Стварыў старую Гародню ў дрэве і раздаў бясплатна

Гарадзенец уласнымі рукамі стварыў больш за тысячу драўляных макетаў, пераважна прысвечаных роднаму гораду — і амаль усе раздаў сябрам і знаёмым, распавядае hrodna.life.

hrodna_01.jpg


Сёння ад некалі велізарнай калекцыі драўляных макетаў у Генадзя Зараховіча засталося толькі некалькі штук. Мініяцюрныя храмы, замкі, палацы і дамы разабралі сябры і знаёмыя. Больш за 1000 розных макетаў зрабіў гродзенец за 30 гадоў, большая частка з іх прысвечана роднаму Гродна. На сваіх працах Генадзь ніколі не зарабляў, хоць і ведаў, што ствараў унікальныя рэчы.
Генадзю 54 гады і ён ужо некалькі гадоў як перастаў працаваць з дрэвам – зараз ён пячнік. Пра тое, што ён калісьці актыўна займаўся драўлянымі макетамі, нагадваюць працы ў вокнах яго кватэры на вуліцы Замкавай.
«Я заўсёды працаваў дома і зараз, калі няма чаго рабіць, магу ўзяцца за які-небудзь макет. І рабіць яго магу доўга, бо спяшацца мне няма куды», – кажа Генадзь.
З дрэвам гродзенец пасябраваў яшчэ ў Зэльвенскім інтэрнаце, калі стаў займацца авіямадэлізмам. Аднойчы замест чарговай мадэлі самалёта ён вырашыў зрабіць макет царквы. З першага разу атрымалася не вельмі ўдала, але гэта стала пачаткам вялікага жыццёвага праекта.
Першыя ўдалыя макеты архітэктуры Генадзь пачаў ствараць у пачатку 1980-х гадоў, а ўжо ў 1985 разам з гісторыкам Міхасём Ткачовым і рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым у Музеі атэізму (сёння – Музей гісторыі рэлігіі) выстаўляў вялікую калекцыю гродзенскіх макетаў, якая прастаяла больш за паўгода.

hrodna_02.jpg


«Некалькі тысяч розных работ было ў мяне, – распавядае Генадзь. – Сёння прыватнага дома не хапіла б, каб усё змясціць. Я проста захапіўся гісторыяй Гродна і мне было цікава рабіць аб’екты гэтага горада. Я зрабіў многія дамы з раёна Новы свет, якіх сёння ўжо няма, страчаныя храмы і сінагогі. Для мяне было самым цікавым рабіць тое, чаго ўжо не было. Я рабіў макет згубленых помнікаў і не мог спыніцца, гэта быў як наркотык».
Макеты храмаў, замкаў і іншых аб’ектаў патрабуюць немалых высілкаў. Неабходна ўлічыць і адлюстраваць у працэсе макетавання ўсе архітэктурныя і гістарычныя асаблівасці.
«Мне хацелася паказаць як мага больш усяго. Зрабіў працу – падарыў і далей за справу, – кажа майстар. – У 1990-х у мяне дома ўжо месца не было, дзе можна было б захоўваць макеты. Калі выстаўляў частку калекцыі на вуліцы, то ўвесь двор на Замкавай займаў. Людзі збягаліся паглядзець. Польскія і беларускія журналісты прыязджалі. Потым і з Расіі завіталі. Але ў адзін момант мне надакучыла рабіць макеты. І я пайшоў у печнікі».
Такія макеты, якія ствараў Генадзь, сёння ў Гродне ніхто не робіць. На стварэнне адной работы сыходзіла ад месяца да некалькіх гадоў. На макетах гродзенец ніколі не зарабляў.
«Маладыя гродзенцы не жадаюць займацца сёння тым, чым я захапіўся ў свой час. Ніколі на макетах толкам не зарабляў. А яны экспертамі ацэньваліся ў вялікую суму, але звычайныя людзі гэтага ніколі не разумелі. Прасілі зрабіць, але ніхто не хацеў плаціць. Усім здаецца: узяў і зрабіў за вечар макет. Насамрэч на адну працу можа спатрэбіцца некалькі гадоў. Свой самы складаны праект царквы з дрэва я рабіў 8 гадоў. Вядома, не кожны дзень рабіў, а вечарамі, з вялікімі перапынкамі».
Генадзю дагэтуль паступаюць заказы на макеты, але рабіць іх з вялікім задавальненнем, як раней, ён ужо не можа. Кажа, мазгі «накіпаюць» ад скрупулёзнай працы. Цяпер ён робіць макеты толькі тады, калі ёсць час і жаданне.
“За некалькі дзясяткаў гадоў наш горад моцна змяніўся. Многіх цікавых і ўнікальных аб’ектаў ужо няма.
Стары замак ператвараецца ў незразумела што, драўляная архітэктура горада руйнуецца. Магчыма, калі-небудзь я ўзнаўлю стары Гродна ў макетах, але гэта будзе зусім іншая гісторыя».
Руслан Кулевіч, hrodna.life