Званне культурнай сталіцы Беларусі афіцыйна перайшло да Брэста
Званне "Культурная сталіца Беларусі–2015" афіцыйна перайшло да Брэста. Цырымонія перадачы гораду сімвалаў рэспубліканскай акцыі адбылася 12 студзеня ў акадэмічным тэатры драмы ў час урачыстага закрыцця міжнароднага фестывалю класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
![000015_00000074989.jpg 000015_00000074989.jpg](/img/v1/news/full/000015_00000074989.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці абласнога цэнтра, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Брэсце. Сярод ганаровых гасцей была і дэлегацыя з культурнай сталіцы 2014 года Гродна на чале са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем. З прысваеннем Брэсту статусу культурнай сталіцы Беларусі 2015 года брастаўчан павіншаваў міністр культуры Барыс Святлоў. Ён уручыў старшыні гарвыканкама Аляксандру Рагачуку адпаведны сертыфікат і сімвалічную шкляную статуэтку з выявай бусла і герба Брэста.
Брэст стаў шостай культурнай сталіцай года Беларусі. У розныя гады ганаровага тытула былі ўдастоены Полацк, Гомель, Нясвіж, Магілёў. На высокім арганізацыйным і мастацкім узроўні, паводле слоў
міністра, рэспубліканская акцыя была праведзена ў Гродне. ""Упэўнены, што асноўныя задачы акцыі: актывізацыя творчай ініцыятывы і мастацкага жыцця, прэзентацыя культурнай самабытнасці
і павышэнне турыстычнай прывабнасці рэгіёна — будуць паспяхова выкананы", — падвёў вынік Барыс Святлоў.
Мэр Брэста ў сваю чаргу адзначыў, што дзякуючы цудоўнай ініцыятыве Міністэрства культуры ў кожнага горада Беларусі ёсць шанц хаця б на адзін год стаць сталіцай. "Нас чакае не толькі шмат
падзей і мерапрыемстваў, але і вялікая работа. Мы зробім усё, каб утрымаць планку на вышыні, узятай гродзенцамі, і пастараемся зрабіць яшчэ лепш. Я мару, каб Брэст быў не толькі культурнай, але і
інвестыцыйнай, будаўнічай, прамысловай, спартыўнай сталіцай. Але самае галоўнае, каб кожны брастаўчанін адчуў сябе культурным чалавекам, быў патрыётам", — падкрэсліў Аляксандр
Рагачук.
У Брэсце на 2015 год запланавана правядзенне не менш як 150 арыгінальных рэспубліканскіх і рэгіянальных творчых праектаў, акцый, форумаў, у першую чаргу — да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Паводле belta.by