954-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: «бавоўна» ў Расіі — УСУ атакавалі нафтабазу пад Варонежам

Расія захапіла Вугледар і працягвае набліжацца да Пакроўска. Пакроўскі і Курахоўскі кірункі застаюцца самымі напружанымі на лініі фронту.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Расійскія войскі не маюць дастатковай колькасці жывой сілы і тэхнікі, каб працягваць інтэнсіўнае наступленне. Бягучыя наступальныя аперацыі на ўсходзе Украіны, верагодна, дасягнулі кульмінацыі на працягу бліжэйшых месяцаў, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Расійскія наступальныя дзеянні на ўсходзе Украіны, якія пачаліся восенню 2023 года, працягваюць прыводзіць да паступовых тактычных поспехаў на асобных участках фронту, але аператыўна значныя поспехі, верагодна, і ў далейшым будуць выслізгваць ад расійскіх сіл. 

Украінскія войскі вядуць эфектыўную абарону ў глыбіні лініі фронту, наносячы значныя страты расійскім войскам, павольна здаючы пазіцыі, але не даючы расійскім вайскоўцам дасягнуць хуткіх поспехаў на полі бою. Украінскія войскі сутыкаюцца з сур'ёзнымі аператыўнымі выклікамі і абмежаваннямі, якія даюць расійскім войскам магчымасці для дасягнення тактычна значных поспехаў.

Расійскія войскі нядаўна дасягнулі заўважных тактычных поспехаў, але не прадэманстравалі здольнасці захапіць аператыўна важныя аб'екты. ISW адрознівае тактычныя поспехі, якія маюць значэнне на тактычным узроўні вайны ў непасрэднай блізкасці ад месца баявых дзеянняў, і аператыўныя поспехі, якія з'яўляюцца важнымі на аператыўным узроўні вайны і ўплываюць на вялікія ўчасткі ўсёй лініі фронту. 

Паводле стану на 1 кастрычніка, расійскія войскі захапілі Вугледар на захадзе Данецкай вобласці, і, верагодна, гэты населены пункт прадаставіць расійскім войскам найлепшую тактычную пазіцыю для працягу іх аператыўных намаганняў, накіраваных на прасоўванне да трасы Н-15 (Данецк — Запарожжа) і ліквідацыю шырокага ўкраінскага выступу на захадзе Данецкай вобласці. 

Захоп расійскімі войскамі Вугледара сам па сабе радыкальна не зменіць аператыўную сітуацыю на захадзе Данецкай вобласці, і расійскія войскі, верагодна, будуць спрабаваць дасягнуць сваіх аператыўных мэтаў у гэтым раёне падчас наступальнай аперацыі на захадзе Данецкай вобласці.  Расійскія наступальныя аперацыі, якія маюць аператыўна важныя мэты, такія як спроба захопу Часавага Яра або выцясненне ўкраінскіх войскаў з левага (усходняга) берага ракі Аскол, альбо зайшлі ў тупік, альбо дасягаюць поспеху вельмі павольна і на працягу доўгага перыяду часу, адпаведна. 

Расійскія войскі працягваюць аддаваць прыярытэт наступу на Пакроўск, і аператыўнае значэнне захопу горада, імаверна, часткова будзе залежаць ад здольнасці расійскіх вайскоўцаў выкарыстоўваць яго ў больш шырокім аператыўным манеўры ў Данецкай вобласці.

***

NATO не будзе перахопліваць ракеты і беспілотнікі над Украінай так, як робіць гэта над Ізраілем, таму што гэта «два вельмі розныя ландшафты і полі бою» і гэта было б «уцягваннем ЗША ў вайну», заявіла намесніца спікера Пентагона Сабрына Сінгх на брыфінгу.

«Мы гаворым пра два вельмі розныя ландшафты і полі бою. Прэзідэнт у самым пачатку, калі Расія ўварвалася ва Украіну, даручыў дэпартаменту забяспечыць Украіну тым, што ёй трэба на полі бою».

Прэс-сакратарка Пентагона падкрэсліла, што Украіна вельмі паспяхова выкарыстоўвае сродкі супрацьпаветранай абароны і іншыя магчымасці, каб працягваць адваёўваць сваю тэрыторыю. 

