Топ-10 фільмаў для лёгкага летняга вечара
Сьпёка, разьняволеньне, адпачынак. Улетку жадаецца скінуць цяжар складаных падзеяў у сьвеце і жыцьці, і проста расслабіцца. З гэтай нагоды мы склалі сьпіс з лепшых стужак, якія не перанагружаныя звышсэнсамі і не патрабуюць ад вас папярэдняй інтэлектуальнай падрыхтоўкі. Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10.Практычная магія (Practical Magic). 1998
Распачынае наш сьпіс даволі лёгкая стужка Грыфіна Дана, у якой адна з лепшых акторак пакаленьня Ніколь Кідман і Сандра Балак граюць дзьвюх сёстраў, у якіх ёсьць самая сапраўдная сямейная адметнасьць: па дзявочай лініі шмат пакаленьняў перадаюцца здольнасьці да магіі. Ёсьць толькі адна недарэчнасьць — мужчыны ў іх сям’і ў сувязі з гэтым не жывуць шмат. Таму разьлічваць на доўгае шчасьлівае сямейнае жыцьцё не выпадае.
Гледачоў чакаюць магічныя дзеі, якія прыводзяць да рознай ступені посьпеху. Верагодна, кожная маленькая дзяўчынка марыла мець падобныя здольнасьці. За праглядам гэтай стужкі можна ўбачыць, да чаго можа прывесьці чараўніцтва.
Нумар 9. Пра час (About Time). 2013
Стужка дазваляе гледачам паспрабаваць падарожнічаць у часе, але з глыбокім дасьледаваньнем сямейных адносінаў, асабліва паміж бацькамі і дзецьмі. На першы погляд, фільм уяўляе сабой звычайную рамантычную камедыю, якая зьбіраецца паказаць нам як галоўны герой, калі ён выяўляе сваю здольнасьць падарожнічаць у часе, спрабуе знайсьці і скарыць сваё каханьне. Тым не менш, пад камедыйным выглядам стужка зьвяртаецца да тэмаў сям’і, страты і няўмольнай плыні часу.
У цэнтры фільма – сяброўскія адносіны паміж бацькам і сынам. Бацька адкрывае дзіцю ўнікальную сямейную здольнасьць па мужчынскай лініі – магчымасьць падарожнічаць у часе. Гэта магчыма зрабіць толькі ў тыю абставіны, якія ўжо здараліся з падарожнікам, але ёсьць абмежаваньне – нельга вярнуцца ў той час, які папярэднічаў нараджэньню свайго дзіця.
Вельмі кранальная стужка.
Нумар 8. Пра майго бацьку (About My Father). 2023
Сьвежы фільм маладой рэжысэркі Лоры Тэруза прапануе гледачам такі ж сьвежы погляд на клясычную гісторыю, у якой нявеста ці жаніх знаёміць сваю сям’ю з абраным чалавекам і яго сям’ёй.
У дадзеным выпадку стужка трымаецца на харызме Робэрта Дэ Ніра, які воконвае ролю грамадзяніна ЗША, які некалькі гадоў таму пакінуў сваю Сіцылію ў пошуках лепшай долі. Яго ўжо вельмі дарослы сын у выкананьні Сэбасьцьяна Маніскалка (зьвярніце ўвагу на яго імя ў фільме – яно засталося такім самым!) атрымлівае запрашэньне ад сваёй нявесты правесьці выходныя на шыкоўнай віле яе бацькоў.
Нявеста ставіць адну ўмову: бацька яе абранага мусіць паехаць таксама. Не сумнявайцеся, вас чакаюць вельмі сьмешныя моманты пры несупадзеньнях герояў у сацыяльным статусе і нацыянальных асаблівасьцях. Лёгкі і прыемны фільм.
Нумар 7. Ніначка (Ninotchka). 1939
Гэты фільм, зьняты знакамітым Эрнстам Любічам, не толькі робіць шыкоўную сатыру на сацыяльна-палітычную напружанасьць сваёй эпохі, але таксама дазваляе Грэце Гарба, вядомай сваімі задумлівымі і напружанымі ролямі, прадэманстраваць сваё камедыйнае майстэрства.
Рэклямная крылатая фраза «Гарба сьмяецца!» была не проста маркетынгавай хітрасьцю, але і сапраўдным запрашэньнем стаць сьведкам бліскучага выкананьня Грэты.
Вобраз Ніначкі, суровай савецкай пасланьніцы, якая паступова губляе камуністычнае загартаваньне пад шармам Парыжа і прыхільнасьцю мясцовага арыстакрата, стаў адкрыцьцём здольнасьцяў акторкі. Гарба паказвае ўвасабленьне савецкага прагматызму і паступова пераўтвараецца ў кабету, якая адыкрывае для сябе радасьць і каханьне.
Сцэнар шыкоўна адлюстроўвае ідэалягічныя разыходжаньні цывілізаванага сьвету і камуністычнай заразы. Нават непахісны адэпт чырвонага раю па-за межамі краіны-канцлягеру губляе тонкія арыентыры. Вось таму і сёньняшнія дыктатары ў Менску і Маскве ўсяляк спрабуюць абмежаваць выезд за межы тэрыторыі, якая часова імі кантралюецца.
Нумар 6. Чорны прыгажун (Black Beauty). 1994
Эн Сьюэл напісала аднайменны раман у 1877 годзе, і з тых часоў гісторыя пра чорнага каня скарыла мноства людзей. Гэтая экранізацыя зьяўляецца найлепшай і вельмі блізкай да духу кнігі. Мы станем сьведкамі жыцьця Чорнага прыгажуна, бо гэта менавіта ён апавядае сваю гісторыю. Жорсткасьць і добразычлівасьць людзей у адносінах да каня і адно да аднаго напоўняць вас гневам і лагоднасьцю.
