ТОП-12 самых запатрабаваных песень 2016 году па версіі tuzin.fm (аўдыё)

Пераспеў па-украінску гіта «Мроі» — «Я рок-музыкант» у выкананні гурту «Жадан і Собаки» стаў самай запатрабаванай песняй году на афіцыйным канале Tuzin.fm на Soundcloud.

eveningkiev.com

eveningkiev.com


Усяго за пэрыяд з 1 студзеня 2016 да 31 снежня 2016 году на «тузіноўскім» стрымінг-канале было зафіксавана 302 000 праслухоўванняў (за той жа перыяд у 2014-м было 126 000, а летась – 316 000). Найбольш слухачоў з Беларусі (197 997), потым ідуць Расея (19 334), Украіна (19 159), ЗША (15 222), Польшча (14 202).
Тузін трэкаў, якія слухалі найбольш у 2016 годзе, выглядае наступным чынам (у дужках колькасць праслухоўванняў за 12 месяцаў).
12. Dzieciuki – Случчакі (2 292)
11. Dzieciuki – 1937 (2 541)
10. Dzieciuki – Вітаўт Вялікі (2 719)
9.  Адэля Вольская – Адэлька-сардэлька (2 719)
8. Dzieciuki – Чорны хлеб і гарбата (3 080)
7. Dzieciuki – Паходная (3 459)
6. Dzieciuki – Трымайся, браце! (3 495)
5. Адэля Вольская – Усё атрымаецца (4 184)
4. Dzieciuki – Давыд Гарадзенскі (4 553)
У сакавіку 2016-га году на Tuzin.fm адбылася прэм’ера другога альбому гарадзенскай каманды Dzieciuki – «Рэха». Цікавасць да рэлізу сярод слухачоў канала настолькі вялікая, што ў вясновы топ-12 трапілі ўсе 11 трэкаў з альбому. Попытам яны карысталіся і надалей – у гадавы топ-12 трапілі 8 песень з гэтага дыску.  
«Дзецюкоў» асабліва цікавіць тая гісторыя, якая забытая ці сарамліва замоўчваецца сённяшнімі беларускімі ўладамі: антырасейскія паўстанні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі… Музыкі пэўныя, што ўсё, што адбывалася ў мінулым, мае непасрэдны ўплыў на сучаснае і будучае. Суаўтар тэкстаў гурту Дзяніс Жыгавец кажа, што гэты альбом сам ёсць рэхам мінуўшчыны. Рэхам, якое нясецца ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, закранае Рэч Паспалітую, праходзіць праз Беларускую Народную Рэспубліку, спатыкаецца аб савецкі пэрыяд і ўрываецца ў першыя гады незалежнай Беларусі, як бы паказваючы нам той спрадвечны шлях.

dzie.jpg

Сярод песень «Дзецюкоў» сустракаюцца два трэкі Адэлі Вольскай з яе дэбютнага рэлізу «Усё атрымаецца», які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm у жніўні 2016-га. Загалоўная песьня з яго ўзначаліла летні топ-12. Тады ў першую пяцёрку трапілі яшчэ два яе творы,  а да ўсяго чатыры кампазыцыі ў топ-12 належалі аўтарству яе таты – Лявону Вольскаму.
Адэля кажа, што натхняецца звычайнымі паўсядзённымі сытуацыямі. Песня «Усё атрымаецца» была напісаная падчас яе прабуджэння ў сонечны дзень — яна адчула неапісальную радасць і зразумела, што як бы ні было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча.

adelia5.jpg

3. Голая манашка – Танец-фрык (4 904)
«Танец-фрык» – адзіная песня фіналіста конкурсу «Засьпявай 3.0», якая трапіла ў гадавы топ-12. Яе запісаў Фёдар Жывалеўскі разам з гуртом «Голая манашка» на верш Зьмітра Вішнёва.  Фёдар заяўляе, што ня можна ігнараваць такую з'яву, як беларускі авангард і літаратурны пэрформанс, бо ігнор у першую чаргу – гэта татальнае прызнанне непаўнавартасці. Таму ён стварыў песьню на верш сучаснага беларускага паэта, прычым такога, які на думку лідара «Голай манашкі» проста «выпадае з кантэксту інфармацыйнага адстойніку». Вішнёў — гэта адзін з тых паэтаў, які займаецца паэзіяй не для атаясамлення сябе з нейкай прафэсіяй . Ён так жыве як піша, і піша тое чым жыве, – перакананы Фёдар. Яго песня таксама перамагла ў адмысловым «Засьпявай-туры», але барацьбу ў чарце «Голая манашка» вырашыла не працягваць – Федзя запатрабаваў зняць песьню з чарту. Тым ня менш, яе працягваюць актыўна слухаць на «тузіноўскім» аўдыёканале, што дазволіла ёй увайсьці ў тройку самых запатрабаваных песень году. 



2. Dzieciuki – Тадэвуш Касьцюшка (7 300)
Самай запатрабаванай песьняй з альбому «Рэха» стаў твор, прысвечаны Тадэвушу Касьцюшку. Гарадзенцы прэзэнтавалі яго трохі раней за рэліз – асобным самотнікам, які пабачыў свет 4 лютага, акурат на 270-годдзе нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы. Для «Дзецюкоў» Тадэвуш Касьцюшка — увасабленне гонару і годнасці народу, які жыве на той самай зямлі, што дала яму жыццё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з тых, хто шукае праўды і справядлівасці, пэўныя музыкі. Гэты пасыл падзяляюць тысячы беларусаў, што дазволіла гэтаму трэку заняць другое месца па выніках году. Да колькасьці гэтых праслухоўванняў (7300) таксама можна дадаць яшчэ 2555 – столькі гэты трэк праслухалі на нашым канале яшчэ, калі выйшаў альбом «Рэха».


1. Жадан і Собаки – Рок-музыкант (11 700)
Твор, прэзэнтаваны ў межах праекту парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі!» у верасні 2015-га, па-сапраўднаму расслухалі ў 2016-м. Ён увайшоў у сталы рэпэртуар украінскага паэта, а па сумяшчальніцтве лідара гурту з Харкаву «Собаки в космосі» (ці проста «Жадан і Собаки») Сяргея Жадана і дужа палюбіўся беларускай ды ўкраінскай публіцы. Музыкі зрабілі на яе музычнае відэа і цяпер без яе выканання не абыходзіцца ніводны іх выступ. Вясною трэк узначаліў топ-12 на канале «Тузіна», летам саступіў месца двум трэкам Адэлі Вольскай, а ўвосень вярнуўся на пазіцыю лідара. Па суме праслухоўванняў за 2016 год «Рок-музыкант» у выкананні Жадана зноў жа заняў першае месца.



Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца праслухоўванні толькі праз плэер Soundcloud, а ёсць яшчэ праслухоўваньні/запампоўкі на самім сайце Tuzin.fm, а таксама «УКантакце» і Youtube, якія лічацца асобна. Так што рэальныя лічбы праслухоўванняў кожнай песьні могуць быць значна большыя.