«Зімовыя сюжэты»

У Мінску, у Гарадской мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, праходзіць выстава 16 акварэльных пейзажаў мінскага мастака Уладзіміра Гераўкера «Зімовыя сюжэты».

У Мінску, у Гарадской мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, праходзіць выстава 16 акварэльных пейзажаў мінскага мастака Уладзіміра Гераўкера «Зімовыя сюжэты».
«Хтосьці палічыць дзіўным, што тэмай летняй выставы пейзажнага жывапісу стала зіма, — адзначыла дырэктар галерэі Таццяна Бембель. — Філасофская і паэтычная традыцыя разглядаць поры года і іх змену як метафару этапаў чалавечага жыцця часам напаўняе пейзажны жывапіс больш глыбокім сэнсам, чым мудрагелістая сюжэтнасць шматфігурных палотнаў».
Акварэлі Гераўкера стрыманыя і часам змрочныя, лаканічныя ў кампазіцыйных, танальных і колеравых рашэннях, тэхнічных прыёмах. Падкрэсленае пазбяганне спецэфектаў адпавядае «зімоваму» філасофскаму настрою: смешна і амаральна мітусіцца перад «велічнымі рысамі прыроды, што памірае». Аўтарская пазіцыя мастака суадносіцца з блізкім да класічнай школы разуменнем пейзажу, што ідзе ў расійскім жывапісе ад Ісаака Левітана або, у некаторых момантах, ад работ беларускага майстра пейзажу Віталя Цвіркі, адзначыла мастацтвазнаўца.
Уладзімір Гераўкер піша акварэллю ўсё свядомае жыццё (нарадзіўся ў 1947 годзе ў Мінску, у 1975 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут).
«Як і ў большасці акварэлістаў, яго раман з вадзянымі фарбамі — занятак для душы. Такое стаўленне да акварэлі характэрна нават для самых «акварэльных» краін, скажам, для Вялікабрытаніі, дзе тэхніка акварэлі стала для мастакоў арыстакратычным хобі, якое мае на ўвазе наяўнасць сур’ёзнага занятку», — сказала Таццяна Бембель.


Марат Гаравы, БелаПАН