Яна таксама паведаміла пра размову кіраўніка Пентагона Лойда Осціна з міністрам абароны Украіны Рустэмам Умеравым: каб атрымаць апошнюю інфармацыю з поля бою, каб лепш зразумець, якія яшчэ сілы і сродкі могуць спатрэбіцца Украіне.

Сінгх падкрэсліла, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн узяў на сябе абавязацельства, што Злучаныя Штаты не ўступаюць ва Украіну, але падтрымліваюць Украіну ў яе намаганнях вярнуць сваю суверэнную тэрыторыю.

На пытанне, ці збіванне паветраных цэляў з польскай або румынскай тэрыторыі таксама б лічылася ўварваннем, Сінг пацвердзіла, што «гэта было б уцягваннем нас у вайну іншым спосабам». 

Яна таксама адзначыла, што Украіна змагла «паспяхова абараніцца ад расійскіх удараў па сваіх гарадах, па насельніцтве, па інфраструктуры». 

І дадала, што ЗША будуць працягваць аказваць Украіне неабходную для гэтага падтрымку.

***

Паводле інфармацыі «Bloomberg», Еўрапейскі Саюз плануе ўвесці пакет санкцый супраць Ірана за пастаўкі Расіі балістычных ракет.

Паводле слоў суразмоўцаў выдання, першы пакет мер закране каля дзясятка фізічных і юрыдычных асоб, уключаючы машынабудаўнічыя, металургічныя і авіяцыйныя кампаніі.

Абмежаванні з боку ЕС будуць першым адказам на прадастаўленне ракет, і цяпер разглядаюцца дадатковыя спісы, адзначылі суразмоўцы журналістаў.

Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што асобна ЗША заявілі, што ўвядуць санкцыі супраць Ірана за яго нядаўні ўдар па Ізраілі і хочуць, каб хаўруснікі паступілі гэтак жа.

***

Кіраўнік Пакроўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Дабракрасказаў, што войска РФ знаходзіцца за 7 кіламетраў ад ускраін горада з аднаго боку, у горадзе пашкоджана 80% крытычнай інфраструктуры.

«Толькі за ўчора было два абстрэлы. Гэта шэсць КАБаў. У 10:30 білі па цэнтры горада, на жаль, у нас чацвёра параненых — двое за першы абстрэл. І ў 23:00 таксама было тры КАБы і таксама былі параненыя. Гэта грамадзянская інфраструктура, як заўсёды, крытычная інфраструктура, ужо амаль яе няма. Там амаль на 80% пашкоджана або разбурана. Вораг пакідае нас без святла, без вады, без газу. "Рыхтуюць" нас да зімы».

Дабрак расказаў, што акупанты пакінулі без святла больш за 10 населеных пунктаў грамады.

Нягледзячы на гэта, паводле яго слоў, у Пакроўску застаецца 13 050 чалавек, сярод іх 94 — дзеці.

«Я дзякую ўсім нашым гараджанам, якія прыслухаліся і эвакуяваліся. Яшчэ паўтара месяца таму ў горадзе было 48 тысяч чалавек і амаль 5900 дзяцей. Гэта значыць, мы бачым дынаміку, але эвакуацыя працягваецца», — адзначыў кіраўнік Пакроўскай гарадской ваеннай адміністрацыі.

Пакроўскі кірунак цяпер з'яўляецца адным з самых гарачых на фронце. Штодня там адбываюцца дзясяткі баявых сутыкненняў.

Паводле стану на 4 верасня, у прыфрантавым горадзе Пакроўск Данецкай вобласці, куды рвуцца акупацыйныя войскі, заставалася каля 26 тысяч чалавек, у тым ліку 1076 дзяцей.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 142 баявыя сутыкненні, больш актыўна за ўсё расійскія войскі атакуюць на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ. 

У ноч на 4 кастрычніка Расія атакавала аб'екты крытычнай інфраструктуры Украіны 19-цю дронамі-камікадзэ, у выніку супрацьпаветранага бою было збіта 9 БпЛА, яшчэ 7 нейтралізавала РЭБ.

