У межах першага Мінскага фестывалю фатаграфіі адкрылася выстава "Ступені"

Фотавыстава "Ступені", адкрыццё якой адбылося 15 лютага ў мінскай галерэі "Універсітэт культуры", стала дэбютным мерапрыемствам першага Мінскага фестывалю фатаграфіі.

 



stupeni.jpg

Арганізатарамі выставы, якая будзе працаваць да 3 сакавіка, выступілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і беларускае грамадскае аб`яднанне "Фотамастацтва". У экспазіцыю ўвайшлі больш як паўтары сотні здымкаў 48 фатографаў і фотамастакоў, у асноўным з Беларусі.
Большасць аўтараў паказалі свае работы, сабраныя ў розныя серыі, таму вызначыць адзіную тэматыку або кірунак выставы практычна немагчыма. Тым не менш назва, якую носіць гэты праект, не выпадковая. Паводле слоў аднаго з арганізатараў выставы старшыні ГА "Фотамастацтва" Сяргея Плыткевіча, выстава з`яўляецца першай прыступкай у доўгім, як чакаецца, жыцці Мінскага фестывалю фатаграфіі, які задуманы як штогадовы.
 


Плыткевіч у інтэрв`ю БелаПАН паведаміў, што выстава стала спробай "зрабіць зрэз творчасці фотамастакоў". "Мы сказалі ўдзельнікам, што ў іх ёсць магчымасць паказаць тое, што яны лічаць патрэбным. У кожнага з аўтараў было толькі сваё ўнутранае абмежаванне на тое, што  яны хацелі паказаць", — зазначыў ён.


Гледачы ўбачаць найлепшыя работы такіх фатографаў, як Вадзім Качан, Валерый Сібрыкаў, Ядвіга і Алена Адамчык, Алег Якавенка, Аркадзь Булва, Аляксандр Жарнасек, Віктар Суглоб і многіх іншых.


Так, Аляксандр Жарнасек выставіў серыю арыгінальных пастановачных здымкаў "Першачалавек". Фотакарціна "Першапаэт" паказвае чалавека, "апранутага" ў спісаныя старонкі; "першамастак" складаецца з фарбы, а "першамузыкант", нібыта патрэсканая гіпсавая скульптура, застыў, прыціскаючы да сябе гітару. Завяршае серыю здымак "Першачалавек", на якім адлюстравана цёмная фігура, з галавы да ног пакрытая хваёвымі іголкамі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН