У Пакістане з'явіцца цэнтр беларускай мовы

Урады дзвюх краін таксама дамовіліся заключыць пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.


Як перадае БЕЛТА, праект абмяркоўваўся разам з іншымі напрамкамі двухбаковага ўзаемадзеяння ў адукацыйнай сферы падчас візіту ў Пакістан дэлегацыі на чале з першым намеснікам міністра адукацыі Вадзімам Богушам 11-15 красавіка.
Цэнтр беларускай мовы павінен адкрыцца на базе Нацыянальнага універсітэта сучасных моў Пакістана пры садзейнічанні Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта. Бакі ўжо ўзгаднілі змястоўную частку новай структуры.
У пасольстве Беларусі ў Пакістане адзначылі, што на ўзроўні міністэрстваў адукацыі дзвюх краін прынята рашэнне заключыць пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, вучоных ступеняў і званняў, а таксама распрацаваць і падпісаць дарожную карту супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
У ходзе перамоваў абмяркоўваліся магчымасці абмену студэнтамі і выкладчыкамі, арганізацыі сумесных адукацыйных праграм і навуковых даследаванняў. У адказ на зацікаўленасць пакістанскага боку першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш пацвердзіў гатоўнасць беларускіх калегаў аказаць садзейнічанне ў стварэнні Універсітэта прыкладных кваліфікацый ў Пакістане.
Паводле "Беларускага партызана"