Топ-10 фільмаў, якія перамагалі на Венецыянскім кінафэсце
У бліжэйшыя дні распачнецца чарговы фэст у Венецыі. За сваю гісторыю ён паказаў шмат этапаў уздыму і заняпаду. Напачатку пераможца атрымліваў «Кубак Мусаліні», а ў 1970-х прэмія не выяўляла найлепшых. Сёння гэта адзін з самых уплывовых кінафорумаў. Мы склалі спіс з дзесяці найлепшых карцінаў, які атрымлівалі «Залатога льва».

Адкрыцьцё кінафэсту
Нумар 10. Рэстлер (The Wrestler). 2008

Стужка, у якой Мікі Рурк у якасьці галоўнага героя зладзіў найлепшае выкананьне ролі на экране ў сваім жыцьці. Рэжысэр Дарэн Аранофскі наносіць удар у накаўт, які адначасова ўзрушыў і гледачоў на Вэнэцыянскім кінафэсьце 2008 года, і ўвесь сьвет.
Стужка распавядае пра некалі зорнага байца, які сёньня змагаецца са сваім няўмольным спускам на дно як прафэсійнага жыцьця, так і прыватнага. Удалечыні ад натоўпу і рынга – яго жыцьцё зьяўляецца рэзкім кантрастам — ціхая музыка разьбітага сэрца, самоты і цела, якое атрымала тысячы пабояў. Мікі Рурк, якога нельга назваць акторам вышэйшага гатунку, у гэтым канкрэтным фільме дасягае ўласнай велічы. Яго герой паказаны акторам з пяшчотай і ўразьлівасьцю.
Але галоўнае месца ў апавяданьні займаюць далікатныя адносіны паміж героем Рурка і каханьнем яго жыцьця — састарэлай стрыптызэркай.
Нумар 9. Да пабачэньня, дзеці (Au revoir les enfants). 1987

Адна з шэрагу французскіх працаў у нашым сьпісе. Фільм Луі Маля атрымаў ганаровую ўзнагароду Залаты Леў на Венэцыянскім кінафэсьце. Гэта напалову аўтабіяграфічны фільм, дзеяньне якога адбываецца падчас вайны ў французскай школе-інтэрнаце. Мы ўбачым шчырае сяброўства паміж французскім хлопцам, і габрэйскім хлопчыкам, які хаваецца пад ілжывым імём, каб пазьбегнуць перасьледу.
Вачыма гэтых дзяцей рэжысэр паказвае нявіннасьць, сяброўства і страту чалавечнасьці падчас вайны. Маленькія акторы нібы былі народжаныя для сваіх роляў: так упэўнена яны глядзяцца на экране.
Падчас прагляду вы дакладна будзеце раз за разам вяртацца да думкі аб бессэнсоўнасьці вайны.
Нумар 8. Бітва за Алжыр (La battaglia di Algeri). 1966

Фільм стаў сьведчаньнем духу супраціву і складанасьці каляніяльнай барацьбы. Рэжысэр Пантэкорва распавядае пра паўстаньне ў Алжыры супраць Францыі ў 1950-х гадах. Стужка ў пэўным сэнсе зьяўляецца дакумэнтам часу, няхай толькі і з аднаго боку – афрыканскага.
Фільм зьняты ў дакумэнтальным стылі з пераважна непрафэсійным акторскім складам. Складана выявіць розьніцу паміж выдумкай і рэальнасьцю. Вуліцы Алжыра ажываюць ад гукаў стрэлаў, плачу параненых і шэпту рэвалюцыянэраў. На момант здымкаў вядома яшчэ захаваліся як нямыя так і жывыя сьведкі змаганьня з мэтраполіяй. Яны трапілі ў карціну.
Разам з тым, хаця мы і бачым некаторую прыхільнасьць да паўстанцаў з боку стваральніка, рэжысэр якасна і па-майстэрску паказвае французаў, іх патрыятызм, зьмяшаны з роспаччу. З усіх фільмаў нашай падборкі верагодна складана зрабіць выбар на карысьць гэтай гісторыі, але калі наважыцеся – не пашкадуеце.
Нумар 7. Прыгажуня дня (Belle de jour). 1967

