Зміцер Вайцюшкевіч: «У «Палац» мяне ўзялі спяваць Уцёсава»
2 лістапада ў КЗ «Мінск» адбудзецца юбілейны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча «25 год на сцэне» з удзелам гурта WZ-Orkiestra і запрошаных гасцей. Напярэдадні выступа Вайцюшкевіч распавёў, як з падземнага пераходу патрапіў у гурт «Палац».
Зміцер Вайцюшкевіч нарадзіўся ў пасёлку Бярозаўка Лідскага раёну, знакамітага праз шклозавод «Нёман». З дзяцінства спяваў, у школьныя гады пачаў займацца на кларнэце. У 1990 годзе скончыў Лідскую музычную вучэльню і паступіў ва Універсітэт культуры.
— Першыя два гады ў Мінску я проста вучыўся і гадзінамі займаўся на кларнэце — мне гэта вельмі падабалася, — распавядае Вайцюшкевіч. — Усё змяніў 1992 год. Я граў на кларнэце ў пераходзе на плошчы Перамогі, калі незнаёмая дзяўчына запрасіла мяне на зборны канцэрт «Мроі», «Новага неба» ды «Уліса» у Палацы культуры чыгуначнікаў — лепшых беларускіх рок-гуртоў таго часу. Там я зразумеў дзве рэчы. Першае — я закахаўся ў беларускую песню. Другое — трэба варушыцца, калі хачу патрапіць на сцэну.
Зміцер падаў заяўку на першы Конкурс нацыянальнай песні і паэзіі, які рабіла Беларускае тэлебачанне. Там Вайцюшкевіч выканаў песню «Спатканне» на вершы Аляксандра Лягчылава з рэпертуару ансамбля «Сябры» — гэта было першае з’яўленне Вайцюшкевіча на тэлеэкранах. Але аўтарытэтнае журы ў другі тур маладога спевака не прапусціла, палічыла «сырым».
Палац «Русалкі» (Рок-айленд, 1993 – рэп Вайцюшкевіча на 1:45)
— Увосень 1992 аднакурснік распавёў мне пра праслухоўванне ў гурт «Палац», які тады зваўся «Дворец кукурузных палочек». Гэта быў студэнцкі калектыў. Яны рыхтавалі дзве праграмы: беларускіх народных песень і джазава-эстрадную на тэму савецкіх часоў. У першай выдатна спяваў Алег Хаменка, а мяне ўзялі на другую, спяваць Уцёсава, — тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч. — Але раптам стрэліла менавіта першая, таму гурт пераназвалі ў «Палац» і наш джаз ніхто не пачуў. Я застаўся на бэк-вакале і духавых. Мой каронны номер быў, калі я выходзіў чытаць рэп на англійскай у песні «Русалкі». Зараз выглядае смешна, а тады гэта было неверагодна крута!
З таго часу змянілася шмат: Зміцер сыйшоў з гурта «Палац», прайшоў праз Kriwi, запісаў шмат сольных альбомаў. Але галоўнае засталося нязменным – любоў Вайцюшкевіча да беларускай песні.
Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»2 лістапада – КЗ «Мінск» – 19:00Квіткі: ад 20 да 28 рублёўПродаж: касы і сайт Kvitki.by, каса КЗ «Мінск»Інфалінія: (033) 661 14 32
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза