У Полацку падрыхтавалі выставу да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна
Да 85-гадовага юбілею Генадзя Бураўкіна 28 жніўня ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку запрацуе выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага паэта, дзяржаўнага дзеяча, першага прадстаўніка незалежнай Беларусі ў ААН, паведамляе «Свабода».
Ягоны лёс непасрэдна звязаны з
Полацкам, які стаў яму найдаражэйшым месцам на ўсё жыццё і якому не раз ён прысвячаў
свае вершы, гаворыцца ў анатацыі на сайце Нацыянальнага Полацкага
гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Менавіта з Полацку, куды сям’я паэта пераехала з Расоншчыны, бярэ пачатак літаратурная творчасць Генадзя Бураўкіна.
«Лірыка творцы напоўненая шчырасцю і сардэчнасцю, таму нездарма на многія вершы паэта напісаныя папулярныя песні: «Зачарованая мая», «Белы снег», «Малітва» ды іншыя. А пад «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна вырасла не адно пакаленне маленькіх беларусаў», — адзначаюць арганізатары імпрэзы.
Нельга абысці і актыўную грамадскую і дзяржаўную дзейнасць Генадзя Бураўкіна на пасадах старшыні Дзяржкамітэту тэлевізіі і радыёвяшчання БССР, дэпутата Вярхоўнага Савету БССР, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, намесніка міністра культуры, старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і г.д.
На выставе пад назвай «І ў любві да цябе я не раз буду клясціся...» будуць экспанавацца разнастайныя выданні, прадметы, фотаздымкі з фондаў музея-запаведніка, а таксама з асабістага збору сям’і Бураўкіных.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну на Віцебшчыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва», карэспандэнтам газеты «Правда» па БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць».
У 1978–1990 гадах — старшыня Дзяржаўнага камітэту тэлевізіі і радыёвяшчання БССР. У 1990–1994 гадах Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН. Па вяртанні на радзіму — намеснік міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Апошнія гады быў у апазіцыі да дзейных уладаў.
Генадзь Бураўкін памёр 30 траўня 2014-га на 78-м годзе жыцця і пахаваны на Усходніх могілках Мінску.