У Гродне пройдзе міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў
«Cinema Perpetuum mobile» пройдзе з 12 па 20 студзеня і прапануе гродзенцам некалькі дзясяткаў фільмаў з розных краін. Фестываль-кінааперацыя ладзіцца Мінскім кінаклубам пры падтрымцы РУП «Белвідэацэнтр» другі год запар.
Пасля першага фестывалю гродзенскія аматары кіно прывезлі для паказу 7 лепшых стужак, якія занялі прызавыя месцы. На прагляд і выступ рэжысёра Аляксея Дэбронхе, арганізаваны ў «Салодкім пачастунку», тады прыйшло каля 70 чалавек.
Юлія Каляда, адна з арганізатараў, распавядае:
— Гэта дало нам пасыл, што гродзенцам вельмі цікавы такі фармат кіно: кароткаметражнае, аматарскае, некамерцыйнае, аўтарскае.
Таму ў гэтым годзе мы вырашылі правесці паказы ўсёй конкурснай праграмы, яны пройдуць у «Чырвонай зорцы», і некалькі тэматычных паказаў.
Сярод тэм — экалагічная, гендэрная, дзіцячая, фільмы беларускіх аўтараў і г.д.
Праект сацыяльны, таму ўсе паказы будуць для гледачоў бясплатнымі.
«Cinema Perpetuum mobile» пройдзе ў Мінску і Гродне адначасова.
Сярод мноства дасланых фільмаў, мінскія арганізатары фестывалю на перадпаказах адбяруць каля 30 лепшых. Іх і прадставяць гледачам.
Пераможцаў вызначыць міжнароднае журы. Лаўрэаты стануць вядомымі ў апошні дзень фестывалю.
— Мы ў Гродне думаем таксама арганізаваць невялікае галасаванне, — дзеліцца плпнамі Юлія Каляда, — і падрыхтаваць для пераможцы прыз глядацкіх сімпатый.
Праграма фестывалю «Cinema Perpetuum mobile» у Гродне будзе складзена да наступнага тыдня.