Топ-10 фільмаў Моргана Фрымана
Ці ўяўляеце гэтага цудоўнага актора маладым? Яго героі – гэта заўжды перадпэнсійны на выгляд чалавек. І так працягваецца ўжо доўгія дзесяцігодзьдзі. Сёньня Моргану Фрыману споўнілася 87 гадоў, і з гэтай нагоды мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў зь яго ўдзелам. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Морган Фрыман нарадзіўся ў той самы дзень і год, што і бабуля аўтара рубрыкі пра кіно на «Новым Часе», таму гэта дадае ўласных сэнтымэнтаў да выдатнага актора.
Нумар 10. Эпідэмія (Outbreak). 1995
Кевін Спэйсі, Морган Фрыман, Дасьцін Хофман — у актораў гэтага фільма на траіх — пяць узнагародаў Оскар. Кампанія, безумоўна, што трэба. У стужцы ім прыйдзецца вырашаць складаную праблему. Як становіцца зразумела з назвы — распачалася эпідэмія.
Гэта адна з самых страшэнных фобій нашага часу, меркаваньне, што ў глыбіні бязлюдных трапічных лясоў хаваюцца сьмяротныя хваробы, і калі яны калі-небудзь выйдуць са сваіх уладаньняў у джунглях і трапяць у чалавечую кроў, узьнікне новая чума, падобнай на якую мы ніколі не бачылі.
Стужка апавядае акурат пра падобны выпадак, калі трапленьне мікраскапічнага арганізма на цела чалавека прыводзіць да сьмерці на працягу 24 гадзінаў.
Мы станем сьведкамі злачынных спробаў змаганьня з першапачатковай пагрозай, а таксама пошукаў магчымасьці ўратавацца. Ці атрымаецца? Вельмі неадназначнае пытаньне.
Нумар 9. Нескароны (Invictus). 2009
Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) — Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі — Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай, па-першае, паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належала белай меншасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а па-другое — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым?
Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.
Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёваафрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.
Нумар 8. Цёмны Рыцар адраджаецца (The Dark Knight Rises). 2012
Фільм, зьняты Крыстафэрам Ноланам, зьяўляецца найбольш амбіцыйным і эпічным завяршэньнем адной з самых вядомых супергеройскіх трылёгій усіх часоў. Калі вы не глядзелі гэтыя карціны пра Бэтмэна, прыгатуйцеся, вас чакае не салодкая-папкорн ежа ад кінасусьвету Марвэл. Гэта – гатычны трылер ад іх галоўных канкурэнтаў – кінасусьвету DC.
Крысьціян Бэйл паказвае Бэтмэна, які фізычна і духоўна зламаны, але па-ранейшаму кіруецца нястомнай рашучасьцю рабіць тое, што неабходна для горада, які прызнаў яго ворагам, і гэта пасьля ўсіх ранейшых заслугаў.
Музыка Ханса Цымера, захапляльная і гераічная, ідэальна дапаўняе дзеяньне фільма.
Нумар 7. Шафёр міс Дэйзі (Driving Miss Daisy). 1989
Праблемы расы, старэньня, сяброўства і звычайных адносінаў – гэтыя рэчы чакаюць вашай увагі напрацягу ўсёй шчымлівай стужкі Бруса Бэрэсфорда. Фільм адаптаваны па п'есе Альфрэда Угры, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Гледачы трапляюць у далікатныя абставіны амэрыканскага поўдня канца 1940-х гадоў.
Вобраз Джэсікі Тэндзі, сталай габрэйскай удавы, адлюстроўвае складанасьці жанчыны, якая змагаецца з уласнымі забабонамі і страхамі. Морган Фрыман у ролі кіроўцы робіць свайго героя цярплівым, годным, але разам з тым і сьцішана-упартым, чым самым вымушае шаноўную гаспадыню зьмяніць фанабэрства на павагу.
Спакойны, ціхі фільм, які верагодна стале ўлюбёнцам у вашай залатой калекцыі кіно.
Нумар 6. Цёмны рыцар (The Dark Knight). 2008
Верагодна, праца Крыстафэра Нолана зьяўляецца найлепшым фільмам сярод усіх створаных супергеройскіх гісторыяў. Бэтмэн у выкананьні Крысьціяна Бэйла не выглядае карыкатурным, як большасьць герояў Марвэл. Усё ж кінасусьвет DC, куды акурат і адносіцца Бэтмэн, трэба прызнаць, больш вытанчаны.
Гэта сапраўдны твор мастацтва, значна шырэйшы за забаўляльную функцыю, якую звычайна перасьледуюць фільмы пра людзей са звышздольнасьцямі.
Бэйл у гатычным фільме Нолана шыкоўна выглядае з тонкай гульнёй, якая адлюстроўвае псыхалягічныя пакуты чалавека, што змагаецца з дваістасьцю свайго існаваньня. Бэтмэн Бэйла — гэта асоба трагічная, якая павінна змагацца са злом. Галоўны злодзей тут — Джокер, якога выканаў Хіт Лэджэр, таксама зьяўляецца эталёнам.
Хто запануе ў легендарным Готэм-Сіці?
Нумар 5. Пакуль не згуляў у скрыню (The Bucket List). 2007
Рэжысэр Роб Рэйнэр прапаную двум немаладым легендам кіно Моргану Фрыману і Джэку Нікалсану адарвацца па поўнай. Іх героі на экране вось-вось чакаюць надыход няўмольнага канца жыцьця, і таму вымушаныя заняцца тым, што заўжды адкладалі ці баяліся зрабіць.
Здавалася б, вечная тэма аб тым, што неабходна пасьпець перад сьмерцю, але перад гледачамі – шыкоўная камедыя з яскравымі сцэнамі. Куды прывядуць герояў прыгоды “напярэдадні”?