Вораг выпусціў 19 ударных БПЛА тыпу «Shahed» з расійскіх раёнаў Прыморска-Ахтарска і Курска, а таксама з мыса Чаўда ў часова акупаваным Крыме.

9 дронаў праціўніка збіла супрацьпаветраная абарона УСУ ў Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай і Херсонскай абласцях.

7 варожых беспілотнікаў былі лакальна страчаныя, верагодна ў выніку процідзеяння РЭБ. Адзначаецца, што інфармацыя пра разбурэнні і пацярпелых не паступала.

Таксама за мінулыя суткі сілы абароны абясшкодзілі 1 230 расійскіх захопнікаў і 288 адзінак варожай тэхнікі. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 04.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 657 940 (+1 230) чалавек;
  • танкаў — 8 908 (+15) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 17 627 (+31) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 18 965 (+59) адз.;
  • РСЗА — 1 212 (+8) адз.;
  • сродкаў СПА — 965 (+1) адз.;
  • самалётаў — 368 (+0) адз.;
  • верталётаў — 328 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню —16 494 (+101) адз.;
  • крылатых ракет — 2 613 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 25 820 (+70) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 333 (+3) адз.

***

Ноччу і раніцай расійцы здзейснілі 14 абстрэлаў памежных тэрыторый і населеных пунктаў Сумскай вобласці. У выніку атакі пацярпеў адзін чалавек, паведамляе Сумская АВА.

Мясцовыя ўлады зафіксавалі 28 выбухаў:

  • Сумская грамада: войска РФ атакавала тэрыторыю, выкарыстоўваючы БПЛА тыпу «Герань-2» (1 выбух), у выніку чаго пацярпеў 1 грамадзянскі чалавек.
  • Хоцінская грамада: зафіксавана тры выбухі ў выніку пускаў КАБ.
  • Белапольская грамада: ажыццёўлена чатыры пускі КАБ.
  • Шалыгінская грамада: вораг абстрэльваў з артылерыі (8 выбухаў) і мінамётаў (8 выбухаў).
  • Глухоўская грамада: зафіксавана тры выбухі праз атаку КАБ.
  • Мікалаеўская грамада: вораг зрабіў адзін пуск КАБ (1 выбух).

***

Расійскія захопнікі атакавалі беспілотнікамі Кіраваградскую вобласць — пашкодзілі адміністрацыйны будынак аднаго з прадпрыемстваў і паранілі мужчыну, напісаў кіраўнік рэгіёна Андрэй Райковіч у Telegram.

«Чарговая варожая дронавая атака не абышла Кіраваградчыну. У Галаванёўскім раёне пашкоджаны адмінбудынак аднаго з прадпрыемстваў. Лёгкія траўмы атрымаў работнік прадпрыемства».

***

У выніку расійскага абстрэлу ў ноч на 4 кастрычніка Белазёркі Херсонскай вобласці загінуў мужчына, яшчэ два чалавекі атрымалі раненні, паведаміў старшыня Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін у Telegram.

«Уначы расійскае войска з артылерыі ўдарыла па Белазёрцы. На жаль, у выніку абстрэлу смяротныя раненні атрымаў мужчына 1995 года нараджэння».

Кіраўнік рэгіёна выказаў спачуванні родным і блізкім загінулага.

***

Сілы абароны Украіны атакавалі базу гаруча-змазачных матэрыялаў «Ананефтепродукт» у Варонежскай вобласці РФ. У выніку пападання ў адзін з рэзервуараў пачаўся пажар, паведамляе Генеральны штаб УСУ.

«У раёне аб'екта фіксавалася праца расійскага СПА. Пацверджана пападанне ў прынамсі адзін з вертыкальных рэзервуараў. Адбылося ўзгаранне».

Паведамляецца, што аперацыю паспяхова выканалі сілы і сродкі Службы бяспекі Украіны ў супрацоўніцтве з іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны. Цяпер ідзе ўдакладненне вынікаў паражэння.

Паведамляецца, што на гэтай нафтабазе размяшчалася 20 рэзервуараў з палівам. Мясцовыя жыхары пісалі пра пяць магутных прылётаў дронаў, пасля якіх пачаўся моцны пажар.