Што напаткаў гэты конь больш за свае гады — даведвацца прыйдзецца вам. Гэта адзіная аўтабіяграфія каня, што была напісаная і захавалася. Прыгатуйце свае насоўкі, як папярэджвалі раней у кінатэатрах.
Нумар 5. Паляўнічыя за прывідамі (Ghostbusters). 1984
Легендарныя прыгоды каманды навукоўцаў пасьля таго, як яны страчваюць свае зручныя пасады ва ўніверсітэце Нью-Ёрку і вырашаюць стаць «паляўнічымі за прывідамі», каб весьці высокатэхналягічную барацьбу са звышнатуральным за грошы. Яны трапляюць на брамы ў іншае вымярэньне — праём у дзьвярах, што выпускае зло на горад.
Зараз паляўнічыя за прывідамі павінны выратаваць Нью-Ёрк ад поўнага зьнішчэньня. Фірмовая машына, на якой езьдзяць нашыя героі, даўно стала надзвычай папулярнай у фанаў кіно: існуе цэлая індустрыя, што выпускае як падобныя працоўныя копіі, так і рознага кшталту мадэлькі.
Нумар 4. Вам ліст (You've Got Mail). 1998
Рэжысэрка фільма — Нора Эфрон, стварыла шыкоўную рамантычную камедыю, падзеі ў якой распачынаюцца ў яшчэ цёплую восень. Героі Мэг Раян і Тома Хэнкса ў перапынках ад сваёй працы атрымліваюць паведамленьні на настольны камп'ютар (не лэптоп, і яшчэ, вядома, не на смартфон), пра тое, што ім прыйшла пошта. У іх перапіска з рамантычным ухілам. Раз на дзень ці на некалькі дзён яны чакаюць адказ на мінулы ліст.
Праўда, нашыя героі нават і не бачыліся ўжывую, і нават не могуць падумаць, што іх праца вельмі падобная: гераіня Мэг Раян кіруе маленькай сямейнай кнігарняй, а герой Тома Хэнкса — сын уласьніка вялізнай сеткі па продажы кніг.
Іх новы кніжны гіпермаркет мае адчыніцца ў непасрэднай блізкасьці ад кнігарні Мэг Раян. Гэта ставіць пад пагрозу маленькі бізнэс. Як жа гэта адгукнецца на іх рамантычных лістах? І калі ўрэшце яны зразумеюць, хто той невядомы, з кім вядзецца ліставаньне? Цудоўны восеньскі фільм, каб глядзець яго і трымаць за руку асаблівага чалавека.
Нумар 3. Чатыры пакоі (FourRooms). 1995
У гэтай стужцы чатыры навэлы, якія былі зьнятыя рознымі рэжысэрамі. Апошнюю, самую крывавую паставіў Таранціна. У невялікі экранны час ён здолеў падсумаваць працы калегаў і даў героям стужкі раскрыцца напоўніцу.
Цім Рот, які грае супрацоўніка гатэля, спрабуе застацца са здаровай галавой пасьля сустрэчаў з гасьцямі кожнага з чатырох розных пакояў. У апошнім яго чакае і сам Квенцін Таранціна, які час ад часу зьяўляецца ў стужках і ў якасьці актора.
Паўтары гадзіны вас будзе суправаджаць шэраг дзіўных сітуацый, якія ўзьніклі ў самы першы працоўны дзень, выблытацца зь якіх — тая яшчэ справа. Запрашаем у гатэль.
Нумар 2. Новы кінатэатар «Парадыза» (Nuovo Cinema Paradiso). 1988
Джузэпэ Тарнаторэ стварыў кранальную гісторыю, у якой маленькі хлопчык у маленькім сіцылійскім гарадку Багерыя так любіць кіно, што напрашваецца ў дапамогу сталаму чалавеку, які круціць запаветныя стужкі ў кінатэатры. Прыгожая гісторыя аб шчырым сяброўстве, якое нараджаецца ў хлопчыка і мужчыны.
Пасьля вайны ў Багерыі не засталося ніякай іншай радасьці, акрамя як схадзіць у кінатэатар. Апроч прагляду, жыхары пасьпяваюць пражываць там і ўсё жыцьцё — дамаўляцца аб працы, ладзіць спатканьні, забойствы і ўсё астатняе.
Кадры стужкі прапітаныя любоўю рэжысэра да роднага горада. Тарнаторэ нарадзіўся ў Багерыі, і сам фільм можа быць апісаны як у значнай ступені аўтабіяграфічны.
Нумар 1. Амэлі (Le Fabuleux destin d'Amélie Poulain). 2001
Фантастычны посьпех гэтай надзвычай мілай стужкі стаў сусьветным прызнаньнем у каханьні да францускага кіно. У Парыжы дагэтуль працуе кавярня, у якой працавала гераіня Адры Тату, там можна выпіць кавы з круасанам, зрабіць здымак ля аднаго з плякатаў і пайсьці блукаць па вуліцах сталіцы, па якіх бегала, хадзіла, езьдзіла Амэлі.
Таямніца посьпеху стужкі — у чароўнай звыкласьці гісторыі. Дзяўчына, якая магла ўбачыць казачныя праявы ў шэрых падзёртасьцях лёсу, і, паўтараючы за гераіняй, можна задацца пытаньнем, колькі людзей у гэты момант займаюцца каханьнем у Парыжы. Ці то ў Менску.
Гэта адзін з тых фільмаў, якія будуць пераглядаць пакаленьне за пакаленьнем гледачоў. Адзінае, пра што можна шкадаваць, гэта тое, што Адры Тату больш не атрымала магчымасьці знайсьці такі фэнаменальны посьпех у гледачоў у іншых стужках.
Прыемнага прагляду!