Топ-10 фільмаў, у якіх шмат сьнегу, але яшчэ не Калядных
Беларусы апошнія дні б'юць рэкорды ў сацсетках пастамі, у якіх паказваюць адно аднаму сьнег, што выпаў у розных раёнах нашай краіны. Мы падрыхтавалі для вас падборку фільмаў, у якіх таксама паказваюць сьнег, калі вы ўжо з трымценьнем чакаеце зімы. Не турбуйцеся: адмысловую сьвяточную падборку пра Раство мы зробім у свой час.
Нумар 10. Хронікі Нарніі (The Chronicles of Narnia: The Lion, the Witch and the Wardrobe). 2005
Казачны, сьнежны, загадкавы і прыгожы фільм пачынае наш рэйтынг. Гэта экранізацыя вядомага твора Клайва Льюіса. Нарнія ў значнай ступені сымбалізуе ідэальны сьвет, альбо рай. Падчас Другой сусьветнай вайны Люсі і яе браты і сёстры, каб пазьбегнуць небясьпекі падчас бамбаваньня нацыстамі Лёндану, адпраўляюцца ў дом па-за межамі сталіцы. Аднойчы Люсі знаходзіць шафу, якая пераносіць яе ў чароўны сьвет пад назвай Нарнія. Там яны далучаюцца да чароўнага льва Аслана ў барацьбе супраць злой Белай вядзьмаркі Джадзіс. У пачатку злая каралева, вядомая як Белая вядзьмарка, кіруе Нарніяй на працягу ста гадоў. Каралева распачала перыяд вечнай зімы. Дзецям і льву неабходна перамагчы яе. Цудоўная алюзія на рэальныя падзеі ў сьвеце.
Нумар 9. Зімовая костка (Winter's Bone). 2010
Верагодна, найлепшая роля Джэніфэр Лоўрэнс. Стужка была зьнятая яшчэ да пэрыяду касавых працаў акторкі, і дазволіла ёй раскрыць свой талент напоўнніцу. Рэжысэрка Дэбра Гранік акунае нас у чэрствы і жорсткі сьвет маленькага амэрыканскага гарадка, дзе мала працы, не хапае сродкаў, а чалавечыя адносіны выбудоўваюцца сутыкненьнямі і суцэльнай агрэсіяй. Пэсымістычны сусьвет, дзе жыве гераіня Джэніфэр Лоўрэнс, напоўнены цяжка хворай маці і бацькам, гандляром наркотыкамі, які знаходзіўся за кратамі і павінен вярнуцца на малую радзіму. Калі вам не хапае цяжкасьцяў і жадалася б пагрузіцца ў чужыя — гэты прамёрзлы фільм для вас.
Нумар 8. Кліч дзікай прыроды (The Call of the Wild). 2020
Для прагляду з дзецьмі складана прыдумаць лепшы фільм пра сьнег. Адвечная гісторыя, дзе ў галоўных ролях чалавек і сабака. Гісторыя пра сяброўства, выпрабаваньні і вялікую любоў. Аповед вядзецца ад імя сабакі, які прызвычаіўся да людзей напрыканцы ХІХ ст. у Амэрыцы, але быў скрадзены і прададзены для цяжкай працы на Алясцы. Сабака знаходзіць сваю справу, а потым у яе жыцьці зьяўляецца той самы чалавек – герой Харысана Форда. Прыгоды абодвух прымусяць вас уважліва сачыць за дзеяньнем на экране. Чароўныя відарысы Аляскі застануцца ў вашай памяці. А ўявіце, калі б падобнае здарылася з вашым сабакам?
Нумар 7. Ненавісная васьмёрка (The Hateful Eight). 2015
Гэты зімовы вэстэрн зьняў Квэнцін Таранціна. Тут альбо вы адразу пачнеце шукаць, дзе легальна паглядзець фільм, альбо прагартаеце на наступны радок нашага рэйтынгу. Усё тое, што мы любім (альбо наадварот) у працах Таранціна – прысутнічае ў гісторыі пра дзікі, але халодны захад.
Восем чалавек апынуліся ў сьнежнай пастцы ў адным пакоі праз віхуру звонку. Выйсьці нельга, але і знаходзіцца разам — мы гэта адчуваем адразу — вельмі небясьпечна. Адно няправільнае слова ці позірк могуць справакаваць рэзкія наступствы. Хтосьці з прысутных відавочна не той, за каго сябе выдае. Шыкоўныя дыялёгі і па-майстэрску падабраны саўндтрэк будуць грэць ваш вечар, пакуль на экране і за вакном халодна.
Нумар 6. Санкцыя на піку Эйгера (The Eiger Sanction). 1975
Клясычны сьнежны фільм, які паставіў Клінт Іствуд. Гэта зусім не вэстэрн, як магло падацца пасьля папярэдняй стужкі, тут размова вядзецца пра горы. Галоўны герой, у выкананьні таго ж Іствуда, займаецца звычайнымі заняткамі, але сродкаў пэрыядычна не стае, і ён час ад часу бярэцца за выкананьне спэцыфічных таямнічых заданьняў. Новае заданьне павінна быць зробленае ў Альпах, куды на пік Эйгера ўзыходзіць група альпіністаў. Сярод іх ёсьць шпіён і забойца. Знайсьці яго — менавіта такое заданьне пастаўленае перад галоўным героем.
