Віталь Броўка: У Кіеў мы перавезлі дух і ідэю «Торвальда»

Дырэктар арт-паба «Торвальд» Віталь Броўка кажа: «Торвальд — вандроўнік. Торвальд з далёкіх паўночных земляў калісьці прынёс у Полацак святло еўрапейскай культуры. І беларусы пранеслі гэтае святло праз стагоддзі. Зразумела, што гэта для нас неаддзельна ад нацыянальных сімвалаў — ад "Пагоні" і ад сцяга. Мы перавезлі іх з сабой у Кіеў».

torvald.jpg

З Беларусі ва Украіну. З Віцебска ў Кіеў. Ды не аднаго чалавека, а цэлы арт-паб. Наколькі гэта складана? Што радуе і што падтрымлівае? Як працэс пераезду адчуваецца знутры і звонку?

На ўсе гэтыя пытанні карэспандэнту «Радыё Рацыя»Марыне Савіцкай адказвае дырэктар арт-паба «Торвальд» Віталь Броўка.

— Калі мы перавозілі «Торвальд» у Кіеў, то перавозілі, у першую чаргу, дух і ідэю. Вялікіх клункаў за спінай не было. Але калі сур’ёзна і шчыра, то, безумоўна, спачатку было даволі няпроста і не ўсё складалася само сабой. Паміж прававымі сістэмамі Беларусі і Украіны ёсць істотныя адрозненні. Асобныя правілы, як весці справы ў нас і тут, істотна паміж сабой розняцца. Але многія адміністрацыйныя працэдуры праходзяць лягчэй, хутчэй. І ёсць, зразумела, істотная розніца паміж тым, як рабіць справы ў невялікім і вельмі знаёмым горадзе Віцебску і перанесці гэтыя справы ў вялікую сталіцу — пяцімільённы Кіеў. Розніца маштабаў і памераў накладае свае адбіткі. Асабліва складана прызвычаіцца да адлегласцей і спецыфікі лагістыкі. Таксама пэўныя адметнасці дае праца з кадрамі.

— Калі казаць менавіта пра кадры, ці былі тыя людзі, на якіх ты мог бы разлічваць, калі «Торвальд» у Кіеве толькі-толькі зараджаўся?

— Беларус беларусу беларус. Таму з самага пачатку я адчуваў падтрымку супольнасці і адчуваў плячо сяброў, што я не застаюся адзін і ёсць на каго пакласціся, што аднаўленне «Торвальда» ў Кіеве — гэта калектыўная праца, а не мой індывідуальны крыж.

 Калі ўлічыць, што тэхнічнае адкрыццё «Торвальда» адбылося 17 снежня, але ўжо шмат чаго здарылася: былі калядкі, быў выступ Юрыя Стыльскага і не толькі, і Новы год вы адсвяткавалі з аншлагам. Як думаеш, дзякуючы чаму гэта ўсё адбылося?

— Зразумела, што беларусы і на радзіме, і тут, у Кіеве, засумаваўшыся па добрых, яркіх падзеях, засумаваўшыся па цікавых і пазітыўных навінах, вельмі рады нагодзе сустрэцца, адсвяткаваць. Многія артысты засумавалі па сцэне, мы адчуваем гэта па камунікацыі з гуртамі з Беларусі, якая адбываецца зараз. І я вельмі рады, што атрымліваецца стварыць умовы для выступаў, для сустрэчы артыстаў з аўдыторыяй, з публікай.

Я вельмі рады, што «Торвальд» у Кіеве больш прасторны і змяшчае больш гледачоў, чым гэта было ў Віцебску. Канцэрты, якія мы рыхтуем цяпер, перакананы, пройдуць з аншлагам і пры вельмі ўтульнай атмасферы.

— Без чаго «Торвальд» немагчымы? Што асабіста для цябе было важна перавезці з Беларусі сюды, у Кіеў?

— Торвальд – вандроўнік. Торвальд з далёкіх паўночных земляў калісьці прынёс у Полацак святло еўрапейскай культуры. І беларусы пранеслі гэтае святло праз стагоддзі. Зразумела, што гэта для нас неаддзельна ад нацыянальных сімвалаў — ад «Пагоні» і ад сцяга. Сцяг і «Пагоня» былі заўжды ў Віцебску. Мы перавезлі іх з сабой у Кіеў.

Але не менш важная атмасфера добразычлівасці, імкненне дзяліцца цеплынёй душы, — гэта таксама прысутна ў «Торвальдзе», цяпер ужо на прасторных берагах Дняпра ў Кіеве.

Пра бліжэйшыя планы. 22 студзеня, ужо вельмі хутка, Зміцер Вайцюшкевіч прыедзе ў Кіеў са сваім вялікім канцэртам. Гэта будзе яркая, незабыўная падзея, якая прынясе цудоўныя эмоцыі.

Уладзімір Пугач і «J-Mors» маюць шматгадовую традыцыю сустракацца са сваёй публікай у Дзень усіх закаханых, 14 лютага. Сёлета гэтая сустрэча адбудзецца ў арт-пабе «Торвальд». Квіткі ўжо прадаюцца.
Паводле www.racyja.com