Топ-10 фільмаў Джоні Дэпа: да 60-годдзя актора
Учора Джоні разьмяняў сёмы дзясятак гадоў, ува што амаль ня верыцца. За бліскучую кар’еру актор пасьпеў паўдзельнічаць у шэрагу знакавых фільмаў. Мы абралі дзесяць лепшых стужак зь яго ўдзелам. Прыемнага прагляду!

Нумар 10. Суіні Тод, дэман-цырульнік з Фліт-стрыт (Sweeney Todd, Demon Barber of Fleet Street). 2007

Фірмовае бачаньне рэжысэра Ціма Бёртана дазваляе нам паглыбіцца ў чароўную гульню Дэпа ў змрочным апавяданьні. Гэта трагедыя, гісторыя пра тое, як помста можа паглынуць і зьнішчыць шукальніка невідвочнай справядлівасьці. Але гэта ня проста фільм жахаў. Бёртан старанна спалучае гэтую змрочную гісторыю з нечаканым элементам — музыкай.
Сапраўдная геніяльнасьць стужкі — гэта хваравіты гумар, які Бёртану і Дэпу ўдаецца ўплесьці ў гісторыю. Нават сярод пырскаў крыві і крывавых візуальных эфектаў пастаянна адчуваецца кропля сарказму.
Цікава, ці пахісьнецца жаданьне наведваць барбэршопы ў тых, хто ўпершыню пазнаёміцца з гэтай стужкай.
Нумар 9. Эд Вуд (Ed Wood). 1994

Яшчэ адна сумесная праца вялікага тандэму Ціма Бёртана і Джоні Дэпа. Стужка зьяўляецца сьведчаньнем падарожжа чалавека, якога не хвалююць няспынныя няўдачы. Джоні Дэп выконвае ролю Эдварда Д. Вуда-малодшага, якога называюць «горшым рэжысэрам усіх часоў».
Але гэта фільм далёкі ад змрочнасьці, якой можна было б чакаць у гісторыі, пазначанай пастаяннымі паразамі. Гэта прыгожая даніна павагі нязломнаму чалавечаму духу.
Джоні Дэп паказвае вобраз эксцэнтрычнага рэжысэра, напоўненага фенаменальным аптымізмам. Сярод моцных бакоў стужкі варта адзначыць і бліскучыя сумесныя сцэны Джоні Дэпа з Марцінам Ландау, які грае ролю другаснага вугорскага актора, што спецыялізуецца на фільмах жахаў 30-х гадоў. Разам яны ствараюць дуэт адданага сяброўства, якое праходзіць празь безьліч правалаў іх сумесных стужак.
Цудоўная стужка, каб ахінуцца ў нечаканы бок “Залатога веку Галівуда”.
Нумар 8. Піраты карыбскага мора: праклён чорнай пярліны (Pirates of the Caribbean: The Curse of the Black Pearl). 2003

Першая частка знакамітай сагі пра піратаў, скарбы і прыгожых паненак. Фільм, які можна паглядзець у любых варунках: і на рамантычным спатканьні, і ў лянотным кіна-дні пад коўдрай, і ўсёй сям’ёй на вялікім праэктары.
Гэтая стужка ўсталявала новы эталён у прыгодніцкіх фільмах на марскую ці пірацкую тэматыку. У цэнтры гэтага неверагоднага віру быў Джоні Дэп, чыё знакавае выкананьне загадкавага пірата капітана Джэка Вераб'я стала навечна культавым.
Менавіта гэтая стужка прынесла Джоні Дэпу першую акторскую намінацыю на прэмію Оскар. У спалучэньні з зорным акторскім складам фільм запрашае ў казачнае падарожжа ў сьвеце піратаў, дзе традыцыйныя пастулаты і каноны жанру перакуленыя з ног на галаву.
Нумар 7. Эдвард Рукі-нажніцы (Edward Scissorhands). 1990

Прыгатуйце вашыя насоўкі — кранальнае відовішча забясьпечанае на працягу прагляду. Цім Бёртан стварыў казку ў сваім фірмовым выкананьні, а галоўная роля Джоні Дэпа — узор глыбокага пераўвасабленьня ў героя. За ўвесь фільм ён вымаўляе ўсяго каля 170 словаў. І гэтага дастаткова, каб мы незваротна перажывалі за лёс Эдварда, у якога замест рук — нажніцы.
Не трэба хвалявацца, што гэта хорар — зусім наадварот — гэта фантастычная казка, у якой ужо стары вынаходнік стварае чалавека, але да сваёй сьмерці не пасьпявае дарабіць яго як сьлед — і нешта падобнае да секатараў замяняе Эдварду рукі. Ён створаны ў любові і пяшчоце, і сам праяўляе гэтыя пачуцьці. А потым сутыкаецца з сусьветам, з людзьмі, што жывуць у суседніх дамах.
Кадры, дзе Эдвард стварае сваім нажніцамі сьнежныя фігуры зь лёду — не пакінуць вас без пачуцьцяў.
Нумар 6. Арызонская мара (Arizona Dream). 1991

Сюрэалістычная карціна Эміра Кустурыцы не пакіне вас абыякавымі напрыканцы, гэта дакладна. Джоні Дэп, як галоўны герой, дэманструе захапляльнае спалучэньне юнацкай разгубленасьці і духоўных пошукаў на фоне такой нелюдзкай Арызоны.
Што рэальнасьць, а што мроя? У пэўны момант на экране ўзьнікае рыба, якая лётае, але насуперак таму, каб здавацца выдуманай, яна прымушае паглядзець на ўсю гісторыю вачыма, што спрабуюць разабрацца ў сапраўднасьці.
Галоўную жаночую ролю выконвае Фэй Данаўэй, яна грае ўжо немаладую гаспадыню дома недзе на краі сьвету, у дадзеным выпадку Арызоны. Іх узаемаадносіны складуць асноўную частку фільма, а ўзровень акторскага выкананьня непазьбежна прымусіць забыць, што вы глядзіце мастацкі фільм, а не прысутнічаеце побач.
Мары ў Арызоне ці падобныя на мары ў Асіповічах?
Нумар 5. У апошні момант (Nick of Time). 1995

Гэта захапляльны трылер у рэальным часе. Ён кідае героя Джоні Дэпа ў захапляльную гонку з часам. Фільм рэжысэра Джона Бэдэма адыходзіць ад традыцыйнай структуры апавяданьня, абіраючы разьвіцьцё падзеяў у рэальным часе. У гледачоў і герояў ёсьць толькі 90 хвілінаў, што забясьпечвае адрэналінавыя ўражаньні.
У цэнтры гэтага напружанага трылера галоўны герой, бухгалтар, цалкам звычайны чалавек, які ўцягнуты ў ашаламляльную змову. Яго дзіцё скрадзенае невядомымі, якія даюць ўмову вяртаньня: забойства героем Джоні Дэпа губэрнатара на працягу, як вы ўжо здагадаліся, 90 хвілінаў.
Кожная наступная хвіліна ў фільме на хвіліну набліжае да забойства, што ўвесь час падвышае стаўкі. Выдатны ўзор жанру.
Нумар 4. Доні Браска (Donnie Brasco). 1997

Стужка Майка Ньюэла распавядае пра заблытаны сьвет мафіі, здрады і дзікі кошт падвойнага жыцьця. У цэнтры гэтага жорсткага апавяданьня герой Джоні Дэпа, агент ФБР, які пад псеўданімам Доні Браска пранікае ў адну з самых магутных мафіёзных сем'яў Нью-Ёрка. Выбітны вобраз змучанага агента пад прыкрыцьцём стаў адным з самых лепшых у яго кар'еры.
Партнэрам па здымках у Джоні Дэпа быў сам Аль Пачына ў ролі састарэлага наёмнага забойцы, які ўзяў яго пад сваю апеку. Глядзець за імі ў кадры — спрэс задавальненьне.
Вы не знойдзеце тут рамантызаванага сьвету мафіі, але жорсткі сьвет брутальнасьці і хуткай расплаты за спробы нявернасьці і падману.
Нумар 3. Сонная Лагчына (Sleepy Hollow). 1999

Цім Бёртан умее здымаць казкі. Калі вы любіце містычныя, прыгожыя гісторыі, якія адбываюцца ў тумане, гэтая гатычная стужка для вас. У 1799 годзе адбываецца загадкавае забойства, і спецыяліст у раскрыцьці падобных справаў у выкананьні Джоні Дэпа скіроўваецца ў паселішча Сонная Лагчына. Верагодна, такая назва ў населенага пункта зьявілася не проста так.
Што б вы сказалі, калі даведаліся, што ахвяры былі пазбаўленыя галоваў ударамі мяча таямнічага вершніка? Пасьля гэтага галовы зьнікаюць, як і чалавек на кані і ў тумане. Герой Дэпа пачынае расьледаваньне, у якім прыходзіць да высновы, што злачынца — не чалавек, але нешта, што прыходзіць зь іншага сьвету. Як справіцца з такім нячысьцікам? Вельмі якасныя візуальныя эфекты і дэкарацыі, што было адзначана статуэткай Оскар.
Нумар 2. Што зьядае Гілбэрта Грэйпа (What's Eating Gilbert Grape). 1993

У гэтай стужцы рыхтуйцеся быць сьведкамі фантастычнай акторскай працы маленькага Леанарда Ды Капрыё. А Джоні Дэп грае маладога чалавека, абцяжаранага адказнасьцю за яго псыхічна хворага брата і іх хваравітай тоўстай маці. Дэп з выдатнай стрыманасьцю на экране перажывае канфлікт паміж абавязкам перад сям'ёй і жаданьнем іншага жыцьця для сябе самога.
Адносіны паміж братамі, азмрочаныя расчараваньнямі, складаюць разам з тым кранальную гісторыю братэрскай любові.
Стужка становіцца яскравым прыкладам здольнасьці Джоні Дэпа пераўвасабляцца ў абсалютна розных пэрсанажаў. Разам з тым на сёньня застаецца невялікі сум, што пэўную ролю-ўсяго-жыцьця актору прыйшлося граць у безьлічы стужак, што крыху зацямніла яго па-сапраўднаму яскравы талент.
Нумар 1. Мярцьвяк (Dead Man). 1995

Геніяльны Джым Джармуш зьняў вэстэрн з метафізычным дасьледаваньнем жыцьця і сьмерці. Фільм дэманструе Джоні Дэпа ў адной з самых глыбокіх роляў, нявіннага бухгалтара, які трапляе ў сьвет, што становіцца ўсё больш сюррэалістычным і сьмяротным.
Мы ўбачым трансфармацыю галоўнага героя ад наіўнага гараджаніна да глыбокага шукальніка ісьціны. Чорна-белы сьвет спрадвечных насельнікаў Амэрыкі — індзейцаў становіцца вірам, які зацягвае, і верагодна, ніколі не аддае назад чалавека.
Духоўныя і фізычныя блуканьні галоўнага героя насычаныя вобразамі, якія пачнуць адно за адным адгукацца ў сэрцы гледачоў.
Стужка падыйдзе і для тых, хто шукае фільмы “не-для-ўсіх”, і для тых, хто жадае паглядзець захапляльную гісторыю ўвечары ўікэнду.
З народзінамі, Джоні!
І прыемнага прагляду!