Топ-10 фільмаў Ніколь Кідман: да народзінаў найлепшай акторкі сучаснасьці
Незаўважна ўзрост акторкі дасягнуў 56 гадоў, хаця яе імпэт да новых прафэсійных выклікаў і фантастычны талент узрастае з кожным годам. Тры дзясяткі гадоў таму яна была «жонкаю Тома Круза», але на сёньня – мала хто з жывых акторак здолее параўнацца з непаўторнай Ніколь Кідман. Мы падрыхтавалі дзесяць лепшых стужак у яе фільмаграфіі. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Зласлівасьць (Malice). 1993
У фільме па-майстэрску пераплятаюцца аспекты саспэнсу, драмы і нэа-нуара. У выніку чаго атрымліваецца твор, інтэрпрэтаваць які настолькі ж складана, наколькі прыемна глядзець.
Стужка Харальда Бэкера — гэта заблытаная сетка падману і маніпуляцый з серыяй нечаканых паваротаў, якія ўвесь час не супадаюць з чаканьнямі гледачоў. Гераіня Кідман знаходзіцца ў самым цэнтры гэтай заблытанай гісторыі, кожнае яе дзеяньне мае ключавое значэньне для драмы. Гледачы ніколі дакладна не могуць сказаць, што за намеры ў галоўнай гераіні.
Гэта выдатны трылер, які пагружае гледачоў у падзеі вакол імавернага забойства.
Нумар 9. Трусіная нара (Rabbit Hole). 2010
Эмацыйна моцная драма, заснаваная на глыбока кранальнай гульні Ніколь Кідман. Фільм, зьняты рэжысэрам Джонам Кэмеранам Мітчэлам заснаваны на п'есе Дэвіда Ліндсэй-Абэра, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію.
Кідман у ролі кабеты, якая разам са сваім мужам змагаецца са сьмерцю іх маленькага сына ў аўтакатастрофе. Фільм дэталёва фіксуе іх шлях праз гора і іх барацьбу за аднаўленьне сувязі адно з адным і сьветам вакол іх. Выкананьне Ніколь Кідман, адно з лепшых у яе кар'еры, уцягвае гледачоў у яе сьвет. Гэта прымусіць кожнага адчуць глыбіню яе болю і заўважыць спробу нараджэньня яе надзеі.
Узаемадзеяньне герояў дэманструе напружаньне ў іх шлюбе, калі кожны зь іх па-свойму перажывае сваё гора. Каханьне здольнае загаіць нават самыя глыбокія раны.
Нумар 8. Шырока заплюшчаныя вочы (Eyes Wide Shut). 1999
Стужка, якая не падыйдзе для дзяцей. Гэты твор пры паказе на ТБ рэзалі, бо апошні фільм Стэнлі Кубрыка быў выбухным.
«Шырока заплюшчаныя вочы» лічыцца адным з самых загадкавых фільмаў рэжысэра. Ніколь Кідман і Том Круз, якія граюць сямейную пару, і ў жыцьці на той час былі ў шлюбе. Гэта дадавала дадатковай эмацыйнасьці і жарсьці стужцы.
Правакацыйнае кіно, якое кідае гледачоў у сьвет здрады, пошуку даверу і цёмных бакоў сумеснага жыцьця. Герой Тома Круза атрымліваецца ўцягнутым у заблытаныя правілы жыцьця вышэйшага сьвету, дзе пад маскаю ўпарадкаванага існаваньня знаходзіцца поўная супрацьлегласьць. Таемныя вечарыны, дзе можа адбыцца ўсё што заўгодна.
Сам Стэнлі Кубрык недажыў некалькі тыдняў да сусьветнай прэм’еры ўласнага шэдэўра.
Нумар 7. Нараджэньне (Birth). 2004
Захапляльная гульня Ніколь Кідман у ролі жанчыны, якая сутыкнулася са, здавалася б, немагчымым вяртаньнем свайго мёртвага мужа ў выглядзе дзіця. Акторка выглядае пераканаўчай ад пачатку да самага канца. Джонатан Глэйзер стварыў незвычайную карціну, дзе гледачы разам з гераіняй Ніколь блукаюць на мяжы звышнатуральнага.
У фільме ўдава, якая паступова пачала ажываць пасьля страты мужа дзесяць гадоў таму. Аднак яе сьвет руйнуецца, калі зьяўляецца дзесяцігадовы хлопчык, які прэтэндуе на рэінкарнацыю мужа. Гучыць дзіўна, але назіраць за дзеяньнем — адно задавальненьне.
Гераіня Ніколь Кідман разрываецца паміж лягічнай немагчымасьцю сцьвярджэння хлопчыка і сваім эмацыйным жаданьнем, каб гэта было праўдай.
Нумар 6. Газэтчык (The Paperboy). 2012
Стужка была намінантам на Залатую пальмавую галіну ў Канах.
Сюжэт разгортваецца ў Фларыдзе ў канцы 1960-х гадоў, дзе два браты рассьледуюць справу асуджанага на сьмерць. Гераіня Ніколь Кідман — гэта нявеста зьняволенага па перапісцы, жанчына, чые намеры абсалютна не вызначаныя.
Кідман паказвае адчай і непрадказальны характар сваёй гераіні. Яе вобраз дае значную глыбіню там, дзе іншая акторка магла застацца аднамернай.
Выдатнае экраннае спалучэньне зрабілі Мэцью МакКонахі і Зак Эфрон у ролях братоў. Іх пакручастыя адносіны з гераіняй Кідман даюць чаду. Стужка трымае ў трымценьні да апошніх кадраў. Жанр так званай «паўднёвай готыкі» заўжды знаходзіў безьліч прыхільнікаў. Не прапусьціце фільм.
