Топ-10 фільмаў Алэна Дэлона

Увесь сьвет асэнсоўвае веліч актора, які пайшоў з жыцьця ў мінулую нядзелю. Адзін з найлепшых французскіх майстраў кіно пакінуў па сабе суквецьце цікавых і моцных роляў. З гэтай нагоды мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак Алэна Дэлона. Прыемнага прагляду! 

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Адзін шанец на дваіх (1 chance sur 2). 1998

1_chance_sur_2_1.webp

У пэўным сэнсе Жан-Поль Бэльмандо і Алэн Дэлон для французскага кіно ўвасаблялі амэрыканцаў Робэрта Дэ Ніра і Аль Пачына – кожны зь іх зьяўляецца глыбай кінематографу, але толькі бліжэй да канца кар’еры гэтыя пары актораў сустрэліся ў адным фільме і трапілі ў агульны кадр.

Гэты фільм рэжысэра Патрыса Леконта спалучае ў сабе элементы баевіка і камедыі, і, па-шчырасьці, не зьяўляецца шэдэўрам. Ён цікавы і патрэбны для прагляду перадусім самім фактам зьяўленьня Жан-Поля і Алэна разам. Ветэранскае кіно, у якім ўжо мала істотныя сюжэтныя нюансы, дзе хутчэй дзейнічае настальгія па 1960-80 гадах, калі гэтыя два акторы квітнелі і захаплялі сваімі працамі.

Нумар 9. Леапард (Il gattopardo). 1963

il_gattopardo.jpeg

Адзін з двух фільмаў Лукіна Вісконці ў нашым сьпісе лепшых роляў Алэна Дэлона. Стужка атрымала перамогу ў Канах – і заслужана ёй была прысуджаная Залатая пальмавая галіна. Партнэрамі Дэлона ў гістарычным фільме сталі Бэрт Ланкастэр і Клаўдыя Кардынале. Міжнародны акторскі склад трапляе ў італьянскую вайну за незалежнасьць, ці інакш кажучы за аб’яднаньне Італіі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

Гэты працэс, сёньня лічыцца непазьбежным разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе таго часу. Але разам з гэтым шмат для якіх краінаў, у тым ліку Сіцылійскага каралеўства, справа выглядала інакш: страта незалежнасьці і пераход пад уладу Поўначы. Гэтыя складаныя абставіны і сталі галоўным канфліктам у стужцы. Калі старэйшае пакаленьне не жадала прысягаць Гарыбальдзі, а новае не бачыла іншых магчымасьцяў.

Нумар 8. На яскравым сонцы (Plein soleil). 1960

plein_soleil.webp

Гэтая стужка Рэнэ Клемана падаравала Францыі сьвежую суперзорку. У наш час ня так шмат хто знаёмы з фільмам, але нашая безумоўная парада: абавязкова зрабіце гэта як найхутчэй. Менавіта тут на экраны быў вынесены знакаміты ўжо вобраз Рыплі, які ў 1999 годзе бліскуча быў выкананы Мэтам Дэйманам у «Таленавітым містэры Рыплі».

Гледачы трапляюць у сьлед героям на Французскую Рыўеру у жахлівую гісторыю аб падмане і забойстве. Чалавечая зайздрасьць ня мае межаў, калі перад табою ўсё хараство вонкавага сьвету: грошы, жанчыны і яхты на Міжземным моры. Дзеля такой мары трэба толькі пастарацца. На шляху толькі некалькі жыцьцяў і безьліч злачынстваў.

Нумар 7. Рока і яго браты (Rocco e i suoi fratelli). 1960

rocco_e_i_suoi_fratelli.jpg

Сямейная драма Лукіна Вісконці разам з папярэдняй стужкай замацавалі за Алэнам Дэлонам статус грандыёзнай зоркі французскага і агульнаэўрапейскага кіно. Не ад добрага жыцьця герой Дэлон апынаецца на баксэрскім рынгу, дзе здабывае посьпехі насуперак таму, праз што яму праходзіцца прайсьці ў звычайным жыцьці. Там, на новых для яго і ўсёй сям’і вуліцах Мілану, Рока і яго браты шукаюць сэнсы існаваньня і спрабуюць не заблытацца ў адносінах.

Шэршэ ля фам, як казалі разумныя продкі пакаленьня Дэлона. Маладая і таленавітая Ані Жырардо ставіць дагары нагамі звыклае жыцьцё перасяленцаў з сіцылійскай вёскі. Кожны зь іх імкнецца да лепшага, але не кожны здольны выжыць.

Нумар 6. Самурай (Le samouraï). 1967

le_samourai.webp

Жан-П’ер Мэльвіль праз ролю Алэна Дэлона стварыў адзін з самых захапляльных вобразаў у французскім кіно 1960-х. Дэлон грае наёмнага забойцу, жыцьцё якога рэгулюецца жорсткім кодэксам гонару. Ён выконвае замовы і пры гэтым нібы адсутнічае пры выкананьні – настолькі халодным падаецца яго розум і сэрца. Усё знаходзіцца пад яго кантролем і ў сферы яго ж адказнасьці.

Аднойчы праз выпадковую акалічнасьць ён пакідае зачэпку для паліцыі, якая можа стаць непазьбежным канцом і для замоўцаў забойстваў. Было вырашана прыбраць забойцу.

Нумар 5. Мэлёдыя са скляпеньня (Mélodie en sous-sol). 1963

melodie_en_sous_sol_1.jpg

У гэтай стужцы прысутнічае дуэт розных эпохаў французскага кіно, зь якім далей мы яшчэ сутыкнемся ў іншых фільмах нашага рэйтынгу: Алэн Дэлон і Жан Габэн. Слоганам карціны Анры Вэрноя, якая атрымала амэрыканскую ўзнагароду «Залаты Глёбус» за «Найлепшы замежны фільм» быў: «Не распавядайце пра фінал стужкі, вам усё адно ніхто не паверыць».

Чым скончыцца, казаць вядома ня будзем, але паверце, фільм больш чым варты вашага вечару. Рабаваньне казіно ў знакамітых Канах – гучыць ужо захапляльна. Галоўныя героі распрацоўваюць ідэальны плян, які прынясе доўгачаканую вялікую здабычу ў іх рукі. Прыгатаваньне і само рабаваньне – адно з найлепшых, зьнятых у кіно.

Нумар 4. Чырвонае кола (Le cercle rouge). 1970

le_cercle_rouge.jpg

Стужка легендарнага Жан-П’ера Мэльвіля, аднаго з галоўных рэжысэраў у кар’еры Алэна Дэлона. Кароткія, але трапныя дыялёгі, небясьпечныя, але вельмі хітрыя злачынцы, рабаваньне, якое расьцягнецца амаль на паўгадзіны хранамэтражу, падчас якога ня будзе сказана ніводнага слова! Ды і гледачы ў працэсе наўрадці адважацца вымавіць нешта, каб выпадкова не прыцягнуць лішняй увагі тых, каго лепш не сустракаць ня ў тым месцы.

Шыкоўны акторскі склад, дзе апроч Дэлона – Джан Марыя Валонтэ, Іў Мантан і Бурвіль. Гэта, безумоўна, больш чым крымінальны трылер пра чарговае рабаваньне – фільм распавядае пра складаныя лёсы і перажываньні вельмі розных герояў, якіх амаль выпадкова нябачная рука злучыла ў танец злачынства.

Нумар 3. Клян сіцылійцаў (Le clan des siciliens). 1969

le_clan_des_siciliens_1.jpg

Крымінальная драма, у якой сышліся французскія зоркі кіно: акрамя Жана Габэна, у галоўных ролях задзейнічаныя Алэн Дэлон і Ліна Вэнтура. Вядома, зь іх траіх толькі адзін мог бы выканаць ролю кіраўніка сіцылійскага мафіёзнага кляну. І як выканаць! Жан Габэн паказвае на ўласным прыкладзе, што ўвогуле азначае быць акторам. Яго шырыня таленту зьзяе нават, калі ён маўчыць і не рухаецца.

Адзін позірк, адна сэкунда на экране – і гледачы атрымліваюць менавіта тое пасланьне, якое было задуманае рэжысэрам. Музыка Эніа Марыконэ дадае важкасьці фільму.

Сюжэт жа гэтай карціны разгортваецца вакол старанна расплянаванага рабаваньня.

Нумар 2. Мэсье Кляйн (Mr. Klein). 1976

mr._klein.avif

Амэрыканскі рэжысэр Джозэф Лоўзі вырашыў пакапацца ў складаным і балючым для французаў матэрыяле, заснаваным на перыядзе кіраваньня Вішы – гэта быў час супрацы вялікай часткі грамадзянаў Францыі з нацысцкім рэжымам. Герой Алэна Дэлона – чалавек, які навучыўся жыць у новый рэаліях, і больш за тое, атрымлівае значны прыбытак з таго, што набывае ў габрэяў творы мастацтва за мізэрныя грошы, бо ведае: ня сёньня, дык заўтра іх забяруць і расстраляюць.

Страшэнная і блізкая зьява нават і для сёньняшняй Беларусі. Але ў галоўнага героя здараецца пракол: пад падазрэньні трапляе ён сам.

Нумар 1. Двое мужчынаў у горадзе (Deux hommes dans la ville). 1973

deux_hommes_dans_la_ville_2.jpg

Два галоўныя героі, дзьве абсалютна розныя эпохі ў францускім кіно, і можна доўга спрачацца, хто зь іх быў больш папулярны — Жан Габэн і Алэн Дэлон.

Перад тым, як глядзець фільм, будзе вельмі цікава даведацца наступны факт: рэжысэр Жазэ Джаваньні быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, якое пазьней было замененае на 20 гадоў катаргі. Пасьля 11 гадоў зьняволеньня ён выйшаў на волю і стаў пісьменьнікам і рэжысэрам. Гэтая стужка будзе разглядаць якраз актуальную для тых часоў у Францыі, і для нашых часоў у Беларусі, праблему сьмяротнага пакараньня.

Алэн Дэлон грае рабаўніка банку, якога датэрмінова вызваляюць з-за кратаў, а Жан Габэн у якасьці былога паліцэйскага, а зараз супрацоўніка сацыяльнай службы, мусіць даглядаць за ім і дапамагчы ўладкавацца ў жыцьці. Плян добры, на яго згодныя абодва, але ў іх гісторыю трапляе іншы чалавек, які жадае нарабіць злога для вызваленага.

Прыемнага прагляду!