«Вольны Хор»: Усведамляем, што могуць пасадзіць, але бяздзейнічаць немагчыма

Гандлёвыя цэнтры, Галоўпаштамт, двары і плошчы, і нават метро… Ён з’яўляецца непрадказальна, выконвае літаральна пару кампазіцый і знікае. Гэта «Вольны Хор». Яго ўдзельнікі ведаюць, як зрабіць выступ запамінальным і пранікнёным. Тuzinfm.by паразмаўляў з прадстаўніком Хору, але яго імя не раскрывае па зразумелых прычынах.

Фота са старонкі "Вольнага Хору" ў фэйсбуку

Фота са старонкі "Вольнага Хору" ў фэйсбуку

— “Вольны Хор” арганізаваўся адразу пасля выбараў. Да яго далучаліся розныя людзі, спачатку супрацоўнікі Філармоніі, а пасля і іншыя музыкі. І вельмі аператыўна, літаральна 12 ці 13 жніўня, мы арганізавалі першую акцыю. Каб падтрымаць людзей.


— Колькі вас было напачатку?
— Шмат. У тэлеграм-чаце было каля 300 чалавек. Зараз хваля спала, засталіся толькі людзі, адданыя справе па-сапраўднаму.
— Пра ўсё дамаўляецеся там жа?
— Раней так. Зараз чаты выдаленыя, бо ўдзельнікаў прэсавалі. Пачалі абмяркоўваць планы асабіста. Хоць і гэта не надта ратуе…
— Што для цябе — галоўная рухальная сіла? Пра што ты думаеш, калі вырашаеш, спяваць сёння з Хорам, альбо не?
— Пра тое, што трэба змагацца. Любым чынам. Кожны на сваім месцы. Мы ўсведамляем, што мы ўсе ў любым выпадку сядзем. Але жыць у нашых сённяшніх рэаліях немагчыма. І галоўнае пакаранне ў нашай краіне для музыканта — гэта пакінуць яго працу з яго ж заробкам. Таму мы за перамены. Дзеля гэтых перамен і выступаем.
— Як людзі рэагуюць на вашыя перфомансы?
— Зазвычай станоўча.
— Шмат людзей спыняецца?
— Амаль не спыняюцца.
— Дзе і калі была самая неадназначная рэакцыя?
— Падчас выступу ў Вялікім тэатры. У некалькіх чалавек. Яны лаяліся.   — Ты іх можаш апраўдаць?
— Натуральна, пры жаданні ўсё можна апраўдаць. Тут пытанне асабістага выбару. То-бок гэтыя людзі альбо жывуць у нейкай сваёй рэчаіснасці, альбо яны саўдзельнікі гэтай іншай рэчаіснасці. Альбо проста недалёкія. Так, людзі, якія наведваюць оперны тэатр, таксама могуць быць досыць недалёкімі. І гэта наша віна, супрацоўнікаў культуры. Але зараз мы актыўна рэабілітуемся.


— Вы адчуваеце розніцу паміж выступамі ў звыклай зале і ў такіх “нефарматных” мясцінах? Ці складана сабраць, арганізаваць удзельнікаў у другім выпадку?
— Нескладана. Людзі, якія прыходзяць на такія імпрэзы, самі дакладна ведаюць, што яны павінны рабіць. Першы час для іх гэта было чымсьці неверагодным. Ды і людзі рэагавалі актыўна. А цяпер ужо амаль як праца.
— Дарэчы, падчас выступаў вы заўважаеце, што адбываецца звонку? Маўляў, ага, тут АМАП, трэба быць больш асцярожнымі…
— Ну, які АМАП можа быць у гандлёвым цэнтры?.. Наадварот, людзі падтрымліваюць…
— А ахова?
— Ахова першы час ніяк не рэагавала. А вось зараз, пасля апошняга разу, выклікала АМАП.
— Дарэчы, ваш жа дырыжор быў у касцюме АМАПаўца…
— Так. Мы наогул заўсёды імкнуліся крэатыўна падыходзіць да касцюмаў. Але па праўдзе самы галоўны атрыбут касцюму — маска. Але бачыш, яна ўжо не дапамагае...


