Выстава «Этнавандроўкі» адкрылася ў Гомелі
Фотавыстава журналісткі Алены Ляшкевіч пад назвай "Этнавандроўкі" адкрылася ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі.
"На выставе — фота з паездак 2013 — 2015 гг. У большасці выпадкаў гэта выезды, звязаныя з правядзеннем каляндарных абрадаў ва Усходняй і цэнтральнай Беларусі, а таксама на Палессі. Гэтыя абрады — жывая спадчына нашай краіны, якая захавалася праз тысячагоддзі, нягледзячы на хрыстыянізацыю і саветызацы, барацьбу з паганствам і рэлігіяй. Мікола з Варварай, Каляды, Масленка, Юр'я, Страла... Гадавое кола ў фотаздымках няпоўнае, як і геаграфія. Затое колькі яшчэ мясцін, куды паехаць!", — напісала аўтарка ў прадмове да выставы.
Адкрыццё выставы стала сапраўдным фолк-марафонам: павіншаваць аўтарку з адкрыццём прыйшоў гурт "Ягорава гара", завіталі бабулькі з гурта "Стаўбунскія вячоркі" ды гарманіст Віктар Шыпкоў. Ажно да дзевяці гадзін вечара ў парку наўпрост у самым цэнтры Гомеля можна было паслухаць беларускія народныя спевы, патанчыць пад гармонік ды пакаштаваць традыцыйную Велікодную ежу.
У знак падзякі за такі цёплы прыём Алена Ляшкевіч падаравала ў фонд музея ўсе фотаздымкі з вандровак па Гомельшчыне, якія экспануюцца на выставе. Ахінуцца ў свет этнавандровак ды беларускіх традыцый у гамельчукоў і гасцей горада ёсць магчымасць аж да Ушэсця.