У Беларусі абвешчаны адкрыты конкурс "Арт-пасудзіна ў цэнтры Еўропы"

У Беларусі абвешчаны адкрыты конкурс па стварэнні арт-пасудзіны для захоўвання ці піцця традыцыйных беларускіх напояў. 



snngjtydxku.jpg

Арганізатарам конкурсу, які завецца "Арт-пасудзіны ў цэнтры Еўропы", выступіла ААТ "Лідскае піва" пры падтрымцы Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук. 


"Мэта спаборніцтва — звярнуць увагу грамадскасці на гістарычную і культурную спадчыну Беларусі, заснаваную на еўрапейскіх каштоўнасцях і нацыянальных асаблівасцях, на прыкладзе тэмы культуры піцця", — гаворыцца ў паведамленні арганізатараў. 


Прыём работ на ўдзел у конкурсе праводзіцца ў дзвюх намінацыях: "Пасудзіны, з якіх ільецца" (арт-аб'екты на тэму гарлачоў, бутэлек і іншай пасудзіны для захоўвання традыцыйных беларускіх напояў) і "Пасудзіны, з якіх п'ецца" (арт-аб'екты на тэму келіхаў, кружак і іншай пасудзіны для піцця традыцыйных беларускіх напояў). Дапушчальны мацунак напояў — да 7% спірту. На конкурс прымаюцца працы, "у якіх адлюстравана яркае творчае бачанне аўтара". 


Арт-аб'ект можа быць выкананы з любых матэрыялаў, у любым з відаў мастацтва (жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацкая фатаграфія, дызайн і да т.п.), у тым ліку ў яго сучасных кірунках. 


Конкурс "Арт-пасудзіны ў цэнтры Еўропы" праводзіцца сярод маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў уключна — грамадзян Беларусі і тых, хто пастаянна пражывае ў краіне. Да ўдзелу запрашаюцца дызайнеры, мастакі, рамеснікі і ўся актыўная моладзь з крэатыўным творчым патэнцыялам. 


Для ўдзелу ў конкурсе неабходна запоўніць форму заяўкі, размешчанай на сайце ААТ "Лідскае піва", а таксама прывезці ў аргкамітэт конкурсу або пераслаць па пошце арыгінал працы. Усё гэта павінна быць зроблена да 7 жніўня гэтага года ўключна. 


Пры падвядзенні вынікаў конкурсу журы будзе ўлічваць "арыгінальнасць аўтарскага плана, мастацкую вобразнасць, непаўторнасць мастацкага рашэння, адлюстраванне яднання нацыянальных асаблівасцяў і еўрапейскага духу". 


Цырымонія ўзнагароджання прызёраў і лаўрэатаў конкурсу пройдзе ў межах выставы "Летапіс пасудзіны ў цэнтры Еўропы" ў пачатку верасня гэтага года. Прадугледжаны прызы. Два пераможцы ў намінацыях атрымаюць грашовыя прызы па 14 млн. рублёў, два лаўрэаты — грашовыя прызы па 7 млн. рублёў. Прадугледжаны таксама "Прыз глядацкіх сімпатый" у памеры 2 млн. 800 тыс. рублёў.
Марына Носава, БелаПАН