Стужка пра шпіёнаў і горы — ідэальны камплект.
Нумар 5. Эўропа (Europa). 1991
Праца Ларса фон Трыера, якая атрымала шэраг узнагародаў на Канскім кінафэсьце. Сярод актораў можна знайсьці ўлюбёнца Інгмара Бэргмана – Макса фон Сюдава. Псыхалягічны і нялёгкі фільм паказвае нам пасьляваенны сьвет. Амэрыканец нямецкага паходжаньня вырашае ў 1945 годзе паехаць у Нямеччыну, каб разам са сваяком працаваць на чыгунцы. Страшэнныя малюнкі пасьляваеннай Эўропы пад грукат цягніка грукаюцца ў ягонае сэрца. Гэты фільм – спроба рэжысэра асэнсаваць разгубленасьць пасьляваеннай Эўропы. Часам фантасмагарычныя дэкарацыі толькі падвышаюць градус гэтай гісторыі.
Нумар 4. Той, хто выжыў (The Revenant). 2015
Яшчэ адзін вэстэрн у нашай падборцы. Фільм зьняў адзін з найлепшых рэжысэраў сучаснасьці – Алехандру Гансалес Іньярыту. Стужка прынесла доўгачаканы Оскар за лепшую ролю Леанарда Дзі Капрыё, а Гансалес Іньярыту атрымаў за сваю працу. У 1823 годзе галоўны герой у складзе групы выпраўляецца дасьледаваць дзікія мясьціны і атрымлівае амаль несумяшчальныя з жыцьцём траўмы ў выніку жорсткага нападу мядзьведзя. Герой Дзі Капрыё становіцца «слабым зьвяном», і каб пазбавіцца яго ў суровых умовах зімы, іншы чалец групы зьдзяйсьняе страшэнныя рэчы і пакідае яго сам-насам са сьмерцю. Герой Дзі Капрыё павінен выкарыстоўваць свае навыкі выжываньня, каб знайсьці шлях назад у цывілізацыю.
Падрыхтуйце глінтвейн, нават шмат глінтвейну, фільм працягласьцю 2,5 гадзіны.
Нумар 3. Фарга (Fargo). 1996
Драма братоў Коэнаў, дзе галоўную ролю выконвае жонка адно зь іх – Джоэла Коэна – Фрэнсіс МакДорманд. Гэты фільм стаў першым, што прынес ёй узнагароду Оскар за лепшую ролю, наперадзе будуць яшчэ два!
Фільм заснаваны на рэальных падзеях, а гэта заўжды прыцягвае яшчэ больш увагі. Прадавец машынаў апынуўся ў сітуацыі, калі стаў вінаваты вялікую суму грошаў. Ён не змог прыдумаць нічога лепш, чым наняць дваіх крымінальнікаў, каб яны скралі яго жонку, і такім чынам вымагаць выкуп у багатага бацькі сваёй абраньніцы жыцьця. Схема стандартная і хутка вырашальная, калі б не абставіны. А яны склаліся так, што ўсё пайшло не па пляне. Культавы фільм, які пазьней стаў крыніцай натхненьня для аднайменнага серыялу.
Нумар 2. Зьзяньне (The Shining). 1980
Калі не баіцеся засынаць пасьля трылераў — спакойна заплянуйце прагляд гэтага шэдэўра на позьні вечар. Кадры з фільма Стэнлі Кубрыка бачылі мільёны людзей, якія нават і не глядзелі сам фільм. Тысячы мемаў прыдуманыя з тварам героя Джэка Нікалсана. Але лепш за ўсё — сесьці і паглядзець урэшце тое, пра што чулі шматкроць.
Трымайце моцна за руку блізкага чалавека і націскайце на плэй. Галоўны герой становіцца зімовым даглядчыкам у гатэлі, дзе ніхто не жыве ў сьнежны сэзон папросту з той прычыны, што даехаць туды немагчыма праз сьнегапады. Герой Нікалсана – пісьменьнік, але яго творы не бяруцца публікаваць, таму ён марыць аб творчым адпачынку гэтай зімой. Ён бярэцца за працу па доглядзе за гатэлем і селіцца там з жонкай і сынам, які пакутуе на псыхічныя захворваньні. Замкнёная зімовая прастора пачынае дзейнічаць на прысутных. Як бы тут ня страціць розум.
Нумар 1. Дзень Сурка (Groundhog Day). 1993
На першым радку нашага рэйтынгу – фантастычны і добры фільм з Білам Мюрэем і Эндзі МакДаўэл.
Тэлевізійны сіноптык Філ вымушаны з прадусарам і апэратарам ехаць у далёкі, маленькі, правінцыйны і нікому нецікавы гарадок, каб зьняць чарговы сюжэт, як 2 лютага гарадзкія ўлады выцягнуць з нары сурка і будуць глядзець, ці ёсьць ад яго цень – калі так, тады мясцовасьць чакае яшчэ 6 тыдняў зімы. Філ вельмі цынічны і зьдзекуецца зь любой нагоды. Каманда абы-як здымае сюжэт, Філ у сувязі са сьнежным штормам вымушаны застацца ў гарадку яшчэ на адну ноч. Надыходзіць раніца, і атрымліваецца, што ўсё пачынаецца наноў і ён пражывае той жа дзень. А потым яшчэ раз. Бясконцы Дзень Сурка. Як жа выблытацца?