Уніяцкая царква

Кніга доктара гістарычных навук Леаніда Лыча «Уніяцкая царква Беларусі» з’яўляецца арыгінальным даследаваннем актуальнай і важнай тэмы. Вядома, што на працягу досыць значнага гістарычнага прамежку ўніяцтва было адной з самых моцных хрысціянскіх канфесій у Беларусі.

Кніга доктара гістарычных навук Леаніда Лыча «Уніяцкая царква Беларусі» з’яўляецца арыгінальным даследаваннем актуальнай і важнай тэмы. Вядома, што на працягу досыць значнага гістарычнага прамежку ўніяцтва было адной з самых моцных хрысціянскіх канфесій у Беларусі.
Ідэя ўніяцтва была папулярнай як сярод свецкіх валадароў Вялікага Княства Літоўскага, так і іерархаў духоўных, многія з якіх жадалі самастойнасці ад Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, які, у сваю чаргу, рабіў усё магчымае, каб утрымаць беларускае праваслаўе ў поўным сабе падпарадкаванні.
Аднак з утварэннем Рэчы Паспалітай, у якую як раўнапраўныя ўвайшлі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча, адбываецца ўсё большы ціск моцнай заходняй суседкі на Беларусь, у тым ліку і ў абсягу канфесійным, што выяўлялася ў экспансіі каталіцызму. А гэта ставіла сітуацыю на мяжу міжканфесійнай варажнечы і нават вайны. У гэтай сітуацыі ідэя уніі ўяўлялася адным з найбольш прыдатных варыянтаў вырашэння надзвычай складанай як рэлігійнай, так і дзяржаўнай праблемы.
У кнізе распавядаецца пра падрыхтоўку і падпісанне Берасцейскай царкоўнай уніі. Даследчык паказвае, што ў першы час яе ідэя не была папулярнай сярод шырокіх пластоў народа. Аднак яна набірала моц, трываласць і папулярнасць дзякуючы таму, што замацоўвалася на беларускім нацыянальным, народным грунце — набажэнства вялося на роднай беларускай мове, на ёй стваралі высока адухоўленыя творы такія волаты духу, першаіерархі ўніяцкай царквы, як Язэп Руцкі і многія іншыя, адбываецца сапраўдны ўзлёт сакральнага жывапісу і архітэктуры.
Сітуацыя рэзка памянялася пасля захопу Беларусі Расійскай Імперыяй. Пачынаецца, па сутнасці, разгром уніяцтва. У 1839 годзе наступае яго афіцыйная забарона. Тры апошнія параграфы кнігі названы «Цяжкія паследкі дэунізацыі», «Не памірала памяць пра унію», «Пакутны шлях адраджэння».
Першае, невялікім накладам, выданне кнігі «Уніяцкая царква Беларусі» разышлося імгненна. З улікам шматлікіх просьбаў кніга перавыдадзена.

Яўген Лецка