«Такога яшчэ не было»: у Беларусі з'явіўся ўнікальны спектакль для невідушчых дзяцей
У Беларусі з'явіўся першы спектакль для невідушчых і слабавідушчых дзяцей. Атмасферную пастаноўку «Снежная каралева» прадставіў гомельскі «Тім Тэатр» пры падтрымцы кампаніі velcom. Першымі спектакль ацанілі сем'і, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі зроку.
«Нарэшце ў слабавідушчых і невідушчых
дзяцей з'явілася магчымасць наведваць тэатр на роўных са звычайнымі людзьмі. Бо
класічныя пастаноўкі не зусім зразумелыя дзецям з асаблівасцямі зроку, да
прыкладу, ім не заўсёды можна растлумачыць значэнне колераў альбо на словах
перадаць пластыку танца. А ў гэтым спектаклі ўлічаны менавіта такія нюансы,
якія робяць яго зразумелым для любога гледача. У Беларусі такога яшчэ не было!»
— адзначыў Аляксандр Балдуеў, старшыня Гомельскага аддзялення Беларускага
таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ).
Каб знайсці партнёраў для стварэння атмасферных спектакляў, тэатр прыняў удзел у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і выйграў яго. Там жа ідэю заўважылі прадстаўнікі кампаніі velcom і прапанавалі стварыць першы ў Беларусі атмасферны спектакль для слабавідушчых і невідушчых дзяцей. З дапамогай партнёраў для спектакля было закуплена неабходнае абсталяванне, сцэнічны рэквізіт і спецыяльныя тактыльныя касцюмы для акцёраў, якія дапамаглі кампенсаваць адсутнасць зрокавага ўспрыняцця уздзеяннем на іншыя органы пачуццяў: слых, нюх, дотык.
«Дапамога дзецям з парушэннямі зроку — важны складнік сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom. Падтрымліваючы гэтую пастаноўку, мы хочам звярнуць увагу грамадства на праблему стварэння зразумелага і даступнага асяроддзя для людзей з асаблівасцямі зроку. Вельмі важна, каб у іх з'яўляліся новыя магчымасці правядзення вольнага часу. Акрамя таго, дзякуючы атмасферным спектаклям здаровыя людзі могуць лепш зразумець, з чым сутыкаюцца і як успрымаюць свет дзеці з асаблівасцямі зроку», — адзначыў вядучы спецыяліст аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Уладзімір Кузьмянок.
Для стварэння асаблівай атмасферы ў тэатры ўжылі нетрывіяльныя хады. На час спектакля наведвальнікам прапанавалі завязаць вочы павязкамі, пры гэтым узмацняючы ўздзеянне з дапамогай аб'ёмнага гуку, тактыльных адчуванняў, распылення водараў і вентыляцыі. Такім чынам, дзеці і іх бацькі адчулі новыя для сябе пачуцці.
«Разумеючы, што да нас прыйдуць дзеці з асаблівасцямі, мы вельмі хваляваліся пры падрыхтоўцы спектакля, нават правялі некалькі кансультацый з БелТІЗ. Але зараз бачым, што публіка станоўча ўспрыняла нашу творчасць і вельмі рады гэтаму. Бо спектакль рыхтаваўся ў рэкордна кароткія тэрміны — усяго за месяц, — растлумачыў дырэктар тэатра Андрэй Бордухаеў-Арол. — У Беларусі налічваецца каля 25 тысяч людзей з асаблівасцямі гледжання. Наша мэта — даць ім магчымасць акунуцца ў атмасферу спектакля нароўні з усімі».
Прэм'ера першага ў Беларусі спектакля для слабавідушчых і невідушчых дзяцей прайшла настолькі паспяхова, што па завяршэнні пастаноўкі да кіраўніцтва тэатра паступілі прапановы аб гастролях. Бліжэйшы паказ адбудзецца ў Мінску праз тыдзень.