У Мінску пройдзе выстава класіка сучаснага фотамастацтва
Экспазіцыя работ латвійскага фатографа Гунарса Біндзі адкрыецца 21 лістапада ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.
Выстава «Гунарс Біндзі. Рэтраспектыва» арганізавана Латвійскім знешнеэканамічным прадстаўніцтвам у Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Яе мэта — расказаць пра Латвію, як пра краіну культурнага турызму, і пазнаёміць мінчан з творчасцю аднаго з найбольш выдатных дзеячаў мастацтва.
Экспазіцыя аб’ядноўвае больш за 80 работ класіка сусветнай фатаграфіі з розных калекцый: нацюрморты, пейзажы, рэпартажныя здымкі, чорна-белыя партрэты. У аб’ектыве фатографа пабывалі многія значныя дзеячы мастацтва — французскі акцёр-мім Марсэль Марсо, кампазітар Райманд Паўлс, дырыжор Леонідс Вігнер. Самай вядомай працай Біндзі стаў партрэт рэжысёра Эдуарда Смільгіса. За гэты здымак ён быў ганараваны асобнай ўзнагароды на фотавыставе ў Аргентыне ў 1966 годзе. Асаблівую ўвагу маэстра надаваў здымцы аголенай натуры, імкнучыся адлюстраваць прыгажосць ліній і формаў кожнай сваёй мадэлі. Сваёй візітнай карткай Гунарс Біндзі лічыць фатаграфію «Яна сядзіць у крэслы», якая ўключана ў англійскую энцыклапедыю фатаграфіі.
Работы Біндзі былі апублікаваныя ў шматлікіх замежных часопісах, а сам фатограф прымаў удзел у міжнародных выставах. Менавіта ён стварыў фотафільмы «Алё, Масква», «Сваімі рукамі», «Салют», а таксама прымаў удзел у стварэнні дакументальных фільмаў і дэкарацый для тэатральных пастановак. Фатограф мае ганаровае званне Выбітны мастак Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва.
Выстава «Гунарс Біндзі. Рэтраспектыва» працягнецца да 16 снежня. Каб наведаць экспазіцыю, трэба набыць уваходны квіток у Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага.