Віктар Марціновіч атрымаў прэмію Еўрапейскага навукова-фантастычнага таварыства

Беларускі часопіс «Космопорт» унеслі ў Залу славы еўрапейскай фантастыкі як найлепшы часопіс, а пісьменнік Віктар Марціновіч атрымаў заахвочвальную ўзнагароду.



marcinovicz.jpg

36-ая канвенцыя Еўрапейскага навукова-фантастычнага таварыства прайшла ў канцы жніўня ў Дубліне.
Прычым і для калектыва часопісу «Космопорт», і для Віктара Марціновіча ўзнагароды сталі прыемнай нечаканасцю.
«Мы не паспелі зрабіць візы, каб трапіць на канвенцыю. Але там браў удзел адзін з украінскіх аўтараў, з якім мы супрацоўнічаем. І ён высунуў нас у намінацыі «Найлепшы часопіс», у якой мы і перамаглі, — распавёў Міхаіл Дзеравянка, галоўны рэдактар «Космопорта». — Мы нават саму ўзнагароду яшчэ не атрымалі. Але вельмі прыемна, канечне, асабліва ўлічваючы тое, што нашае выданне зусім маладое — часопіс быў створаны ў верасні мінулага года».
А Віктар Марціновіч наогул даведаўся аб сваім прызе толькі сёння раніцай ад журналістаў.
«Я і не ведаў пра тое, што атрымаў гэтую ўзнагароду, пакуль мне не патэлефанавалі карэспандэнты з віншаваннямі», — смяецца ён.
Еўрапейскае навукова-фантастычнае таварыства было заснавана на першым Еўрапейскім Канвенце навуковай фантастыкі ў Трыесце (Італія) ў 1972 годзе. Яно аб’ядноўвае як прафесійных літаратараў, так і звычайных аматараў жанра. У розны час узнагароды суполкі атрымлівалі такія мэтры, як Гары Гарысан, Станіслаў Лем, Йен Бэнкс.
nn.by