«Таямніца Келза» — ірландскі мультфільм упершыню пакажуць па-беларуску
17—19 сакавіка ў кінатэатры «Масква» пройдуць паказы анімацыйнага фільма «Таямніца Келза», агучанага на беларускай мове. Гэта цудоўны спосаб адсвяткаваць дзень святога Патрыка і адчуць сапраўдны дух Ірландыі ў Мінску.

Мультфільм распавядае казачную гісторыю, заснаваную на рэальных падзеях 9 стагоддзя ў Ірландыі. Галоўны герой, хлопчык Брэндан, жыве ў абацтве Келз. Неўзабаве ў гэтае абацтва прыбывае славуты асветнік Эйдан з нейкай таямнічай кнігай… У далейшых прыгодах будуць удзельнічаць не толькі яны, але і чароўная дзяўчынка Ашлінг з лесу, і кот Эйдана Пангурбан.
Фільм агучаны на беларускай мове ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom. Частка агучаных у межах праекта фільмаў у хуткім часе будзе даступная для абанентаў інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання «Атлант Тэлекам» і карыстальнікаў сервіса voka.
Крытыкі па ўсім свеце з захапленнем сустрэлі «Таямніцу Келза» . Стужка была адзначана шэрагам узнагарод і намінацый, уключна з намінацыяй на «лепшы анімацыйны фільм» прэміі Оскар.
Дзякуючы найпрыгажэйшай графіцы, якую аглядальнік afisha.ru назваў «шэдэўрам дэкаратыўнай анімацыі», а таксама цікаваму і глыбокаму сюжэту, фільм спадабаецца як дзецям, так і дарослым.

У агучцы ўдзельнічалі Павел Харланчук, Ганна Хітрык і іншыя вядомыя беларускія акцёры.
Прэм’ера мультфільма адбудзецца 17 сакавіка а 19:00 у кінатэатры «Масква» (прашпект Пераможцаў, 13).
Наступныя паказы адбудуцца 18 і 19 сакавіка ў 17:00 таксама ў кінатэатры «Масква».
Падрабязнасці на сайце kinakong.by, білеты ў касах кінатэатра і на bycard.by
Паводле прэс-рэліза