Гісторыя, якая адбываецца на фоне шыкоўнага Парыжу, распавядае пра жыцьцё маладой хатняй гаспадыні, якую з вытанчана грае Катрын Дэнёў. Раніцай яна – паважаная буржуазная пані. А пасьля яна паглыбляецца ў таемнае жыцьцё прастытуцыі. Гэтыя два сьветы, здавалася б, супрацьлеглыя, пераплятаюцца ў жыцьці парыжанкі.
Луіс Буньюэль адчуваў ціск эпохі і падараваў гледачам правакатыўны твор. Чаканьні грамадзтва і ўласныя пачуцьці – у некаторых людзей гэтыя рэчы ўваходзяць у стан грамадзянскай вайны ў межах аднаго чалавека. Нехта павінны зьнікнуць.
Нумар 6. Зямля качэўнікаў (Nomadland). 2020

Стужка магла пабачыць сьвет як сто гадоў таму, так і ўчора – выглядае абсалютна гарманічна. Бязьмежныя прасторы Амэрыкі, дыліжанс (ці ў нашым выпадку – трэйлер) і бясконцыя магчымасьці.
З магчымасьцямі, праўда, больш складана, чым з тэрыторыямі, на якіх іх можна адшукаць. Хлоя Чжао зьняла выдатнае кіно. Фрэнсіс МакДорманд, як амаль заўжды, ідэальна выканала сваю ролю.
Пасьля эканамічных цяжкасьцяў на малой радзіме, гераіня МакДорманд зьбірае ўсё неабходнае і рушыць у падарожжа. Яно адбываецца не толькі па краіне, але і ўсярэдзіну сябе. Надзвычай цікавы шэраг качэўнікаў, якія сустракаюцца па-дарозе, кожны зь якіх па-свойму ўносіць нешта ў асобу галоўнай гераіні.
Прыгожай "разынкай" стужкі зьяўляецца і тое, што некаторыя героі – граюць саміх сябе, і нават іх дыялёгі з гераіняй МакДорманд не напісаныя загадзя, а вельмі часта – палёт шчырай размовы.
Нумар 5. Расямон (Rashomon). 1950

Расямон — японскае слова, якое азначае «спрэчка». Яно бярэ пачатак з легенды пра Расямон, старажытныя брамы ў Кіёта. Легенда мае тры розныя вэрсіі, якія супярэчаць адна адной. Самую папулярную экранізаваў Акіра Курасава.
Дрывасек і сьвятар знаходзяць выратаваньне ад дажджу пад брамай Расямон, і неўзабаве пасьля гэтага да іх далучаецца яшчэ адзін мокры небарака. Яны чакаюць, пакуль бура сьціхне, і падчас гэтага яны занятыя абмеркаваньнем злачынства, якое адбылося ў бліжэйшым лесе, дзе самурай быў закатаваны да сьмерці, а яго жонка была згвалтаваная. Галоўны абвінавачаны — вядомы бандыт, а ў судзе першыя двое выступалі сьведкамі. Трое герояў спрабуюць дабрацца да праўды, выкарыстоўваючы свае ўспаміны. Праз гэтыя супярэчлівыя гісторыі Акіра Курасава дасьледуе чалавечую псыхіку, якое нават сьвятара прымушае сумнявацца ў сваёй веры ў чалавецтва.
Прыгожыя, зьмястоўныя дыялёгі і фінал, які вы не чакалі.
Нумар 4. Джокер (Joker). 2019

Толькі на мінулым тыдні, у падборцы стужак Робэрта Дэ Ніра мы ўзгадвалі яго геніяльныя фільмы “Таксіст” і “Кароль камедыі”. Сёньня ж – прадукт, які чэрпаў натхненьне з тых клясычных карцінаў.
“Няхай жыве анархія!” – такім мог бы быць слоган стужкі Тода Філіпса. Фільм пра антаганіста Бэтмэна з Готэм-сіці па-сапраўднаму мусіў быць фэнаменальным, каб прыцягнуць увагу не толькі масавага гледача, але і кінафэсты. Так і атрымалася.
Гісторыя зьяўленьня характару ў будучага ворага галоўнага супэргероя ўсіх часоў – відовішча захапляльнае. Хаакін Фэнікс спраўляецца з задачаю бліскуча. Не абышлося ў стужцы і без натхняльніка – Робэрта Дэ Ніра, які зьяўляецца ў ролі другога пляну.
Клясычная, цёмна-прыцягальная атмасфэра Готэм-сіці чакае вас. А ў якасьці бонусу – у хуткім часе зьявіцца працяг арыгінальнай стужкі, будзе цікава паглядзець, ці атрымаецца дасягнуць посьпеху ляўрэата прэміі ў Вэнэцыі.
Нумар 3. Розэнкранц і Гільдэнстэрн памерлыя (Rosencrantz & Guildenstern Are Dead). 1990

