У ЗША выпусцілі напой у гонар гурта «Стары Ольса»
Медаварня «Groennfell Meadery» з амерыканскага штата Вермонт выпусціла мід «Stary Olsa», прысвечаны беларускаму фолк-гурту.
Медаварня спецыялізуецца на напоях з поліфлорнага мёду. Таму і гэты напой зрабілі з мёду з палявых кветак з дадаткам маладога падросту верасу і вытрымалі на бярозавай кары. У ім 13,9% алкаголю. На сайце медаварні ўжо прымаюцца замовы на «Stary Olsa»: адна бутэлька аб’ёмам 0,75 л каштуе 31,99 долара, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на pivo.by.
Вытворцы абяцаюць 5 долараў з кожнай бутэлькі перадаваць музыкам.
У Штатах беларускі гурт «Стары Ольса» ведаюць няблага. З 2016 года музыкі зладзілі пяць тураў па ЗША, даўшы агулам больш за паўтысячы канцэртаў. У 2017 годзе «Стары Ольса» выпусціў альбом «Вада, хмель і солад», прысвечаны застольным песням.