Топ-10 фільмаў Крыстафэра Нолана, трыюмфатара апошняй цырымоніі Оскар
Доўгія гады славуты рэжысэр мог толькі марыць пра галоўную кінаўзнагароду. Не перабольшваючы ўплыў статуэткі праз інтрыгі нашага часу і новыя дзіўныя правілы ў вылучэньні і выяўленьні пераможцаў Оскара, гэтая падзея працягвае прыцягваць увагу ўсяго сьвету. З гэтай нагоды мы склалі сьпіс з найлепшых фільмаў Нолана. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Дзюнкерк (Dunkirk). 2017

Спроба Нолана стварыць эпічнае кіно пра падзеі, якія адбываліся роўна за 100 гадоў да прэм’еры фільма. Маштаб сапраўды ўражвае. З дапамогаю сучасных тэхнічных сродкаў стваральнікі мелі посьпех у паказе жахаў вайны для сёньняшняга глядача. Куля, якая амаль трапляе ў гледача, ці выбух снарада ля вашага (экраннага) кампаньёна па жаўнерскім хлебе – зробленыя безумоўна прыгожа і з веданьнем справы.
Але разам з тым не пакідае адчуваньне падчас прагляду, што стужка была зьнятая больш дзеля птушачкі, чым дзеля новага слова ў сьпісе фільмаў пра Першую ці Другую сусьветную.
Аматары ваеннага кіно несумненна знойдуць нешта для сябе. Але калі ты аматар з пэўным досьведам гэтага жанру – можна лёгка прапускаць, ці ўключыць на фоне.
Нумар 9. Довад (Tenet). 2020

Яшчэ адзін дастаткова спрэчны фільм выдатнага майстра. Лябірынт, куды ўцягвае Нолан, вядзе нас праз прыгожыя кадры і цікавыя ракурсы. З тэхнічнага боку – рэжысэр адзін з найлепшых у сваёй справе. Што да сэнсаў – у гэтага сучаснага клясыка заўжды шмат прыхільнікаў, як і хэйтэраў манэры здымкаў Нолана. Шпіёнскі трылер уплецены ў квантавую фізыку з удзелам Робэрта Патынсана.
Гучыць інтрыгоўна. Зрэшты, тое толькі на паперы, як бывае з прагнозам на футбольную гульню, калі нехта абапіраецца на гучныя імёны ў складзе адной з камандаў. На колькі даўно зьзялі тыя зоркі, і ці камфортна ім разам у агульным арганізме – справа больш складаная.
Так і з гэтай стужкай. Шматслойнае апавяданьне, якое будзе дарэчным сапраўдным фанам Нолана. Шараговым жа гледачам так і застанецца – спадзявацца на тое, што яны паглядзелі «разумны» фільм, як пісалі ў анатацыях.
Нумар 8. Бэтмэн: пачатак (Batman Begins). 2005

Фільм Крыстафэра Нолана адзначае вельмі істотны момант у гісторыі кіно пра супергерояў. Ён пераасэнсаваў не толькі персанажа, але і цэлы жанр. У гэтым фільме Нолан пазьбягае звычайных непрыемных вобразаў мінулага, а замест гэтага глыбока паглыбляецца ў псыхіку Бруса Ўэйна і самога горада Готэм. Нолан стварыў гісторыю пра Бэтмэна, якая не толькі пра страх і адкупленьне, але і пра сапраўднае правасуддзе.
Змрочны і жорсткі падыход да паходжаньня Бэтмэна, які дыхае рэалізмам, на той час быў беспрэцэдэнтным у жанры супергерояў.
Нолан стварыў першую частку сваёй знакамітай нуар трылёгіі пра Цёмнага рыцара. Калі вы не любіце звычайныя, пустыя фільмы пра чалавека-асьмінога-трактара-жалязяку, тады гэты сусьвет вас безумоўна ўзрадуе.
Нумар 7. Перасьлед (Following). 1999

