Звольненыя гродзенскія гісторыкі выдалі ў Польшчы часопіс

У першы нумар "Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў" увайшлі тэксты, якія закранаюць пераважна гісторыю ХІХ–ХХ стагоддзяў. Праўда, ёсць і самыя сучасныя праблемы.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org


14 лістапада ў Гродне адбылася прэзентацыя першага нумара новага навуковага гістарычнага выдання — "Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў", перадае Радыё "Свабода". За выданне новага часопіса ўзяліся беларускія навукоўцы пры Варшаўскім універсітэце.
Рэдактар "Гадавіка" Генадзь Семянчук распавёў, што вакол часопіса згуртаваліся пераважна былыя выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, звольненыя па палітычных матывах. Адмыслова для іх пры Варшаўскім універсітэце быў створаны Цэнтр беларускіх студыяў, куды былі прынятыя больш за дзесяць чалавек.
Плануецца, што большасць тэкстаў у часопісе будуць займаць вынікі навуковых даследаванняў сябраў Цэнтра беларускіх студыяў пры Варшаўскім унівэрсытэце. Таксама ў часопісе будуць госці, абавязкова маладыя навукоўцы.
Па словах Семенчука, выданне будзе пераважна займацца беларускай гістарыяграфіяй, а таксама беларуска-польскай гістарычнай праблематыкай і дачыненнямі.
У першы нумар "Гадавіка" ўвайшлі тэксты, якія закранаюць пераважна гісторыю ХІХ–ХХ стагоддзяў. Праўда, ёсць і самыя сучасныя праблемы. Напрыклад, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі апублікаваў аналіз рэакцыі беларускага грамадства на падзеі ва Украіне.
Тэксты ў часопісе будуць друкавацца на адной з трох моваў — беларускай, польскай ці англійскай.
euroradio.fm