Свята паэзіі і кахання. У Мінску адкрыўся фестываль «Вершы на асфальце» (фотарэпартаж)

У Мінску ў дзень народзінаў Міхася Стральцова адкрыўся дзявяты міжнародны фестываль «Вершы на асфальце». На сцэне фестывалю ўзнагародзілі лаўрэатаў прэміі Міхася Стральцова і прэміі «Залаты апостраф».

img_9368_logo.jpg

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў казаў, што сённяшні дзень для яго – свята паэзіі і кахання: «Пэўна ў тым, што Міхась Стральцоў нарадзіўся 14 лютага, закладзены глыбокі сэнс. Паэзія заўжды крочыла побач з каханнем. Не бывае паэзіі без кахання і кахання без паэзіі»

Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі

Ужо ў трэці раз вызначалі пераможцу прэміі імя Міхася Стральцова. Яна была заснаваная ўдавой Міхася Стральцова Аленай Стральцовай і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у 2018 годзе. Яе лаўрэатамі ў розныя гады былі Алег Мінкін і Анхела Эспіноса Руіс. Сёлета журы вырашыла прысудзіць прэмію Анатолю Вярцінскаму. Падарункам ад арганізатараў стаў выпуск зборніка вершаў паэта.

Вольга Гронская

Вольга Гронская


kacjaryna_janczeuskaja_logo.jpg

Кацярына Янчэўская
На імпрэзе былі названы лаўрэаты яшчэ адной прэміі – «Апостраф», якая прысуджаецца часопісам «Дзеяслоў» за найлепшую публікацыю ў выданні. Лаўрэатам прэміі ў намінацыі «паэзія» стала Алена Брава, у намінацыі «проза» – Вольга Гронская, у намінацыі «дэбют» – Кацярына Янчэўская

Андрэй Хадановіч і Валтс Эрнстрэйтс

Андрэй Хадановіч і Валтс Эрнстрэйтс

На сцэне чыталі вершы і пераклады паэты з Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы і Славакіі. Валтс Эрнстрэйтс, паэт і доктар філалогіі з Латвіі, прачытаў уласныя вершы на ліўскай мове, на якой некалі размаўляла частка жыхароў сучаснай Латвіі. Перакладаў вершы на беларускую мову Андрэй Хадановіч. Са спевамі на сцэне выступіў музыка Андрэй Такінданг. Андрэй Хадановіч прэзентаваў новую кнігу з серыі «Паэты планеты». Ёю стаў зборнік вершаў Міхася Стральцова.

Андрэй Хадановіч і Вячаслаў Лявіцкі

Андрэй Хадановіч і Вячаслаў Лявіцкі

Партнёрамі фэсту выступілі Шведскі саюз пісьменнікаў, Амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Паэты на сцэне фестывалю будуць выступаць яшчэ два дні: 15 і 16 лютага.


Фота аўтара