Дэбютны поўнамэтражны фільм Крыстафэра Нолана служыць пераканаўчай заявай да новага складанага аўтарскага слова, якое будзе вызначаць усю славутую кар'еру рэжысэра. Зьнятая з абмежаваным бюджэтам, з мінімалістычным акторскім складам і здымачнай групай, стужка стала майстар-клясай па эканамічнай кінавытворчасьці.
Нолан дэманструе, што абмежаваньні часта спараджаюць чыстую творчасьць. Першы фільм адразу прыцягнуў увагу. Гісторыя вядзецца пра маладога пісьменьніка, які скіроўваецца ў небясьпечнае падарожжа ў сьвет крадзяжоў і падману пасьля таго, як пачынае сачыць за незнаёмцамі ў Лёндане.
Праз чвэрць стагодзьдзя, як бы вы адказалі на пытаньне, чаму Нолан абраў чорна-белыя здымкі? Гэта таксама аўтарская задума ці абмежаванасьць бюджэту? Вынік, які выйшаў на экраны дэманструе сьвежага, яркага аўтара, які здольны выказвацца з дапамогай любых дасяжных матэрыялаў.
Нумар 6. Опэнгэймэр (Oppenheimer). 2023

Трохгадзінная драма Крыстафэра Нолана, як мы і чакалі (але не жадалі ў нашым матэрыяле напярэдадні), атрымала перамогу ў намінацыі «Фільм года». Сапраўдных канкурэнтаў у гэтым сэзоне, па шчырасьці, зусім ня шмат, гэта, вядома, не зьмяншае вартасьць гэтай стужкі, але падкрэсльвае агульны не самы моцны ўзровень.
Біяграфія стваральніка атамнай бомбы не магла выклікаць падвышаную цікавасьць у наш час, калі тэрарысты з Крамля шантажуюць сьвет выкарыстаньнем той самай бомбы. У час стварэньня гэтай зброі, а менавіта напрыканцы Другой сусьветнай вайны, заходнія дэмакратыі ясна разумелі небясьпеку і варожую сутнасьць «сытуацыйнага хаўрусьніка» ў барацьбе з немцамі, які сядзеў у тым жа Крамлі. Таму цалкам дарэчнае зьяўленьне стужкі Нолана менавіта ў гэты час.
Кіліян Мёрфі ў ролі знакамітага навукоўца, акрамя якаснай акторскай працы, стаў вядомым як герой незьлічонай колькасьці мэмаў. Няпростая, не самая цікавая і захапляльная і доўгая гісторыя пайшла ў народ, што варта адзначыць як магічную здольнасьць Крыстафэра Нолана ствараць захапляльнае кіно.
Ці шмат людзей, якія здольныя вытрымаць прагляд стужкі другі раз? І ці цікава будзе глядзець гэты баёпік наноў – вырашаць вам.
Нумар 5. Цёмны Рыцар адраджаецца (The Dark Knight Rises). 2012

Фільм, зьняты Крыстафэрам Ноланам, зьяўляецца найбольш амбіцыйным і эпічным завяршэньнем адной з самых вядомых супергеройскіх трылёгій усіх часоў. Калі вы не глядзелі гэтыя карціны пра Бэтмэна, прыгатуйцеся, вас чакае не салодкая-папкорн ежа ад кінасусьвету Марвэл. Гэта – гатычны трылер ад іх галоўных канкурэнтаў – кінасусьвету DC.
Крысьціян Бэйл паказвае Бэтмэна, які фізычна і духоўна зламаны, але па-ранейшаму кіруецца нястомнай рашучасьцю рабіць тое, што неабходна для горада, які прызнаў яго ворагам, і гэта пасьля ўсіх ранейшых заслугаў.
Музыка Ханса Цымера, захапляльная і гераічная, ідэальна дапаўняе дзеяньне фільма.
Нумар 4. Бяссоньніца (Insomnia). 2002

Гэты псыхалягічны трылер, рымэйк аднайменнага нарвэжскага фільма 1997 года, пераносіць гісторыю ў жудаснае, вечнае сьвятло лета на Алясцы. Фільм з Аль Пачына, Робінам Уільямсам і Хілары Суонк у галоўных ролях ужо гучыць як сур’ёзная праца. Такой яна і зьяўляецца.
Крымінальная гісторыя пра забойства маладой дзяўчыны зьяўляецца пачынальнікам драмы, якая разгортваецца з тымі, хто яшчэ працягвае жыць. Аль Пачына выконвае ролю вельмі дасьведчанага дэтэктыва, які сутыкаецца з нечаканым разьвіцьцём пачатковага рассьледваньня.
Пастаяннае дзённае сьвятло становіцца самастойным персанажам, які пагаршае стан дэтэктыва. Ён не можа спаць, але прычынаю таму, ня меньш за сонца — пачуцьцё віны.
Нумар 3. Цёмны рыцар (The Dark Knight). 2008

Верагодна, праца Крыстафэра Нолана зьяўляецца найлепшым фільмам сярод усіх створаных супергеройскіх гісторыяў. Бэтмэн у выкананьні Крысьціяна Бэйла не выглядае карыкатурным, як большасьць герояў Марвэл. Усё ж кінасусьвет DC, куды акурат і адносіцца Бэтмэн, трэба прызнаць, больш вытанчаны.
Гэта сапраўдны твор мастацтва, значна шырэйшы за забаўляльную функцыю, якую звычайна перасьледуюць фільмы пра людзей са звышздольнасьцямі.
Бэйл у гатычным фільме Нолана шыкоўна выглядае з тонкай гульнёй, якая адлюстроўвае псыхалягічныя пакуты чалавека, што змагаецца з дваістасьцю свайго існаваньня. Бэтмэн Бэйла — гэта асоба трагічная, якая павінна змагацца са злом. Галоўны злодзей тут — Джокер, якога выканаў Хіт Лэджэр, таксама зьяўляецца эталёнам.
Хто запануе ў легендарным Готэм-Сіці?
Нумар 2. Інтэрстэлар (Interstellar). 2014

Стужка ўжо зьяўляецца клясыкай фільмаў пра космас. Крыстафэр Нолан у чарговы раз вырашыў стварыць і паглыбіць глядачоў у дзівосны клубок пераблытаных сусьветаў. Адзін дзень далёка па-за межамі Зямлі можа цягнуцца доўгія гады на нашай плянэце. Што калі адсюль трапіць за сьветлавыя гады туды, і заблытацца ў вяртаньні. Што будзе, калі твая справа займала імгненьне, а на Зямлі за гэты час прайшло ўсё жыцьцё?
Ці можна паспрабаваць перайначыць прастору і час? Ці можна вярнуцца назад, але як бы наперад? Фантастычны фільм з фантастычным акторскім складам. Вас будуць заблытваць і разблытваць Мэцью МакКонахі, Джэсіка Чэстэйн, Эн Хэтуэй.
Нумар 1. Пачатак (Inception). 2010

Гэта вялікае дасягненьне ў жанры навукова-фантастычнага кіно. Ужо толькі за адзін гэты фільм Крыстафэр Нолан атрымаў бы бессьмяротную славу і бясконцыя разгляды яго працы. Дарэчы, ці памятаеце Кіліяна Мэрфі ў гэтай карціне? Адзін з улюбёных актораў рэжысэра застаўся ў цені вялікага Леанарда Дзі Капрыё.
Галоўны актор пакаленьня грае чалавека, які навучэўся красьці неабходную інфармацыі і прамысловыя таямніцы ў людзей, пакуль яны сьпяць. Крыстафэр Нолан стварае шматслойны сон у структуры сну, які рассоўвае межы ўспрыманьня і разуменьня аўдыторыі. Каб справіцца з сапраўды складанымі выклікамі, будзе неабходна заснуць у сьне, але не згубіць нітку, якая зьвязвае вас з рэчаіснасьцю. Як не заблытацца і не застацца недзе там, у мроях, дзе можа быць ідэальнае жыцьцё, але адзін толькі знак, што гэта не сапраўднае – выверне вас у іншае вымярэньне. Але ці тое сапраўднае жыцьцё, ці адзін са слаёў сну?
Да новых сустрэчаў, Крыстафэр!
Прыемнага прагляду!