Калі вы калі-небудзь задаваліся пытаньнем, што адбываецца пасьля дзеяньня найвялікшай п'есы ў сьвеце – шэкспіраўскага Гамлета, «Розэнкранц і Гільдэнстэрн памерлыя» Тома Стопарда прапануе надзвычай заблытаны адказ. Гэты фільм, адаптаваны па п'есе самога Стопарда, дэманструе пакручастыя прыгоды двух другарадных персанажаў з п’есы Шэкспіра – Розэнкранца і Гілдэнстэрна. У Стопарда яны трапляюць у цэнтр увагі ў гісторыі, якая падаецца настолькі ж абсурднай, наколькі і глыбокай.
Геніяльнасьць гэтага фільма (як і п’есы, якую мы таксама горача рэкамендуем да прачытаньня) у тым, як ён гульліва пераплятаецца з падзеямі Гамлета, але пры гэтым стаіць цалкам асобна, Стопард кідае герояў у экзістэнцыяльныя разважаньні і камедыйныя абставіны.
Гэры Олдман у ролі Розэнкранца (ці ён Гільдэнстэрн?) і Цім Рот у ролі Гільдэнстэрна (ці Розэнкранца?) — захапляльны дуэт, які часта не зьвяртае ўвагі на грандыёзныя махінацыі каралеўскага двара вакол іх.
Нумар 2. Гамлет (Hamlet). 1948

Сымбалічна, што на прыступку вышэй стаіць экранізацыя клясычнага Гамлета, які належыць ужо Ўільяму Шэкспіру. На наш погляд, нягледзячы на цэлы шэраг іншых спробаў па ўвасабленьні гэтай п’есы на экране, менавіта праца сэра Лоўрэнса Аліўе зьяўляецца шыкоўным эталёнам для іншых.
Няма сэнсу прыгадваць сюжэт, які так ці інакш ведае кожны. Аліўе па-майстэрску пераўтварае сутнасьць п'есы ў візуальнае сьвята. Чорна-белыя колеры не абмяжоўваюць, а ўзмацняюць драму. Да таго ж, сэр Лоўрэнс усё ўзяў у свае рукі – і рэжысэрскі фатэль і выкананьне ролі Гамлета.
Звыш пераканаўча, неверагодна рэалістычна.
Нумар 1. Слова (Ordet). 1955

У нашай падборцы вельмі шмат выбітных фільмаў, і складана акрэсьліць асобным эпітэтам драму Карла Тэадора Дрэера, але сказаць, што яна заслугоўвае ўсё хвалы, што на яе можа выліцца – гэта азначае не пакрывіць душою ні на ёту. Нагадаем, што ў адной з папярэднік падборак, датычных фільмаў пра жанчынаў, што зьмянілі гісторыю, лепшай была пазначаная стужка рэжысэра “Пакуты Жаны Д’Арк” 1928 года. У той жа бліскучай манэры створанае і “Слова”.
З самага пачатку гледача ахоплівае атмасфэрная карціна дацкай вёскі. Менавіта ў гэтым суровым пейзажы Дрэер малюе шчымлівую гісторыю сям'і рэлігійнага фермэра, якая балансуе на мяжы згубы надзеі.
Барацьба герояў з адсутнасьцю ці наадварот – прысутнасьцю веры зьяўляецца галоўнай ніткай гісторыі. Адзін з герояў прыходзіць да высновы, што ён – уцелаўлёны Езус у дацкай далёкай вёсцы. Суровы скандынаўскі сьветапогляд відаць не гатовы прыняць такое сцьвярджэньне. Але развязка павінна адказаць на ўсе пытаньні.
Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.