У Лідзе паставілі помнік Гедыміну (фотафакт)
У Лідзе паставілі помнік Гедыміну. Адкрыюць яго 7 верасня падчас Дня гораду, піша «Свабода».

Гедымін — вялікі князь літоўскі ў 1316–1341 гадах, які ўдвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ. Падчас яго кіравання мураваныя замкі з’явіліся ў Лідзе, Медніках, Крэве і Віцебску.

Помнік паставілі на пляцоўцы ля Лідскага замку. Сёння пачаліся працы па ўсталяванні бронзавай коннай скульптуры вагай каля 3 тонаў і вышынёй да 6 метраў. Пастамент помніку будзе абліцаваны гранітам у колер Лідскага замку. На ім будзе помнік «Гедымін» і герб «Калумны».
Помнік зрабілі па эскізе скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, якія выйгралі ў конкурсе на стварэнне помніка ад Лідскага райвыканкаму. Нячай і Аганаў — аўтары мемарыялу ў Курапатах, усталяванага летась.