Зянон Пазьняк прэзентаваў у Варшаве новую кнігу “Тэрра Дэй”

Сваю новую кнігу “Тэрра Дэй” беларускі эміграцыйны дзеяч прэзентаваў на чарговай сустрэчы ў Варшаве, дзе падзяліўся сваімі развагамі пра літаратуру, мову і беларускі народ.



terra_dej34554736.jpg

Па словах Зянона Пазняка, кніга была створана, каб паказаць традыцыйнага беларуса, які зыходзіць са здаровага сэнсу, існавання Бога і павагі да ўсіх людзей, гэта спроба паказаць “Божую Беларусь”.

— Мне не ўдалося гэтую задуму правесці, бо трэба было хаця б перавезці архівы з Беларусі. Гэта не ўдалося. А так я расшырыў сваё бачанне на іншыя краіны і на тыя мясціны, якія некалі былі Беларуссю, адным словам лейтматыў застаўся, —сказаўЗянон Пазняк.

Сама кніга — гэта зборнік соцень фотаздымкаў, вершаў і апавяданняў аўтара. Зянон Пазняк разлічваў, што ў першую чаргу чытачамі стануць людзі з багатым духоўным светам, людзі, якія не жывуць толькі прагматычнымі інтарэсамі:

— Менавіта таму літаратура патрэбная, як сродак выратавання чалавечага духу, бо гэта хараство, а ў хараства ёсць функцыя ісціны, ісціна заўсёды прыгожая, не можа быць ісціны непрыгожай. Таму праз хараство чалавек пазнае ісціну, праз хараство ён можа пазнаваць і Бога. Мастацтва і літаратура маюць вялікае значэнне, пры тым не спажывецкае значэнне, а заснаванае менавіта на эстэтыцы, на высокім духу і на лёсе народа.

Зянон Пазняк выказаў сумнеў, што кнігу ўдасца распаўсюдзіць ў Беларусі.

Мерапрыемства было зладжана пры падтрымцы Беларускай нацыянальнай памяці і Collegium Civitas.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя