Сто першы Дзень нараджэння

6 красавіка споўніўся 101 год, бадай, самаму вядомаму беларусу свету, даследчыку, навукоўцу — Барысу Кіту.



f06ae085fe74cd78ad5e89496b197fe1.jpg

6 красавіка споўніўся 101 год, бадай, самаму вядомаму беларусу свету, даследчыку, навукоўцу — Барысу Кіту.
Я патэлефанаваў Барысу Уладзіміравічу, каб павіншаваць з народзінамі. Голас Кіта — бадзёры і жвавы, ніколі не скажаш, што гэтаму чалавеку ўжо 101 (!) год. Летась, напярэдадні стогадовага юбілею, мне пашчасціла пабываць у гасцях у Барыса Уладзіміравіча ў Франкфурце. Яшчэ тады мяне здзівіла і нават уразіла, наколькі светлы розум у гэтага чалавека і якая моцная станоўчая энергетыка ідзе ад гэтага волата! Прайшоў год, і, як мне падалося з тэлефоннай размовы, за гэты час Барыс Кіт зусім не змяніўся.
Той жа вясёлы смех, тыя ж жарты з уласнага ўзросту.
— Уяві сабе, вось сёння я скончыў сто першы год жыцця і пачаў сто другі. У Нямеччыне ўсяго дзесяць тысяч чалавек на восемдзесят мільёнаў, хто пераступіў сто год, гэта адна сотая працэнта! Мяне ўжо з гэтым многа павіншавалі, і нават сам прэзідэнт Германіі. Я па старому стылю нарадзіўся 24 сакавіка, а па новаму стылю — сёння. Так што некалькі разоў віншавалі. Многа гасцей сёння не будзе, але некаторыя самыя блізкія сябры прыйдуць. Мая сям’я з Амерыкі гэтым разам не прыедзе, яны летась прыязджалі на маё стагоддзе, але віншаванні і прывітанні яны мне ўжо даслалі.
Барыс Кіт падзякаваў за вялікае інтэрв’ю з ім, надрукаванае на старонках некалькіх нумароў «Новага часу» ў красавіку 2010 года, якое было прымеркавана да яго стогадовага юбілею (я даслаў яму па пошце нумары газеты).
«Дзякуй, я ўсё атрымаў, інтэрв’ю вельмі добрае атрымалася, «Новы час» — цудоўная газета! — пахваліў Барыс Уладзіміравіч, і гэтая пахвала дарагога каштуе. — Жадаю і табе, і чытачам усяго самага-самага найлепшага і поспехаў ва ўсім! Бывайце здаровыя!»
Здароўя Вам, Барыс Ула­дзіміравіч, бадзёрасці, сіл і доўгіх гадоў жыцця!