Унікальная паштоўка з выявай Глыбокага вярнулася ў горад праз сто гадоў
Глыбачане набылі яе ўскладчыну і падаравалі мясцоваму краязнаўчаму музею.
У Глыбокае праз 100 гадоў вярнулася ўнікальная паштоўка з выявай горада. Яе знайшоў на аўкцыёне ay.by журналіст і краязнаўца Кастусь Шыталь. Вось што ён распавёў:
"Знайшоў выпадкова... Неяк на сайце інтэрнэт-аўкцыёна гартаў старонкі са старымі паштоўкамі. Гляджу: паштоўка з выявай Глыбокага, якую я бачыў першы раз. Я напісаў краязнаўцу Юрыю Калбасічу, што трэба падумаць над тым, як яе нам набыць… Юрый Пятровіч пагадзіўся каардынаваць збор сродкаў".
Паводле слоў Юрыя Калбасіча, для збору сродкаў была створаная група ў адной з сацсетак:
"Калі ў межах усёй Беларусі змаглі набыць Статут Вялікага княства Літоўскага, які каштаваў значна большую суму, то чаму б глыбачане не ахвяравалі на невялічкі рарытэт — паштоўку коштам у 85 даляраў?"
Спачатку згоду даць сродкі выказалі каля двух дзясяткаў чалавек. Але, на жаль, потым амаль палова ўдзельнічаць у гэтай акцыі адмовілася. Такім чынам, была сабрана палова неабходнай сумы. На другую палову грошы ахвяраваў жыхар Санкт-Пяцярбурга Павел Блышко, які нарадзіўся на Глыбоччыне, і якраз у гэты час па працоўных справах прыезджаў у Глыбокае.
Спадар Калбасіч перадаў паштоўку ў Глыбоцкі краязнаўча-этнаграфічны музей. Вось што ён распавёў:
"Сёння, 15 студзеня, паштоўка была перададзена ў фонды глыбоцкага краязнаўча-этнаграфічнага музея. У чым яе ўнікальнасць? Па-першае, гэтую паштоўку ніхто з сучасных краязнаўцаў, даследчыкаў глыбоцкай спадчыны, не бачыў. Паштоўка чорна-белая, але расфарбаваная. І ўлічваючы тое, што фарбавалі яе ўручную, то іншай такой паштоўкі быць не можа".
На паштоўцы відаць касцёл з местачковай забудовай, якія адлюстроўваюцца ў воднай гладзі возера. Відаць на паштоўцы і сінагога, якая была разбураная немцамі падчас апошняй вайны. Ужо пасля вайны была знесеная і местачковая забудова — там паўстаў кансервавы завод.
Паштоўка была адпраўленая з Глыбокага ў Мінск 2 кастрычніка 1915 года, і вось амаль праз сто гадоў з Мінска вярнулася ў Глыбокае. Гаворыць Кастусь Шыталь:
"Я лічу, што такія каштоўнасці, якія нагадваюць нам пра гісторыю нашага рэгіёна, павінны заставацца ў нас. Лепш, каб гэтая паштоўка была ў глыбоцкім музеі, чым яна была б сотай або тысячнай у калекцыі якога-небудзь мінскага або маскоўскага калекцыянера".
Бліжэйшым часам гэтую паштоўку змогуць пабачыць усе наведвальнікі глыбоцкага музея.