Удзельніка «Еўрабачання» ад Беларусі абяруць без тэлегледачоў
Сёння вечарам у Мінску адбудзецца фінал нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2015».
За права прадстаўляць Беларусь на песенным форуме будуць змагацца гурт Napoli, Lis, Дарыя, Gunesh, гурт Muzzart, Валерыя Садоўская, гурт Rostany, Жанет, Аляксей Грос, гурт
«МІЛКІ», Uzari & Maimuna, гурт «Беатрыс», Віталь Варанко, Анастасія Малашкевіч, Тasha ODI.
У гэтым годзе выбар пераможцы будзе праходзіць паводле новых правіл. Калі раней ён вызначаўся на 50% галасаваннем тэлегледачоў і яшчэ на 50% — ацэнкамі журы, то ў гэтым годзе
агульны вынік галасавання за кожнага ўдзельніка складаецца з васьмі ацэнак, з іх сем ацэнак — гэта вынікі галасавання кожнага з сямі чальцоў журы і адна ацэнка
— вынік галасавання гледачоў.
Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, пры ўнясенні змяненняў у правілы правядзення конкурсу арганізатары ўзялі за аснову Мальтыйскую сістэму галасавання, дзе рэйтынг прагляду
нацыянальнага адбору складае 95%.
Адказваючы на пытанне, ці не выкліча новая сістэма рост незадаволенасці з боку тэлегледачоў, кіраўнік прэс-службы Святлана Смалонская-Краскоўская сказала: «Белтэлерадыёкампанія ўжо
12-ты год праводзіць нацыянальны адбор для конкурсу «Еўрабачанне» і рыхтуе ўдзельніка для гэтага конкурсу, і ў любым выпадку, паколькі нацыянальны адбор кампанія праводзіць у
выглядзе тэлевізійнага шоу, у якім удзельнічаюць і тэлегледачы, і прафесійнае журы, мы павінныя разумець, што пераможца заўсёды адзін. Таму заўсёды будзе нейкая незадаволенасць, непаразуменне. Да
гэтага трэба быць гатовым».
Паводле слоў Смалонскай-Краскоўскай, у гэтым годзе змяніўся таксама падыход да выбару прафесійнага журы, і на конкурсе працуюць дзве судзейскія калегіі: першая — на этапе
праслухоўвання, другая — у фінале. «У фінале чальцы журы будуць знаходзіцца ў розных пакоях, яны не будуць адзін пра аднаго ведаць і не будуць мець доступ да інфармацыі аб
галасаванні адзін аднаго і тэлегледачоў. Імёны чальцоў журы да заканчэння фіналу таксама не выдаюцца», — сказала прадстаўніца тэлерадыёкампаніі.
Фінал адборачнага тура адбудзецца ў фармаце тэлевізійнага канцэрту. Шоу пачнецца ў 22.00 і будзе транслявацца на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь
24».
Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2015» адбудзецца ў траўні будучага года ў Аўстрыі.
БелаПАН