Дзякаваць Богу і сёньня, праз 17 гадоў пасьля здымкаў, Морган Фрыман і Джэк Нікалсан па-ранейшаму жывыя і могуць сябе парадаваць чым-заўгодна.
Нумар 4. Сем (Se7en). 1995
Дэвід Фінчэр звычайна адказна адносіцца да выбару актораў на галоўныя ролі. У сярэдзіне дзевяностых у свой крымінальны трылер ён запрасіў Брэда Піта, Моргана Фрымана, Гвінэт Пэлтроў і Кэвіна Спэйсі.
Гэта фільм, які з самага пачатку ахоплівае вас сваёй трывожнай атмасфэрай і ніколі не спыняецца гэтага рабіць да самых тытраў. Сем – такая лічба шмат у каго зьяўляецца ўлюбёнай. Лічыцца, што яна прыносіць посьпех і дабрабыт. Разам з тым Дэвід Фінчэр зьняў стужку пра іншы бок – пра сем сьмяротных грахоў.
Гледачы становяцца сьведкамі ўсё новых і новых таямнічых забойстваў. Ахвяры абвінавачваліся забойцам у адным з гэтых грахоў. Дэтэктывы спрабуюць высачыць забойцу, які, як падаецца, гуляе зь імі, як з лялькамі.
Нумар 3. Уцёкі з Шаўшэнка (The Shawshank Redemption). 1994
Гэтая стужка амаль заўжды знаходзіцца сярод улюбёных у кожнага аматара кіно. Рэжысэр Фрэнк Дарабонт стаў сапраўдным майстрам турэмных гісторый. Згадаем таксама і яго «Зялёную мілю», што пабачыла сьвет у 1999-м, хаця там да ўцёкаў справа не дайшла.
Легендарная эпапея з вельмі працяглым зьняволеньнем галоўнага героя ў выкананьні Ціма Робінса, яго сяброўства са сталым крымінальнікам, якога грае Морган Фрыман, і шматлікіх канфліктаў як з кіраўніцтвам турмы так і з іншымі вязьнямі. Ніхто не чакаў ад ціхага чалавека такой гучнай справы.
Стужка не пакідае абыякавым нават чэрствае сэрца. Нягледзячы на тое, што мы разумеем, перад намі крымінальнікі, якія кагосьці забілі, абрабавалі, згвалтавалі — але ўсё адно яны застаюцца людзьмі, а ўжо потым любымі іншымі словамі, якімі іх можна апісаць.
Ці выконвае пенітэнцыярная сістэма функцыю, якую яна на сябе ўрачыста ўзяла — перавыхаваць чалавека за час яго ізаляцыі? Рытарычнае пытаньне — што да Амэрыкі, што тым больш да Беларусі. Якім чынам гэтая сістэма павінна функцыянаваць? Дзьве з паловай гадзіны фільма праляцяць хутчэй, чым дзесяцігодзьдзі ў зьняволеньні галоўных герояў.
Нумар 2. Малышка на мільён (Million Dollar Baby). 2004
Гэтая стужка не пакіне сухімі вашыя вочы, можаце не сумнявацца. Тут сышлася ідэальная камбінацыя: вялікі рэжысэр Клінт Іствуд зьняў фільм з выдатным акторам Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Падцьверджаньне гэтаму: узнагароды Оскар за лепшы фільм, рэжысэрскую працу, жаночую ролю Хілары Суонк і мужчынскую Моргана Фрымана.
Іствуд грае трэнера па боксу, якому жадалася мець чэмпіёна сярод тых, з кім ён працаваў, але за доўгую кар’еру гэтага так і не адбылося. Аднойчы ў яго залю прыходзіць звычайная, ужо дарослая афіцыянтка, якая чамусьці жадае пачаць трэнеравацца ў 31 год. Трэнер вельмі олдскульны і займацца з дзяўчынкамі — гэта не яго ўзровень. Але з часам ён дазваляе сабе даць ёй некалькі ўрокаў.
Па-сапраўднаму выбітная акторская гульня зробіць з вас спецыялістаў у арганізацыі турніраў па боксу за кароткі час. І безумоўна, гэты фільм не пра бокс, ён пра жыцьцё, па якім часам наносяцца страшэнныя ўдары, нібы па грушы, што вісіць у старой залі.
Нумар 1. Недаравальны (Unforgiven). 1992
Пасьля караля жанру вэстэрн Джона Ўэйна надыйшла эра іншага выбітнага актора — Клінта Іствуда. Гэтай стужкай, у якой Іствуд выступае і як рэжысэр, які ўжо ўвайшоў у лік найлепшых у гісторыі кіно, Клінт дае своеасаблівую даніну вэстэрнам. Ён адначасова кажа дзякуй і разьвітваецца з гэтымі фільмамі. Яго герой — ужо далёка не малады чалавек, вымушаны акунуцца з галавою ў даўно забытую гульню. Яго жонка забітая, а ён спрабуе зноў авалодаць рэвальверам.
Іствуд спрабуе паказаць увесь чорны бок так званых герояў Дзікага Захаду. Забойствы, якія цягнуць за сабою забойствы, у выніку якіх вы атрымаеце… забойствы.
Цудоўны акторскі склад, разам з Клінтам Іствудам тут і яго даўні сябар Морган Фрыман і Джын Хэкмэн — на ўсю моц сваіх талентаў ствараюць фантастычна цікавы і захапляльны фільм. Кожны зь іх герояў мае доўгую і глыбокую гісторыю. Някожны здолеў пранесьці чалавечнасьць праз жыцьцё. Заслужаныя ўзнагароды за лепшы фільм года і рэжысэрскую працу Клінта Іствуда.
Прыемнага прагляду!