Вітаўт Мартыненка — евангеліст беларускай музыкі

Вітаўту Мартыненку сёння магло б споўніцца 63 гады, але 17 красавіка 2016 года яго не стала.
На вокладцы альбома «Былі. Ёсць. Будзем» (2022) гурта «Relikt» вы можаце пабачыць выяву Вітаўта Мартыненкі. Так музыкі выказалі сваю павагу выбітнаму журналісту!

На вокладцы альбома «Былі. Ёсць. Будзем» (2022) гурта «Relikt» вы можаце пабачыць выяву Вітаўта Мартыненкі. Так музыкі выказалі сваю павагу выбітнаму журналісту!

Культавы журналіст і папулярызатар беларускай музыкі пакінуў пасля сябе некалькі кніг і безліч артыкулаў, па якіх можна вывучаць гісторыю беларускай музычнай сцэны. У гэтым артыкуле мы вырашылі сабраць думкі розных культурных дзеячаў пра Вітаўта.


Кастусь Лазука, фатограф бардаўскіх фестываляў, прыгадвае:

«Шчыры чалавек, талерантны, здатны да палемікі, аматар шырокай музычнай стылістыкі: ад лёгкай музыкі да цяжкага року, вялікі знаўца сусветных тэндэнцый у музыцы, хутчэй за пошукавік мог прывесці цікавыя факты пра вядомых выканаўцаў. Чалавек, які ніколі не працаваў кан'юнктурна. Рэдкі журналіст, які пісаў менавіта так, як ён адчувае музыку і як яму гэта падабалася. Ягоная каштоўнасць у тым, што яшчэ за савецкім часам ён быў адзіным спецыялістам у БССР па беларускім музычным андэграўндзе. Дзякуючы ягоным артыкулам у «Чырвонай змене» мы змаглі пачуць шмат цікавай беларускай музыкі ў пачатку 90-ых па дзяржаўных сродках інфармацыі: «Мроя», «Ulis», Данчык, кампазітар Еўтуховіч і іншыя. Складвалася ўражанне, што рэдактары з беларускага тэлебачання і радыё бралі проста падшыўку з «Чырвонай змены» Вітаўта Мартыненкі і ставілі ў эфір».

Піт Паўлаў, музыка:

«Вітаўт Мартыненка быў адметным сваёй апантанасцю беларускай музыкай. Ён разбіраўся ў ёй як ніхто іншы. Можна сказаць, што ён быў яе мадэратарам: кіраваць рок-музыкай немагчыма, але накіроўваць — так.

Ён прыязна ставіўся да ўсіх, хто рабіў беларускую музыку, і гэта яшчэ адно вялікае адрозненне ад іншых журналістаў. Для Вітаўта Мартыненкі беларуская мова была ўжо пэўным маркерам якасці.

Паміж ім і тэрмінам «беларуская музычная журналістыка» можна паставіць знак роўна — і гэта адзіны такі чалавек. Пэўна, дасягнуць велічыні Вітаўта Мартыненкі ў беларускай музычнай журналістыцы немагчыма, бо ён яе і стварыў.

Вітаўт не меў нейкіх музычных амбіцый, ён пісаў тэксты, але не граў на музычных інструментах — гэта дазваляла яму глядзець на беларускую музыку досыць аб'ектыўна. Калі я выпускаў песні, Вітаўт мог дакладна знайсці адсылкі да іншых твораў, пабачыць некалькі сэнсаў, ён вельмі ўважліва слухаў музыку. Для Вітаўта беларуская музычная журналістыка была жыццём».


Ігар Варашкевіч, музыка:

«Вітаўт быў апантаны тым, чым займаўся, і крыху, у добрым сэнсе, вар’ят сваёй справы. Мы сябравалі ў 80-ых, а потым шляхі разышліся па музычным поглядах, але ён быў, безумоўна, важнай фігурай для беларускага року».

Андрэй Мельнікаў, бард:

«І Вітаўт, і яго калега Анатоль Мяльгуй не былі музычнымі прафесіяналамі па адукацыі. Але занялі нішу, якая была вольная, аніхто з музычных прафесіяналаў не меў у канцы СССР такой цікавасці да беларускамоўных недзяржаўных аўтараў-выканаўцаў-гуртоў. Мы з ім дастаткова паважалі і цанілі адзін аднаго, каб размаўляць шчыра, але сябрамі не былі, бліжэй, напэўна, такі вобраз — мы гулялі ў адной камандзе. Вітаўт успрымаў як бардаў, так і гурты цэльна: музыку, тэкст, пазіцыю. Мажліва таму ён так і не прыняў Cяргея Міхалка — асобу, якая істотна аддзяляе сябе як чалавека ад свайго вобразу на сцэне. Мне падаецца, калі б Зянон Пазняк больш цікавіўся беларускімі выканаўцамі, то ён мог бы істотна дадаць да дуэта Мартыненка-Мяльгуй, бо ён якраз разумее права творцы быць у жыцці і на сцэне адрознымі. Імкненне да цэльнабачання спалучалася ў Вітаўта з катэгарычнасцю, і як музычнага крытыка яго можна параўнаць з Пазняком як крытыкам палітычным».

Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка

Зміцер Бартосік, бард, пісьменнік, журналіст:

«Сам Вітаўт! Калі я пачуў упершыню гэтае імя? Гэта было ў верасні 1992 года. На полі бардаўскага фэсту «Аршанская бітва». У той час, калі здавалася, што Беларусь становіцца нармальнай краінай. Фэст пад нацыянальнымі сцягамі рабіўся з дапамогай Аршанскага гарвыканкама. Гасцей і ўдзельнікаў сустракалі спецыяльна зафрахтаваныя аўтобусы. Па ўсім горадзе былі афішы. Поле колішняй бітвы гудзела сотнямі ўдзельнікаў свята. У маім творчым багажы была пара песень. Сваіх! І безліч твораў беларускіх аўтараў, якія для мяне былі самымі сапраўднымі зоркамі: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Лера Сом, Лана Медзіч, Вольга Цярэшчанка. Я ўсіх іх слухаў на касетах, а тут многіх убачыў жыўцом! І жыўцом яны слухаліся яшчэ больш фантастычна. Слухаючы іх, я разумеў адно: калі такі раскошны старт у беларускай аўтарскай песні, дык які нас чакае працяг! Не разумеў я толькі аднаго моманту. Чаму на аршанскім полі ўсяго толькі дзясяткі слухачоў. А не сотні і тысячы. Бо выступоўцы вартыя большай увагі. Але ж у нас яшчэ ўсё наперадзе...

Пасля майго выступу, не зусім упэўненага (вельмі ж хваляваўся, выступаючы на адной сцэне з Шалкевічам і Мельнікавым), мне нехта сказаў, што мяне пахваліў “сам Вітаўт Мартыненка!” Гэта прагучала з такім прыдыханнем, што круцей ужо быць нічога не можа. Калі сам Вітаўт Мартыненка звярнуў на мяне ўвагу.

А потым на ўлюбёнай хвалі радыё «Св*бода» я пачуў ягоны рэпартаж. У якім ён не шкадаваў слоў захаплення ў мой адрас. Які я горды тады быў!

А потым я чытаў ягоныя крытычныя артыкулы ў «Чырвонай змене», набыў ягоную кнігу пра рок, выдадзеную ў Нью-Ёрку.

І не зусім разумеў, чаму ягоны хіт-парад не абмяркоўваюць на кожным рагу. Але ж у нас яшчэ ўсё наперадзе... А потым людзі, якія так і не паслухалі Мельнікава з Цярэшчанкай, вярнуліся ў СССР. Захапіўшы туды і ўсіх нас. У тым ліку і людзей, якія ў нармальнай Беларусі мусілі збіраць залі, не сыходзіць з тэлеэкранаў, вызначаць культурную палітыку. Мы ўсе апынуліся на ўзбочыне.

Зрэшты, гэта няпраўда. На ўзбочыне апынулася якраз БССР. Колькі б гадоў яна яшчэ ні працягнулася. А ўсё, што рабілася ў імя Беларусі, прабачце за пафас, рабілася, як высветлілася, якраз дзеля будучыні. І старыя песні, і старыя кнігі яшчэ чакаюць сваіх слухачоў. Як і кнігі, артыкулы, рэпартажы Вітаўта Мартыненкі. Яны, я не сумняваюся, яшчэ будуць перачытаныя. Уважліва і зацікаўлена. Як энцыклапедычныя звесткі з вельмі жывой эпохі, як адбіткі таго найцікавейшага часу. Бо сам Вітаўт напісаў».


Аляксандр Дземідзенка, музыка:

«На мой погляд, Вітаўт быў евангелістам беларускай музыкі, беларускага року ў прыватнасці. Бескампрамісны абаронца, які не шкадаваў уласнай энергіі, каб пераканаць «нявернага» ў тым, што беларускае — вартае. Ён верыў сам і раздаваў гэтую веру іншым. Акрамя «ваярскага» боку мы бачылі і яго лірычную частку — паэтычную. Для нас гэта быў сімвал беларускай музыкі, ён прысутнічаў, бадай, на кожным беларускім канцэрце, заўжды падтрымліваў добрым словам і натхняў. Дзеля такіх людзей хацелася рабіць далей».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: