У Беларусі практыкуюць новы спосаб вывучэння роднай мовы — з дапамогай электрашокера

Андрэй Бонд — новы ўдзельнік забаўляльнага шоу, дзе вядоўца выпрабоўвае на трываласць як фізічную падрыхтоўку ўдзельніка, так і яго ўзровень валодання беларускай мовай.

img_0379_1.jpg

Грамадская кампанія «Годна» сумесна з «Арт Сядзібай» запускае «Мова Challenge». Мэта праекта — ладзіць незвычайныя ўрокі беларускай мовы для беларускіх селебрыці.

У трэцім выпуску лакацыя і заданне змяніліся. Андрэя Бонда выпрабоўваюць электрашокерам. Андрэй – шоўмэн і тэлевядоўца, які выказаўся зараз пра навіны ды падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Ён раіць і вам не баяцца ды не маўчаць. У шоу Бонд не маўчыць па-беларуску, узгадваючы нават не простыя словы.

Ідэя задання простая: вядоўца кажа герою слова па-беларуску, якое ён мусіць перакласці на рускую мову. І наадварот – з рускай на беларускую. У выпадку, калі чалавек не ведае перакладу, яго б'е электрашокерам. Прычым з кожнай памылкай магутнасць павялічваецца.


Такім чынам, мерапрыемства носіць адукацыйны характар. Але, перш за ўсё, безумоўна, забаўляльны.