У Ноч музеяў Музей Янкі Купалы адсвяткаваў 70-годдзе
У маі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы адзначае 70-годдзе. У Ноч музеяў з 17 на 18 мая ён запрасіў наведвальнікаў далучыцца да святкавання дня нараджэння і Міжнароднага Дня музеяў у прастору "КупалаLAND".
Такім чынам, адзначыла ў інтэрв'ю БелаПАН загадчык аддзела культурна-адукацыйнай працы музея Вольга Пархімовіч, адміністрацыя музея "працягвае традыцыі гасціннасці, закладзеныя
яшчэ самім Купалам".
Яна паведаміла, што апошнія 55 гадоў музей стаіць якраз на тым месцы, дзе некалі жыў паэт. У праграме вечара былі handmade-кірмаш, майстар-класы па танцах і вырабе лялек-абярэгаў, нон-стоп-прагляд
дакументальнага фільма "Музей Купалы ведаюць усе" ад кампаніі "Купала-Пікчарс", турніры па шахматах, шашках, лато, можна было атрымаць свой унікальны радавод, убачыць
галаграму Янкі Купалы, паглядзець розныя перформансы, патанцаваць і паўдзельнічаць у запуску ў неба паветраных шароў з лагатыпам музея.
Паводле слоў Пархімовіч, праграма Ночы музеяў рыхтавалася паўгода. "Мы помнім, што мы — Музей Янкі Купалы, першага народнага паэта Беларусі. Таму, канешне, беларуская мова паўсюль,
ва ўсіх залах".
Музычную і тэатральную атмасферу свята стваралі гурты Re1ikt, Folkmashina, HandMade, Rahis, ZnaRock, бард Сяргей Башлыкевіч, тэатры "Адлюстраванні", "Укубе",
"Жывое слова".
Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН