Топ-10 фільмаў Клінта Іствуда: герой вэстэрнаў, які стаў грандыёзным рэжысэрам

Клінт Іствуд 31 траўня адзначыў свой 93-ці дзень народзінаў. Зусім нядаўна стала вядома аб падрыхтоўцы да здымкаў яго новага фільма, дзе апроч рэжысэрскай пасады Клінт будзе і выконваць галоўную ролю. Чалавек, які не стамляецца. Чалавек-легенда і ўладальнік пяці прэміяў Оскар. Мы склалі сьпіс з дзесяці яго лепшых працаў. Прыемнага прагляду!

eastwood.jpg


Нумар 10. Птушка (Bird). 1988

bird_1.jpg

Фільм Клінта Іствуда пра музыку атрымаў узнагароду амерыканскай кінаакадэміі за лепшы гук — чым не дадатковая нагода, каб вы паглядзелі гэты шыкоўны фільм.

Рэжысэр — вядомы аматар джазу, і гісторыя ў яго працы апавядае пра Чарлі Паркера — суперзорку, якая надзвычай рана згасла навечна. Джаз. За яго ў краіне Саветаў можна было прысесьці, а ў краіне разьвітага капіталізму можна было зьехаць з глузду ад папулярнасьці, якая на цябе звалілася.

Патушыце сьвятло, адкаркуйце брэндзі і насалоджвайцеся гульнёй Форэста Ўітакэра ў гэтым фільме. Не зьдзіўляйцеся, калі пасьля пажадаецца набыць саксафон.

 

Нумар 9. Уцёкі з Алькатраса (Escape from Alcatraz). 1979

escape_from_alcatraz_1.jpg

Верагодна, самая знакамітая вязьніца ў сьвеце, аб якой існавала безьліч легендаў і мітаў. Адна з легендаў пачыналася так: ніхто ніколі не змог уцячы з Алькатрасу. Ніхто, акрамя аднаго. Ролю гэтага адважнага чалавека бліскуча выканаў Клінт Іствуд. Хто як ня ён умее сказаць сотні фразаў, ня вымавіўшы ні слова?

А ў Алькатрасе неабходна звыкаць да жорсткіх абставінаў.

Стужка заснаваная на рэальных падзеях, а таму ў кожнага з нас застаецца спадзяваньне, што можна выбрацца нават з таго месца, пра якое ходзяць легенды пра немагчымасьць. Уцёкі ад несправядлівасьці. Выдатны олдскульны фільм.

 

Нумар 8. Брудны Гары (Dirty Harry). 1971

dirty_harry.webp

Адзін з самых знакавых фільмаў Клінта Іствуда, які зьяўляецца пераканаўчым увасабленьнем гарадзкой анты-крымінальнай справядлівасьці, якая дзейнічае рэзка, ашаламляльна, і эфектыўна.

Стужка разам з насычаным сюжэтам зьдзіўляе гледачоў тым, што яны паўстаюць перад маральнай дылемай, а ці падтрымліваюць яны галоўнага героя. Гэты паліцэйскі трылер, які зьняў Джон Сігэл стаў выклікам у свой час. А пасьля – крыніцай для вялікай колькасьці перайманьняў і пераасэнсаваньняў. Сам Клінт Іствуд чатыры разы вяртаўся да вобраза Бруднага Гары, які насуперак заведзеным правілам змагаецца з крыміналам.

Як захаваць справядлівасьць у несправядлівым сьвеце? Клінт Іствуд дакладна ведае.

 

Нумар 7. Ідэальны сьвет (A Perfect World). 1993

a_perfect_world.jpg

Стужка зьяўляецца адной з самых перакальных працаш Клінта Іствуда ў якасьці як рэжысэра, так і актора. Гэты магутны фільм распавядае шматслойную гісторыю пра складаную сувязь паміж мужчынам і дзіцём, пераасэнсоўваючы нашыя ўяўленьні пра дабро і зло.

Кевін Костнэр выконвае ролю зьбеглага асуджанага, які, нягледзячы на ​​сваю перадгісторыю, выяўляе нечаканую далікатнасьць, калі падчас уцёкаў бярэ ў закладнікі маленькага хлопчыка. Костнэр па-майстэрску паказвае збалансаванасьць пагрозы крымінальнага мінулага свайго героя з глыбокай чалавечнасьцю. Гледачы безумоўна інакш пачнуць успрымаць стэрэатып пра «злосных крымінальнікаў».

А Клінт Іствуд грае дасьведчанага тэхаскага рэйнджара, які перасьледуе Костнэра. Іствуд напаўняе свайго героя глыбокім спачуваньнем да крыміналька.

Нягледзячы на відавочнасьць дзеяньня на экране, фільм увесь час падкрэсьлівае істотнасьць суперажываньня і разуменьня.

 

Нумар 6. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004

million_dollar_baby_2.jpg

Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сышлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.

Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі — гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.

Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.

 

Нумар 5. Недаравальны (Unforgiven). 1992

unforgiven_1.webp

Пасьля караля жанру вэстэрн Джона Ўэйна надыйшла эра іншага выбітнага актора — Клінта Іствуда. Гэтай стужкай, у якой Іствуд выступае і як рэжысэр, які ўжо ўвайшоў у лік найлепшых у гісторыі кіно, Клінт дае своеасаблівую даніну вэстэрнам. Ён адначасова кажа дзякуй і разьвітваецца з гэтымі фільмамі. Яго герой — ужо далёка не малады чалавек, вымушаны акунуцца з галавою ў даўно забытую гульню. Яго жонка забітая, а ён спрабуе зноў авалодаць рэвальверам.

Іствуд спрабуе паказаць увесь чорны бок так званых герояў Дзікага Захаду. Забойствы, якія цягнуць за сабою забойствы, у выніку якіх вы атрымаеце… забойствы.

