клопатамі не забываецца пісьменніца і пра паэзію.
***
Час спыніўся.
Не ўздрыгне лісточак ніводзін…
І галінку не кратае вецер.
У квяцістым сваім карагодзе
Лес застыў урачыста. Вечар.
Час спыніўся.
Спакойна ў душы, наваколлі.
Сэрца светлаю поўніцца радасцю.
Адцвітае прырода паволі:
Без жарствы,
Без трывог
і без зайздрасці.