***

Раніцай 4 кастрычніка 2024 года ў Энергадары выбухнуў аўтамабіль, у якім знаходзіўся ваенны злачынец і калабарант Андрэй Кароткі, датычны да рэпрэсій украінцаў на акупаванай Запарожскай атамнай электрастанцыі, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны.

У ГУР паведамілі, што інцыдэнт адбыўся 4 кастрычніка каля 7:00 раніцы, калі ў Энергадары выбухнуў аўтамабіль, у якім знаходзіўся Кароткі.

Пасля акупацыі ЗАЭС ён добраахвотна пайшоў на супрацоўніцтва з расійскімі захопнікамі, падаючы ім спісы работнікаў станцыі з персанальнымі данымі, паказаўшы на тых, хто меў праўкраінскія погляды. 

Ён таксама ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць персаналу станцыі і ваенных злачынствах супраць мірных жыхароў Энергадара.

«Удзельнічаў у рэпрэсіях персаналу атамнай электрастанцыі, ваенных злачынствах супраць грамадзянскіх асоб часова акупаванага Энергадара.

Пастаянна арганізоўваў мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку расійскай акупацыйнай арміі. Як сябра партыі Пуціна "Адзіная Расія" ўзначальваў у Энергадары так званы "савет дэпутатаў"», — гаворыцца ў паведамленні ГУР Украіны.

***

На гэтым тыдні Украіна прызнала страту Вугледара ў Данецкай вобласці. Пакуль немагчыма нават прыкладна ўстанавіць агульную колькасць расійцаў, якія загінулі падчас штурму гэтага горада, які Расія спрабавала захапіць з пачатку вайны. Але аналіз «Бі-бі-сі» паказаў, што толькі 155-я і 40-я брыгады марской пяхоты маглі страціць пад Вугледарам больш за 2100 чалавек — з улікам цяжкапараненых, загінулых і зніклых без вестак. Гэта 40% даваеннай колькасці гэтых двух падраздзяленняў.

***

У Дарніцкім раёне Кіева, як мяркуецца, у выніку падзення абломкаў збітага расійскага беспілотніка пацярпела адна з кватэр жылога дома, паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.

Паводле яго, на балконе кватэры ўзнік пажар, які ўжо патушылі.

«Падчас збівання варожага БПЛА выбіла металапластыкавую раму на восьмым паверсе 16-павярховага дома. Пацярпелых няма. Узгаранне аператыўна ліквідавалі», — напісаў ён у «Тэлеграме».

***

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 493 удары па 10 населеных пунктах Запарожскай вобласці, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.

«Войскі РФ ажыццявілі пяць авіяцыйных удараў па Белагор'і і Успенаўцы. 288 БПЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Лабковае, Гуляйполе, Новаандрэеўку, Новаданілаўку, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку і Ляваднае. Пяць абстрэлаў з РСЗА накрылі Новаданілаўку і Новаандрэеўку. 195 артабстрэлаў нанесеныя па тэрыторыі Лабковага, Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Новаданілаўкі, Рабоціна, Малой Такмачкі, Малінаўкі і Ляваднага», — напісаў ён у «Тэлеграме».

Паводле яго звестак, за суткі паступіла 43 паведамленні пра разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры. Мірныя жыхары не пацярпелі.

***

Расійскія сродкі СПА мінулай ноччу збілі 18 украінскіх беспілотнікаў, паведамляе Мінабароны Расіі.

Паводле звестак ведамства, дроны збілі над Белгародскай, Варонежскай і Растоўскай абласцямі, а таксама над Азоўскім морам.

«Дзяжурнымі сродкамі СПА знішчаныя і перахопленыя 18 украінскіх БПЛА самалётнага тыпу. Над тэрыторыяй Белгародскай вобласці знішчана 6 БПЛА, над тэрыторыяй Варонежскай вобласці знішчана і перахоплена 6 БПЛА, 5 БПЛА знішчаныя над акваторыяй Азоўскага мора і адзін — над тэрыторыяй Растоўскай вобласці», — дадалі ў ведамстве.