Нумар 5. Забойства сакральнага аленя (The Killing of a Sacred Deer). 2017
Асоба рэжысэра Ёргаса Лантымоса можа стаць пэўным водападзелам ці перасьцярогай напярэдадні прагляду гэтай стужкі. Грэцкі рэжысэр, аўтар скандальнага фільму «Лобстэр» зьняў новы, у падобнай стылістыцы фільм.
Таму мы адразу горача рэкамендуем яго тым, каго крануў згаданы «Лобстэр». І гэтак жа папярэджваем не аматараў Лантымоса. Ну а новыя гледачы безумоўна павінны даць сабе ўяўленьне пра цікавыя дзівосныя сусьветы.
Гэта складаны псыхалягічны трылер, дзе разам з Ніколь Кідман бліскуча грае сваю ролю Колін Фарэл. Акторка грае жанчыну, якая апынулася ў дзікай дылеме, і выбар наступнага ўчынку — гэта не проста ўзяць з паліцы ў краме «кока-колу» альбо «пэпі-колу».
Ідэальнае сямейнае жыцьцё герояў парушанае злымі намерамі падлетка, якога грае выдатны малады актор з Ірляндыі Бары Кеаган.
Фільм запрашае гледачоў паразважаць пра прыроду віны і тое, на што можна пайсьці, каб абараніць сваю сям'ю. Пасьля прагляду вы не здолееце яго забыць. Аднак нагадаем пра першыя сказы нашага апісаньня.
Нумар 4. Стокер (Stoker). 2012
У фільме, зьнятым паўднёвакарэйскім рэжысэрам Пак Чан Укам гераіня Ніколь Кідман зьяўляецца цэнтральнай фігурай у сямейнай гісторыі. Пасьля сьмерці яе мужа іх жыцьцё з дачкой перакулілася да гары нагамі пасьля нечаканага прыезда таямнічага швагра, мужавага брата.
Напружаньне ў стужцы няўхільна расьце па меры разблытваньня сеткі сямейных таямніцаў.
Складаныя ўзаемаадносіны галоўнай гераіні з дачкой, у выкананьні Міі Васікоўскай, складаюць эмацыйны стрыжань стужкі. Вакол — падводнымі плыні напружаньня, недаверу і нявыказанай крыўды.
Нумар 3. Іншыя (The Others). 2001
Ніколь Кідман выконвае ў гэтай стужцы ашаламляльную ролю кабеты, якая змагаецца са сваімі жахамі і вымушаная змагацца за бясьпеку сваіх дзяцей. Рэжысэр Алехандра Аменабар зьняў стужку, дзе дэманструе клясычную гісторыю дома з прывідамі ў сьвежай і інтрыгоўнай манэры. Яму атрымліваецца захапіць увагу гледачоў ад жудаснага пачатку да шакавальнай разьвязкі.
Гераіня Кідман жыве ў ціхім маёнтку пасьля Другой сусьветнай вайны са сваімі дзецьмі, якія пакутуюць рэдкай хваробай сьвятлоадчувальнасьці. Жахлівы паварот у жыцьці сям’і адбываецца, калі прыяжджаюць тры таямнічыя слугі, што прыносяць з сабой атмасфэру нечага містычнага і невядомага.
Цікава, што хвароба дзяцей сапраўды сустракаецца ў людзей, хаця і надзвычай рэдка. Цудоўны трылер, каб паглядзець перад сном.
Нумар 2. Гадзіны (The Hours). 2002
Гэтая стужка прынесла першую ўзнагароду Оскар Ніколь Кідман. Фільм пераплятае жыцьці трох кабетаў у розныя перыяды часу. Карціна базуецца на вялікай ролі Кідман у ролі легендарнай пісьменьніцы Вірджыніі Вульф. Разам зь ёй на экране бліскучыя акторкі Мэрыл Стрып і Джуліяна Мур.
Кідман увасабляе легендарную пісьменьніцу Вульф з надзвычай моцнай гульнёй на экране. Яна паказвае барацьбу пісьменьніцы з псыхічным захворваньнем і яе імкненьне да творчай свабоды.
Стужка паказвае як час творчай працы Вульф, так і Лос-Анджэлес 1950-х гадоў, а таксама сёньняшні час, які ўвасабляе гераіня Мэрыл Стрып. Усе яны пераплеценыя нябачнымі ніткамі, і ўплываюць адно на іншае.
Нумар 1. Догвіль (Dogville). 2003
Прыбярыце дзяцей ад экрану. Ніколь Кідман выконвае звыш эмацыйную ролю жанчыны, якая шукае прытулку ад гангстэраў у маленькім горадзе, які мае назву Догвіль. Фільм, зьняты рэжысэрам Ларсам фон Трыерам, уяўляе сабой рашучую крытыку крывадушнасьці грамадзтва. Фон Трыер дасьледуе здольнасьці чалавека да жорсткасьці, сьведкамі гэтаму становяцца гледачы.
Стужка адразу зьдзівіць сваёй мінімалістычную эстэтыкай. У горадзе няма сьценаў (зрэшты яны вядома існуюць, але толькі як лініі на зямлі). З разьвіцьцём гісторыі адносіны гераіні Ніколь Кідман з гараджанамі становяцца ўсё больш напружанымі, хаця пачыналіся праз сяброўскія вітаньні і зычэньні вечнага шчасьця.
Цалкам нязвыклы вонкавы сьвет Догвіля даволі хутка становіцца рэальным для гледачоў, якіх чакае па-сапраўднаму цікавае падарожжа.
Якім чынам вы паводзілі б сябе ў падобных абставінах? Абавязкова паглядзіце гэтую шыкоўную стужку.
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Прыемнага прагляду!