Цудоўны акторскі склад, разам з Клінтам Іствудам тут і яго даўні сябар Морган Фрыман і Джын Хэкмэн — на ўсю моц сваіх талентаў ствараюць фантастычна цікавы і захапляльны фільм. Кожны зь іх герояў мае доўгую і глыбокую гісторыю. Някожны здолеў пранесьці чалавечнасьць праз жыцьцё. Заслужаныя ўзнагароды за лепшы фільм года і рэжысэрскую працу Клінта Іствуда.

 

Нумар 4. Масты акругі Мэдзісан (The Bridges of Madison County). 1995

the_bridges_of_madison_county.jpg

Пярліна сусьветнага кінематографу. Клінт Іствуд стварыў шыкоўную гісторыю хуткаплыннага і бязьмежнага каханьня.

Тут Іствуд адыходзіць ад сваіх вобразаў жорсткіх, непахісных герояў, якія заўжды пад понча ці курткай маюць рэвальвэр. У гэтай стужцы ён рамантычны і далікатны чалавек, які трапляе ў вір складанай сітуацыі. Іствуд з усёй цяплынёй перадае характар свайго героя, які на працоўным заданьні па фатаграфаваньні мастоў далёкай амэрыканскай акругі сустракае хатнюю гаспадыню ў выкананьні Мэрыл Стрып.

Клінт Іствуд узяў, як можа падацца найпростую гісторыю, але ўзьнёс яе на алімп творчага майстэрства. Гісторыя каханьня, якая стаіць вышэй па-над усё.

 

Нумар 3. Гран Тарына (Gran Torino). 2008

gran_torino.jpg

Гэты моцная і непахісная заяўка на бессьмяротнасьць кіно, якое стварае Клінт Іствуд. Ён дасьледуе чалавека праз яго ўзаемадзеяньне з навакольным. У гэтай працы рэжысэр дасьледуе пытаньні ўзросту, расы, адкупленьня. Бліскучы фільм бліскучага майстра.

Іствуд грае нядаўна аўдавелага ветэрана Карэйскай вайны, які змагаецца з культурнымі зьменамі ў сваім раёне, дзе традыцыйныя амэрыканскія каштоўнасьці зьнікаюць, а бандыцкі гвалт каляровых меншасьцяў узмацняецца.

Мы ўбачым як зьмяняецца герой Клінта, шмат у чым насуперак уласным перакананьням. Іствуд грае да такой ступені пераканаўча, што зьдзіўляешся, у якім тонусе знаходзіцца паважанага веку (і гэта 15 гадоў таму!) чалавек.

Што такое Гран Тарына? Гэта клясычная мадэль Форда, якая стаіць у гаражы героя Клінта Іствуда і чакае свайго часу, каб выбрацца ў сьвет.

 

Нумар 2. Добры, кепскі, злы (The Good, the Bad and the Ugly). 1966

the_good__the_bad_and_the_ugly_1.jpg

Вяршыня ў гісторыі кінематографу ў жанры вэстэрн. Заключны фільм трылёгіі Серджыа Леонэ з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі.

Калі я быў маленькі і праводзіў лета ў дзядулі з бабуляй, дагэтуль памятаю той канкрэтны вечар. Мой дзед Анатоль сказаў, што ўвечары будуць паказваць добры фільм (хаця кінаманам яго нельга было назваць), і я цэлы дзень чакаў прагляду. Як толькі пачаліся першыя кадры, мяне нельга было зварушыць з фатэля на працягу трох гадзінаў, што цягнулася тая стужка. Гэта былі гадзіны, якія перагарнулі ўспрыманьне майго кінамастацтва. Добры, кепскі, злы.

Музыка, якая стварала сабою ўражаньне свайго асабістага сьвету, прымусіла ўвабраць у сябе сцэну за сцэнай, і я несьвядома адчуваў сябе часткай дзікага Дзікага Захаду. Гэтыя пачуцьці пранёс і праз усе з тых часоў пройдзеныя гады, і са шчырым сэрцам вельмі рэкамендую ўбачыць гэты шэдэўр.

Скажыце, ці змаглі б вы прыгадаць сцэну на 10 хвілінаў, дзе не адбываецца нічога, апроч таго, што тры чалавекі стаяць, не прамаўляючы ні слова — і ад гэтага немагчыма адвесьці позірк ні на долю сэкунды? Гэтая сцэна ў фільме Леонэ.

«Ты ведаеш, што ў гэтым сьвеце ёсьць два віды людзей, мой сябар — тыя, у каго зараджаная зброя і тыя, хто капае. Ты капаеш».


Нумар 1. Містычная рака (Mystic River). 2003

mystic_river.jpg

Бездакорны твор мастацтва для вашай увагі. «Містычная рака» — гэта кінематаграфічны трыюмф, які сьведчыць пра здольнасьць Іствуда ствараць эфектнае кіно, незалежна ад жанру.

Гэта больш, чым таямнічы трылер. Стужка дасьледуе ўзаемапранікнёныя аспекты гора, смутку, віны і шнараў мінулага, якія застаюцца актуальнымі назаўжды.

Акторскі склад стужкі ўражвае магутнасьцю і бязьмежным талентам выканаўцаў, у прыватнасьці Шона Пэна, Кевіна Бэйкан і Ціма Рота.

Гледачы сутыкнуцца з забойствам дзяўчыны, дачкі героя Шона Пэна і наступным заблытаным рассьледаваньнем. Калі вам жадаецца паглядзець па-сапраўднаму выбітнае кіно – гэта тое, што трэба.

З народзінамі, Клінт Іствуд!

Прыемнага прагляду!
Іншыя нашыя падборкі фільмаў глядзіце тут.