Улады Лагойска запланавалі знесці гісторыка-культурную каштоўнасць — стайню графаў Тышкевічаў
Лагойскія ўлады запланавалі знос стайні графаў Тышкевічаў, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, паведамляе «Свабода». Чыноўнікі не бачаць «аніякай гістарычнай каштоўнасці» стайні, збудаванай у 1815 годзе.
У Лагойску могуць знесці былую стайню графаў Тышкевічаў,
пабудаваную яшчэ ў ХIХ стагоддзі. Пра гэта паведамілі на гарачай лініі ў
мясцовым райвыканкаме. Супрацоўнік райвыканкама сказаў, што будынак запланаваны пад
знос. Рашэнне пакуль не прынятае, аднак чыноўнікі, як вынікае з адказу на
гарачай лініі, пакуль не разглядаюць пытанне, якім чынам можна захаваць будынак.
Цяпер афармляюцца дакументы, якія дазволяць знос будынка. Паводле слоў прадстаўніка райвыканкама, «з гэтымі дакументамі ваююць цэлы год і з Міністэрствам культуры». Менавіта адтуль чакаюць дазволу на знос.
На гэты момант лагойскія чыноўнікі не бачаць «аніякай гістарычнай каштоўнасці» гэтага будынка.
У аддзеле ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкаму паведамілі, што зараз «праходзіць экспертыза гістарычнай ацэнкі дадзенага будынка. Не больш за тое».
Фрагменты былой сядзібы графаў Тышкевічаў — рэшткі палаца, будынак былой фабрыкі, былыя стайня, лядоўня, вартоўня, тэрыторыі былога касцёла (фамільнай крыпты) і парк — уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. На будынку былой стайні вісіць ахоўная дошка.
У 1815 г. граф Пій Тышкевіч пабудаваў у Лагойску каменны палац, а вакол яго разбіў вялікі «англійскі» парк. Сядзібу падарвалі падчас Другой сусветнай вайны, але фрагменты захаваліся да гэтага часу.
Паводле арт. 344 Крымінальнага кодэкса «наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».