Вечар утульнай музыкі з Іллёй Фаляжынскім і Рэйнісам Яунаісам (фотарэпартаж)
У мінскую кавярню «Bocafe» 17 сакавіка завітаў латышскі сінгер-сонграйтар Рэйніс Яунаіс і разам з беларускім музыкам Іллёй Фаляжынскім даў невялікі, але вельмі ўтульны канцэрт.
Рэйніс — музыка, вакаліст і гітарыст з Рыгі. У мінулым выконваў розную музыку: ад джаза да цяжкага металу. Але ў апошні час Рэйніс займаецца аўтарскай музыкай, якая спалучае ў сабе розныя віды ігры на гітары: трэпінг, перкусіёнінг, фігерпікінг. Кар'ера віртуоза распачалася з падарожжаў. Рэйніс пачаў складаць сваю ўласную музыку, калі стаў выступаць на вуліцы і праехаў аўтаспынам Еўропу і Азію. У апошні час ён больш выступае ў клубах, але ўсё гэтак жа практыкуе вулічныя выступы. Астатнія такія перформансы адбыліся ў Новай Зеландыі і на Кіпры.

Рэйніс даволі добра валодае рускай мовай і размаўляў падчас усяго канцэрта з наведвальнікамі кавярні

Распачаў вечар Ілля Фаляжынскі


Музыка прызнаўся, што першую песню прысвяціў сваёй каханай. З гэтай песні і распачалася яго творчуая дзейнасць
Рэйніс Яунаіс выпусціў два сольныя альбомы: «Plika ģitāra» (2013 года) і «Draugu orķestris» (2015). У лютым сумесна з новым праектам «Young & The Oak People» зрабіў трэцюю кружэлку «Gaišs». Большасць кампазіцый на ёй інструментальныя, але ёсць і песні, выкананыя на латышскай і англійскай мовах.

Музыка граў у некалькі актаў, і канцэрт завяршыўся апоўначы
Віртуоз упершыню прыехаў у нашу краіну, але ўжо падзяліўся сваімі планамі на вандроўку: «Я вельмі рады прыезду ў Беларусь. Ёсць некалькі краін у Еўропе, дзе я ніколі не быў. Хоць Беларусь і знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Латвіі, гэта будзе мой першы візіт. Я з нецярпеннем чакаю моманту, калі змагу сыграць у розных частках Беларусі, калі змагу ўбачыць гарады і прыроду гэтых месцаў і сустрэць новых сяброў. Я рады, што ў мяне будзе шанец прадставіць сваю музыку ў Беларусі. Спадзяюся, што людзям будзе цікава пачуць яе».