У Мінску хрысціяне розных канфесій разам адзначаць 500-годдзе Бібліі Скарыны

Мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю выдання беларускім асветнікам Францыскам Скарынам першай друкаванай кнігі Бібліі на ўсходнеславянскіх землях, адбудуцца 6 жніўня ў Мінску.  

skaryna_6.jpg


Духоўна-асветніцкае свята “Скарына, які нас аб’ядноўвае” пройдзе на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Пачатак аб 11 гадзіне.

Мэта свята – знаёмства прыхаджан, шырокай грамадскасці з жыццём і дзейнасцю знакамітага беларуса, вучонага, асветніка, выдаўца кніг Бібліі, паведамілі Krynica.info арганізатары.
У праграме Скарынаўскія чытанні. Запланаваны выстаўкі, прэзентацыі кніг, выступленні духавенства, вучоных, пісьменнікаў.
У свяце прымуць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій Беларусі.
Увечары жадаючых адсвяткаваць усёй сям'ёй гэту знакавую падзею і яшчэ раз асэнсаваць, які грамадны ўнёсак зрабіла Біблія для развіцця нашай краіны, чакаюць у дворыку царквы "Благадаць" (вул. Гурскага, 48) на свяце "500 год беларускай Бібліі — сьвята для ўсёй сям'і!".
У праграме: святочны канцэрт, конкурсы і віктарыны, шляхетная фотазона, батуты і шмат іншага. Пачатак а 16 гадзіне.