— У чым плюс і ў чым мінус “Вольнага Хора”?
— Мінусаў няма. Хто б мог уявіць, што хор як з'ява можа быць карыснай і неяк уплываць на агульны грамадскі працэс? Для большасці хор — гэта наогул нешта незразумелае. Але зараз мы бачым, што ў плане мастацтва гэта рэальная моц! Хор з народам! І ён зойме сваё ганаровае месца. Па радыё будзе круціцца.
— З якім рэпертуарам?
— З абсалютна любым. Тут пытанне не ў гучанні, а ў падачы. Таму што калі гучанне накіравана на змаганне, то яно рокавае ў любым выпадку. Нават хор. Бо можа Барыс Грабеншчыкоў жа сабе дазволіць спяваць пад флейту — і гэта лічыцца рок-музыкай. Тое ж і Хор. Галоўнае — што і дзеля чаго спяваеш. Думаю, многія захочуць і па радыё пачуць гэтыя песні. Яны нагадаюць пра важныя падзеі, а гэта галоўнае.  
— А свой сённяшні рэпертуар для выступаў вы неяк абмяжоўваеце?
— Зараз у нас музыка рэвалюцыйная ва ўсіх сэнсах. Ад “Магутнага Божа” да “Перемен” Цоя. А пасля нашай перамогі “Вольны Хор” можа заспяваць усё, што заўгодна. Ён заслужыў гэта. Спяваць што заўгодна, калі заўгодна, і пры гэтым зарабляць.
— Дарэчы, а наколькі складана “Перемен” пакласці на выкананне хорам?
— Нічога складанага. Дасведчаны аранжыроўчшык лёгка справіцца з такой задачай.
— У вас ладзяцца рэпетыцыі?
— Так. У нас нават некалькі складаў “Вольнага Хора”. Ёсць прафесійны склад, ёсць аматарскі. Прафесійны склад запісваецца нават, ужо і збор ёсць.


— У вас жа ў Хоры не толькі мужчыны, але і дзяўчаты, якія схільныя больш востра на ўсё рэагаваць. Ім калі-небудзь было страшна падчас выступлення?
— Не толькі ім — мужчынам таксама страшна. Усе мы чакаем, пакуль па нас прыйдуць. Некаторыя ўжо дачакаліся. Але што рабіць? Справа ў тым, што так, як яно цяпер, быць не павінна. Смелыя людзі думаюць пра будучыню. Страх і пераадольваецца такім чынам. Мы гэта робім дзеля будучыні народа. Але і сваю будучыню ніхто не адмяняў. Гэта ўжо не гульня. Гэта сапраўдная барацьба за сябе. Музыкі ў нашай краіне ў фінансавым плане — самая нізкая каста. Яна нават ніжэйшая за прыбіральшчыкаў. Якім бы таленавітым ты не быў, але штомесяц думаеш, як да наступнага заробку дажыць. Ёсць выключэнні, але іх мала. Асноўная частка музычнай грамады (я маю на ўвазе харавікоў і дырыжораў) апошнія 5 год зарабляе не ў Беларусі, а ў Еўропе. Каб мець свой хор, патрэбныя грошы. А грошай няма і не будзе. Няма спонсарства, няма падтрымкі. Бо людзі баяцца паказаць свой бізнес, каб у іх яго не адабралі. У той час як дзяржкультура не здольная зразумець і прафінансаваць тое, што насамрэч патрэбна. Павінны быць іншыя варыянты падтрымкі. А няма фінансаў — няма нічога. Усе ж дарослыя людзі. У Новай Беларусі, я думаю, усё гэта будзе куды прасцей.
— Зараз той час, калі многія музыкі выступаюць у дварах. Вы таксама там з'яўляліся?
— Так. Але я думаю, хутка надыдзе наступны этап. Трэба мяняць. Мы павінны таксама быць гнуткімі. Нас пэўны час не чапалі — і мы зрабілі ўсё, што змаглі. А цяпер пачалі — і, напэўна, трэба неяк іначай усё рабіць. Але “Вольны Хор” як творчая адзінка нікуды не знікне, гэта факт.
Я насамрэч думаю, што наш Хор зойме сваё месца ў культуры Новай Беларусі. Альбо будзе традыцыяй, напамінам, што былі часы, калі гэта было актуальна. На сёння музыка Беларусі мае два адценні: першы — ніякі, другі — рокавы. Хор — рокавая музыка, музыка барацьбы. Мастацтва з народам! Гэта самае галоўнае. І заўтра, калі ўсё зменіцца, народ прыгадае, што мы былі з ім. А іншае мастацва сыдзе.


— У цябе ёсць які-небудзь прагноз для Беларусі?
— Я вяду сваю вайну з 2006 года. Але зараз пытанне не ў гэтым. Месяц, паўгода, год… гэта не важна. Самае важнае — што людзі сталі салідарнымі. Наладжаныя сувязі, кантактаванне. То-бок актыўны чалавек, які проста сядзіць дома і глядзіць тэлевізар, выпадзе. Бо калі ўсё зменіцца, будуць іншыя адносіны паміж людзьмі. І тыя людзі, якія цяпер салідарныя, якія дапамагаюць, аб'ядноўваюцца, яны заўтра будуць паспяховымі і будуць кіраваць краінай.
Марына Савіцкая, Tuzim FM