Тэма дома і ночы паэзіі: стартуе фестываль кнігі PRADMOVA
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пачынаецца 4 чэрвеня і працягнецца да 26 чэрвеня. Сёлета ён пройдзе ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні, а таксама анлайн.
У гэтым годзе вакол фестывалю шмат спрэчак і скандалаў наконт праграмінгу і выбару ўдзельнікаў, але нягледячы на гэта, каманда вырашыла правесці яго. Арганізатары падрыхтавалі для наведвальнікаў і гледачоў разнастайную праграму і запрашаюць далучыцца да падзеі. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.
Тэма
Тэмай сёлетняга фестывалю PRADMOVA стала паняцце дома – такое важнае, базавае паняцце ў жыцці кожнага чалавека і такое балючае для шматлікіх беларусаў сёння. У межах мерапрыемстваў фестывалю арганізатары заклікаюць наведвальнікаў акунуцца глыбей у асэнсаванне дома ў яго шырокім разуменні.
Фестываль пройдзе пад слоганам «Доўгая дарога дадому». Так называецца зборнік успамінаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У серыі эсэ аўтар распавядае пра найбольш яркія моманты свайго жыцця, разважае пра грамадска-палiтычныя i культурныя працэсы ў Беларусі, а таксама выказвае думкi адносна будучага развiцця краiны.
Удзельнікі
У чарговы раз праграма PRADMOVA сабрала найбольш выбітных аўтараў і яскравых дзеячаў культуры Беларусі і замежжа. Свае кнігі на фестывалі прэзентуюць Альгерд Бахарэвіч, Вольга Бубіч, Зміцер Лукашук, Уладзімір Някляеў, Наталля Станкевіч, Аляксандр Хацкевіч, Юля Цімафеева, Аляксандр Чарнуха.
Возьмуць удзел у PRADMOVA таксама мясцовыя выдаўцы і літаратары. Пра выдавецкую дзейнасць у Грузіі распавядзе выдавец Мамука Хантадзэ, у Кракаве адбудзецца Ноч Паэзіі з чытаннем вершаў беларускімі і польскімі паэтамі, у Варшаве наведвальнікаў чакае размова пра рэвалюцыі, войны і іншыя ўрокі 20-21 ст. з журналістам і галоўным рэдактарам «Газеты Выборчай» Адамам Міхнікам, у Вільні можна будзе паразважаць пра крызіс усходнееўрапейскай ідэнтычнасці з палітолагам, прафесарам філасофіі Гінтаўтасам Мажэйкісам.
Сярод беларускіх удзельнікаў гэтага года – Андрэй Адамовіч, Валянцін Акудовіч, Сяргей Башлыкевіч, Сабіна Брыло, Аляксандр Ждановіч, Севярын Квяткоўскі, Вальжына Морт, Дзмітрый Строцаў, Віка Трэнас, Саша Філіпенка, Андрэй Хадановіч і шмат іншых.
Праграма
Праграма PRADMOVA уключыла ў сябе мерапрыемствы розных фарматаў: ад дыскусій і прэзентацый кніг да літаратурных прэмій і музычных выступаў. Кожны дзень падчас фестывалю на пляцоўках будзе працаваць кніжны кірмаш.
Значная частка праграмы прысвечана мерапрыемствам на галоўную тэму фестывалю – дом. Арганізатары запрашаюць наведвальнікаў на дыскусіі пра эміграцыю і крызісы ўсходнееўрапейскай ідэнтычнасці.
На PRADMOVA запланаваны імпрэзы не толькі для дарослых, але і для дзяцей і падлеткаў. У Тбілісі на працягу ўсяго фестывалю будзе працаваць пляцоўка ад Буслік-хаба. Дзіцячыя мерапрыемствы адбудуцца таксама і на пляцоўках у Кракаве і Варшаве.
Пляцоўкі
Фестываль пройдзе з 4 па 26 чэрвеня на пляцоўках у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільнюсе. У кожным горадзе, акрамя Кракава, фестываль будзе доўжыцца два дні: 4-5 чэрвеня Тбілісі (Інстытут Гётэ, Mikheil Zandukeli St. 16), 12 чэрвеня Кракаў (Віла Дэцыюса, ul. 28 Lipca 1943 roku 17A ), 18-19 чэрвеня Варшава (Беларускі Моладзевы Хаб, plac Konstytucji 6), 25-26 чэрвеня Вільнюс (Imaguru, Vytenio g. 18).
Таксама з 4 па 26 чэрвеня адбудзецца анлайн-PRADMOVA – серыя анлайн-сустрэч і прэзентацый у межах фестывалю.
Уваход на ўсе мерапрыемствы праграмы фестывалю вольны, на анлайн-імпрэзы патрабуецца рэгістрацыя.
Падрабязная праграма фестывалю са спасылкамі на рэгістрацыю на анлайн-праграму па спасылцы.Сачыць за фестывалем магчыма на старонках Facebook PRADMOVA і Instagram PRADMOVA.